Красавік у ТБК Літвы

У таварыстве беларускай культуры ў Літве красавік быў насычаны на падзеі. У пачатку красавіка Таварыства адзначыла 25-годдзе сваёй дзейнасці.

Акрамя ўзгаданага юбілею ў Таварыстве ўзгадалі наступныя падзеі: 15 гадоў з дня смерці Генадзя Карпенкі, чарговыя ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы, 70-годдзе з дня смерці ксяндза-доктара Ільдэфонса Бобіча, вядомага таксама як і беларускі пісьменнік Пётра Просты.

Пра Генадзя Карпенку распавёў сябра Таварыства Кастусь Манкус. У сваім дакладзе ён зазначыў:

“Мінула ўжо больш за 15 гадоў, як пайшоў з жыцця выбітны палітык, навуковец, грамадзянін Генадзь Карпенка. Ён быў паспяховым ва ўсіх сферах, дзе працаваў: у навуцы, кіраўніком прадпрыемства, дэпутатам, кіраўніком горада.

Карпенка нарадзіўся у Мінску, але менавіта ў Маладзечна пачалася яго даволі паспяховая палітычныя кар'ера. Напрыканцы 80-х гадоў ён становіцца дырэктарам Маладзечанскага заводу парашковай металургіі.  У 1990 годзе ён быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га склікання. Там ён становіцца кіраўніком камісіі па навуцы і тэхнічным прагрэсе. І гэта не дзіўна, бо Карпенка абараніў доктарскую дысертацыю па тэхналогіі матэрыялаў, быў аўтарам больш за 100 навуковых прац, 40 вынаходніцтваў. Пазней у 1994 годзе ён стане членам-карэспандэнтам Акадэміі Навук Беларусі.

У 1991 годзе яго прызначаюць кіраўніком Маладзечанскага гарвыканкаму. Але ўсе жыхары і дагэтуль яго называюць мэрам. Вы наўрад ці знойдзеце маладзечанца, які б не памятаў пра Генадзя Дзмітрыевіча альбо не чуў выраз “горад сонца”. Ён быў мэрам усяго некалькі гадоў, але паспеў зрабіць вельмі шмат для горада. Па-першае, гэта вялікія эканамічныя рэформы, Маладзечна становіцца горадам прадпрымальнікаў, бізнэсоўцаў. Шмат мінчукоў на выходныя прыязджалі ў Маладзечна, каб набыць па больш прывабных коштах спажывецкія тавары.

У 1993 годзе праводзіцца першы музычны фестваль у Маладзечна. Ён быў цалкам фінансаваны прадпрымальнікамі гораду. Фестываль становіцца сапраўды народным святам, у першыя гады правядзення быў не менш папулярны за Славянскі базар у Віцебску. Пры ўдзеле мэра ствараецца і тэатральны фестываль, аднаўляецца футбольны клуб.

Шмат Генадзь Карпенка зрабіў у справе беларушчыны. Большасць савецкіх тапанімічных назваў назаўсёды знікла з мапы гораду. Галоўны праспект мае назву Вялікі Гасцінец. Вы не знойдзеце вуліцы Леніна, Савецкай, Камуністычнай. Але вока будуць цешыць вуліцы Забэйды-Суміцкага, Ясінскага, Грамадоўская, Віленская, Вольная, Коласа, Купалы і г.д. Пры непасрэдным удзеле Генадзя Карпенкі 25 сакавіка 1993 года быў адкрыты помнік “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі”. Помнік быў асвечаны праваслаўным, каталіцкім і ўніяцкім святарамі, а таксама аздоблены крыжом  Еўфрасініі Полацкай. На жаль, у 2011 годзе помнік быў перанесены ў іншае месца, што выклікала незадаволенасць сярод святароў і жыхароў горада.

Карпенка меў прэзідэнцкія амбіцыі ў 1994 годзе. Але, на жаль, не атрымаў дастатковай падтрымкі ад аднапартыйцаў. У 1995 быў ізноў абраны дэпутат Вярхоўнага Савету, быў адным з кіраўнікоў спробы імпічменту Лукашэнкі. Перад 1999 годам ён называўся адным з верагодных кандыдатаў на альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах, быў даволі вядомым і папулярным палітыкам. Але 31 сакавіка 1999 года пры дзіўных абставінах Карпенка трапляе ў бальніцу, дзе пазней і памірае. Яго смерць стала сапраўды нечаканасцю для паплечнікаў, бо Карпенка ніколі не скардзіўся на здароўе. Яшчэ больш сумненняў у натуральных прычынах смерці Геназя Дзмітрыевіча выклікала знікненне праз некаторы час яго паплечнікаў: Ю.Захаранкі і В.Ганчара.

Генадзь Карпенка быў сапраўдным сынам сваёй Бацькаўшчыны. Ён шмат зрабіў для Маладзечна ў асобнасці і для Беларусі ў цэлым. Ён паспяхова рабіў эканамічныя, культурныя, палітычныя рэформы. На жаль, такі выбітны палітык рана сышоў з жыцця, не дачакаўшыся па сапраўднаму беларускай дэмакратычный краіны”.

Пра ўгодкі Чарнобыльскай катасрофы распавёў сябра Рады ТБК Артур Яўмен:

“У гэтым месяцы спаўняецца 28 гадоў Чарнобыльскай катастрофы - радыяцыйнай аварыі, што адбылася 26 красавіка 1986 года на тэрыторыі Украінскай ССР (цяпер Украіна). Выбух і наступны пажар спрычынілі масавы выкід радыёактыўных рэчываў у атмасферу, якія распаўсюдзіліся на большую частку Еўропы і сягнулі нават берагоў Японіі. У працы па стрымліванні радыёактыўнага забруджвання і прадухіленні шырэйшай катастрофы было задзейнічана больш за 500 000 працоўных і каля 18 млрд рублёў, што стала моцным ударам па эканоміцы СССР.

Існуе меркаванне, што аварыя адбылася падчас выпрабаванняў абсталявання на чацвёртым рэактары Чарнобыльскай атамнай станцыі. Раптоўны выкід атамнай энэргіі, наступная за ім спроба аварыйнага адключэння рэактара і паўторнае павышэнне магутнасці спрычынілі пашкоджанне гермэтычнай абалонкі, што выклікала серыю выбухаў. У выніку гэтых здарэнняў агаліліся графітавыя стрыжні, якія пры кантакце з паветрам пачалі распякацца. Запачаткаваныя ад выбуху клубы дыму ўтварылі насычанае радыёактыўнае воблака, якое перамясцілася над вялікшаю часткай СССР і Еўропы. Паводле афіцыйных паслясавецкіх звестак, каля 60% радыёактыўных ападкаў аселі на тэрыторыі Беларусі (забруджана звыш 130 тысячаў квадратных кіламетраў земляў).У зоне радыёактыўнага забруджвання апынулася больш за 3600 населеных пунктаў, у тым ліку 27 гарадоў, у якіх пражывалі 2,2 млн. асобаў — каля пятай часткі ўсяго насельніцтва Беларусі. Радыёактыўныя рэчывы распаўсюджваліся ў выглядзе аэразоляў, якія паступова асядалі на паверхню зямлі. Высакародныя газы рассеяліся ў атмасферы і не забруджвалі прылеглых да станцыі рэгіёнаў. Забруджванне было вельмі нераўнамерным, яно залежала ад кірунку ветру ў першыя дні пасля аварыі. Наймацней забруджваліся вобласці, у якіх у гэты час прайшлі дажджы.

У гарадох асноўная частка небяспечных рэчываў назапашвалася на роўных участках паверхні: на лужках, дарогах, дахах. У сельскагаспадарчых абласцях у першыя месяцы радыёактыўныя рэчывы адкладаліся на лістоце і на траве, таму забруджванне пераходзіла на траваядных жывёлаў. Затым радыёнукліды разам з дажджом або апалым лісцем трапілі ў глебу, і цяпер яны шырацца праз сельскагаспадарчыя культуры, у асноўным праз каранёвую сістэму. Значнае забруджванне атрымалі лясы. Праз тое, што ў лясной экасістэме цэзій стала рэцыркулюе, а не выводзіцца з яе, узроўні забруджвання лясных прадуктаў, такіх як грыбы, ягады і дзічына, застаюцца небяспечнымі. Праз павышэнне радыяцыйнага фону давялося адсяліць шэраг вёсак па-за 30-кіламетровай зонай адчужэння (у Гомельскай і Магілёўскай абласцях Беларусі і Бранскай вобласці Расіі).

Праз свядомае замоўчванне ўладамі факту катастрофы насельніцтва не здолела ні быць абароненымі, ні абараніцца ад радыяцыйнага ўплыву самастойна. На першым этапе ўлады эвакуявалі жыхароў найбліжэйшага арэалу вакол Чарнобыля, аднак астатняе насельніцтва нават не было папярэджанае аб небяспецы і аб мерах перасцярогі. Усяго праз 5 дзён пасля катастрофы, 1 траўня 1986 года, грамаду вялікіх і малых гарадоў заклікалі выйсці на першамайскія святкаванні. Чарнобыль увайшоў у гісторыю не толькі як сімвал недасканаласці і прагніласці сыстэмы, але й як суворае папярэджанне ўсяму чалавецтву. Ён вынес яшчэ адну важную ісціну – неабходнасць праўдзівага інфармавання насельніцтва. Як паказала Чарнобыльская катастрофа, фальсіфікацыя фактаў і ўтойванне праўдзівай інфармацыі могуць паставіць пад пагрозу жыцці мільёнаў людзей. Многія эксперты пагаджаюцца, што аварыя на ЧАЭС стала чарговым цвіком у труну савецкай імпэрыі”.

Таксама на мерапрыемстве гаварылася і пра кс. Ільдэфонса Бобіча:

“Ільдэфонс Бобіч. Магістар Святой Тэалогіі, доктар філасофіі, празаік, публіцыст, перакладчык... У літаратуры ён быў вядомы як пісьменнік Пётра Просты. Але найперш ён быў святаром, адданым беларускай справе, увядзенню роднага слова ў касцёле. На жаль, і сёння ў Беларусі бальшыні нічога не гаворыць ягонае імя, а між тым ягоная асоба заслугоўвае ўвагі, яго бібліяграфія налічвае 214 твораў. Хаця ў афіцыйнай біяграфіі, уключанай у пяцітомную энцыклапедыю “Беларускія пісьменнікі“, яна звужаная і налічвае толькі 14 назваў (Беларускія пісьменнікі, 1995). Цікава, ці няведанне творчасці Пётры Простага, ці свядомае ўразанне?!

Будучы яшчэ клерыкам, належаў да беларускага гуртка ў Віленскай духоўнай семінарыі, цікавіўся беларускім адраджэннем і ўжо ў 1912 г. пачаў пісаць першыя артыкулы на рэлігійныя і грамадскія тэмы. Літаратурны дэбют Пётры Простага адбыўся 25 студзеня 1907 г., калі ў газеце “Наша ніва“ было надрукаванае яго першае апавяданне “Слёзы“.

Нарадзіўся Ілэдэфонс Бобіч 22 студзеня 1890 г. у небагатай сялянскай сям’і ў вёсцы Дзедзіна Дзісенскага павета Віленскай губерні. Цікава адзначыць той факт, што з гэтай вёскі Дзедзіна выйшаў і другі беларускі каталіцкі дзеяч – біскуп Чэслаў Сіповіч, апостальскі візітатар беларускіх грэка-католікаў за мяжой (Надсан, 2004, 7). Бобіч навучаўся ў Ковенскай гімназіі, якую скончыў у 1909 г. і ў гэтым жа годзе паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, дзе адразу ж праявіў сябе здольным навучэнцам. Кіраўніцтва семінарыі накіроўвае яго на далейшае навучанне ў Рым, дзе ён прабывае з 1911 па 1913 гг. Там Бобіч знаёміцца з рымскім Папам Піем Х, распавядае яму аб беларусах і іх праблемах і атрымоўвае блаславенне на выданне першай беларускай каталіцкай газеты “Беларус“, якая выдавалася ў Вільні ў 1913-15 гг. (Найдзёнак, 1944, 2). Рэдактарам-выдаўцом газеты, якая друкавалася лацінкай, быў А. Бычкоўскі, а з №5 за 1914 г. – Б. Пачопка. Эпіграфам да ўсіх нумароў былі словы з Евангелля: “Шкада мне гэтага народу... бо не мае што есці”. Тады ў Вільні пад рэдактарствам Б. Пачопкі выйшаў у свет беларускі каталіцкі малітоўнік “Бог з намі“. У газеце “Беларус“ надзвычай часта змяшчаліся артыкулы Бобіча, пераважна на рэлігійныя тэмы.

25 ліпеня 1915 г. Ільдэфонс Бобіч у Мінску атрымаў святарскае пасвячэнне (ЛДГА ф. 604, воп. 1, сп. 7700, стар. 5). Гэта быў якраз той час, калі беларуская мова пачынала займаць належанае ёй месца ў храме, і малады святар не быў у баку. Першым ягоным месцам працы будзе родная парафія Ідолта. Ксёндз Адам Станкевіч у сваёй кнізе “Родная мова ў святыні“ ўзгадвае, што, працуючы ў Ідолце, ксёндз Бобіч паслугоўваўся беларускай мовай (Станкевіч, 1929, 124). Аб гэтым факце таксама ўзгадвае і біскуп Матулевіч у сваім дзённіку, калі да яго прыйшлі вернікі з Ідолцкай парафіі: “Прыйшлі да мяне тры пасланнікі з Ідолты. (...) Адзін з трох так-сяк гаварыў на ламанай польскай мове, але вельмі цяжка яму ішло, як мне па-беларуску. Астатнія два маўчалі. Бачачы, што яны сапраўдныя беларусы, папрасіў, каб размаўлялі „па просту“ – па-беларуску. Людзі зрабіліся як не свае, твары іх засвяціліся. Aказаліся разгаворлівымі, смелымі, вясёлымі. Выслухаў іх беды і праблемы. Даведаўся, што ксёндз Бобіч навучае іх катэхізму па-беларуску, а казанне кажа адно польскае, а другое беларускае. Запытаўся, як ім лепей, як яны лепш разумеюць. “Зразумела, што па-просту”. Сказаў ім, каб не саромеліся сваёй мовы, бо яна таксама Богам дадзеная, як і руская, польская, літоўская. (...) Кожнаму свая мова наймілейшая, і канец” (Matulaitis, 1991, 223-224).

З 1920 г. Бобіч служыць вікарыем архікафедральнага касцёла ў Вільні. У гэты час беларускім каталіцкім духавенствам праводзяцца шматлікія спробы па ўвядзенні беларускай мовы ў касцёлах на этнічных беларускіх землях. У той час польскі шавінізм яшчэ не меў той сілы і нахабнасці, як гэта будзе пазней. А таму роднае слова ў святыні ўсё шырэй і шырэй пачынала гучаць. Да таго ж беларускія католікі мелі і свайго абаронцу, віленскага біскупа Юрыя Матулевіча, які не толькі не супраціўляўся ўвядзенню беларускай мовы, але ўсяляк гэтаму садзейнічаў (аб чым адзін з прыкладаў прыведзены вышэй), што, канечне, выклікала моцны пратэст у польскага духавенства.

У 1921 г. у Вільні адбыўся з’езд беларускага каталіцкага духавенства. Сярод яго арганізатараў і актыўных удзельнікаў быў і кс. Бобіч, які выступіў з рэфератам аб беларускім рэлігійным выдавецтве. З’езд прыняў цэлы шэраг пастаноў, у якіх планавалася пашырэнне беларускага слова ў касцёле, да прыкладу, увесці беларускую мову як прадмет выкладання ў Віленскай духоўнай семінарыі, на пасаду біскупа-суфрагана прызначыць кагосці з беларускіх святароў... (Станкевіч, 1929, 130-131).

Неўзабаве пасля з’езду паўстала арганізацыя ксяндзоў-беларусаў “Светач”, якая тут жа была забаронена камісарам урада ў Вільні (Станкевіч, 1929, 131).

Працаваць вікарыем кафедры было надзвычай складана, трэба было увесь час знаходзіцца між молатам і накавальняй. Шавіністычна настроенае польскае духавенства, а яно ў той час тут складала большасць, не магло цярпець беларускага святара. І вось таму падцвярджэнне. Аднойчы пралат Байка звярнуўся да біскупа Матулевіча са словамі: “Калі Яго Эксцэленцыя не вышле ксяндза Бобіча з кафедры, то я сам выганю яго адтуль палкай”. Матулевіч на гэта, ведама, нічога не адказаў, што яшчэ больш разлавала Байку. Але пэўную перамогу ён атрымаў: пасля гэтага Бобіч усё ж такі перастаў у кафедры прамаўляць беларускія казанні (Bukowicz, Gуrski, 277). Але гэты факт ілюструе тое, што ў той час беларускія казанні ў Вільні былі гавораныя не толькі ў касцёле Святога Мікалая, але і ў кафедры. Адначасова са службай у кафедральным касцёле кс. І. Бобіч выкладаў у Віленскай духоўнай семінарыі і ў Віленскай беларускай гімназіі. Аб ім як выкладчыку цёпла ўспамінаў выпускнік гімназіі, вядомы беларускі дзеяч Мар’ян Пецюкевіч у сваёй кнізе “У пошуках зачараваных скарбаў“.

Але доўга знаходзіцца ў Вільні Бобіч не мог. І ў 1923 годзе яго пераводзяць у мястэчка Германавічы Дзісенскага павета (намінацыйны дэкрэт на пробашча за № 1444 ад 26 сакавіка 1923 г.) (ЛДГА ф. 604, воп. 1, сп. 7700, стар. 5), дзе ён будзе адначасна віцэ-дэканам, а пазней дэканам Мёрскага дэканата. Відаць, яго адмыслова накіравалі ў Богам забытую вясковаю парафію, ільвіную частку якой складалі неадукаваныя сяляне і якая знаходзілася на ўскрайках Польшчы і ўдалечыні ад гарадоў і дарог. Хутчэй за ўсё, каб яго, доктара філасофіі, прынізіць і каб ён не перашкаджаў паланізацыі Віленскага краю.

Але і там Бобіч працягвае займаца беларусізацыяй, гуртуе вакол сябе мясцовую моладзь. Прамаўляе казанні не толькі на беларускай, але і на літоўскай мовах, бо там яшчэ пражывала значная частка літоўцаў. Важна адзначыць той факт, што ў часе яго службы ў Германавіцкім касцёле частка парафіянаў яшчэ памятала аб сваіх каранях. У 1930 г. каля 15 % лічыла сябе беларусамі, а каля 10 % літоўцамі (ЛДГА ф. 604, воп. 1, сп. 7700, стар. 31). Пасля ж яго пераводу ў 1930 г. у іншую парафію ўсе гэтыя людзі запішуцца палякамі. Пры ім на тэрыторыі яго прыхода ў вялікай колькасці і бясплатна распаўсюджвалася беларуская каталіцкая газета “Беларуская крыніца”, супраць чаго адзін раз узбунтавалася прапольская частка парафіянаў, якая напісала скаргу Віленскаму архіепіскапу Ялбжыкоўскаму, каб той спыніў гэте “безабраззе“.

Станоўча Бобіч ставіўся і да адраджэння беларускай грэка-каталіцкай царквы. 6 жніўня 1926 г. у Германавіцкім касцёле ў яго прысутнасці ўніяцкім святаром Галомыльскай царквы Тэдорам Чыстоўскім было адпраўлена набажэнства ва ўсходнім стылі, што адразу выклікала рэзкі пратэст мясцовага праваслаўнага духавенства (ЛДЦА ф. 51, воп. 4, сп. 52, стар. 45).

На жаль, у гэты час Бобіч перастаў пісаць свае літаратурныя творы. Цяжка адназначна сказаць, што паўплывала на тое, каб са старонак друку знік цікавы аўтар Пётра Просты.

Нягледзячы на тое, што Ільдэфонс Бобіч знаходзіўся ў правінцыі, польскае духавенства працягвае яго праследаваць. І для пацвярджэння прывяду цытату ксяндза каноніка Бародзіча з ягонай кнігі, напісанай ў 1930 г.: “Калі ўваскросла Польшча, немцы ламалі галаву, каб убіць ёй такі клін, які змог бы яе расшчапіць. Змаглі паўплываць на Рым, а таксама на Літву, каб на польскіх крэсах завесці рускую унію. Апекуном такой уніі стаў біскуп Матулевіч, які з гэтай мэтай перацягнуў пад Друю вядомых рускіх агітатараў і шавіністаў, якія хочуць выгнаць польскасць з нашых крэсаў. Асабліва ў гэтым плане актыўна працуюць кс. Бобіч – Мёрскі дэкан, А. Зянкевіч – Глыбоцкі дэкан, А. Станкевіч – пасол у сойм у Вільні, В. Гадлеўскі з Жодзішак, Шутовіч з Барадзеніч і інш. Яны стварылі рэдакцыю “Беларускай крыніцы” і інш., перавялі і выдалі для народа шмат кніг, асабліва Бобіч, Станкевіч і Зянкевіч, заклалі пры кляштары ў Друі гімназію Сцяпана Баторыя. І ўся гэтая “суполка” пачала пераварочваць палякаў на беларусаў і ўніяцкі абрад...” (Надсан, 2006, 34-35).

У 1930 г. ксяндза Бобіча перавялі ў Іўе, дзе ён адначасна служыў дэканам Вішнеўскага дэканата. З пачаткам Другой сусветнай вайны актыўна ўлучаецца ў беларускі рух. У гэты час ён напісаў два тамы казанняў на беларускай мове: “Родная мова ў касцёле” і “Навучайце ўсе народы”. Планаваў напісаць яшчэ чатыры тамы, але нечаканы арышт гестапа перарваў усе яго планы (Маракоў, 2009, 59).

28 красавіка 1944 г. памёр, па іншых звестках быў растраляны гітлераўцамі, пахаваны на мясцовым могільніку.

Балюча, што імя гэтага таленавітага, аддадзенага Беларусі чалавека, так і невядомае сучаснікам. І больш – яго некаторыя абвінавачваюць у тым, што ён нібыта адышоў ад беларускасці і перайшоў на бок палякаў. Як гэта зрабіў у адной са сваіх кніг айцец Аляксандр Надсан. Але гэта не пацвярджаецца яго жыццём, якое сведчыць аб адваротным. У 1923 г. ксёндз доктар Ільдэфонс Бобіч выдаў працу ў трох тамах “Нядзельныя навукі і Евангелле”. Цэнзар кс. прафесар Крайяліс даў сваю згоду на друк кнігі, але сакратар біскупскай курыі кс. Халецкі яе забараніў. Толькі дзякуючы намаганням уплывовых людзей, а перадусім езуіта з Варшавы айца Шчапанскага, гэта кніга пабачыла свет (Станкевіч, 1929, 140). Ненадрукаванай засталася праца “Ойча наш”. Мало хто ведае і пісьменніка Пётру Простага. Між тым яго творы (апавяданні “Слёзы”, “У калядны ціхі вечар”, “Воля”, “Скарб”, “Абразкі” і інш.) атрымалі высокую ацэнку сучаснікаў. Да прыкладу, класік беларускай літаратуры Максім Баглановіч пісаў: “У аднаго толькі Пётры Простага ёсць праўдзівая здольнасць. Галоўная яго вартасць – у стройным развіцці дзеяння ды ў сціснутасці і гучнасці мовы, надзвычайна пекнай па свайму складу” (Найдзёнак, 1944, 2).

Пётра Просты быў аўтарам п’есы “Свякроўка”, якая так і засталася ненадрукаванай, кнігі “Навошта беларусам газеты”, якая пабачыла свет у 1913 г. Некаторыя яго празаічныя творы перакладзеныя на ўкраінскую мову. Сам жа ён перакладаў з рускай, польскай, лацінскай.

Асобнымі выданнямі на польскай мове выйшлі кнігі І. Бобіча: W ślady Maryi. Nauki majowe o obowiązkach chrześcijańskich, Krakуw 1927, ss.208; W szkole biedaczyny z Asyżu. Nauki dla tercjarzy franciszkańskich, Poznań1929, ss. 364; Pod znakiem Rożanca św.: 15 nauk dla kуł żywego Rуżańca, Kielce 1930, ss. 63; Na głębiach duszy. Nauki rekolekcyjne dla nauczycielstwa szkуł powszechnych, Poznań 1931, ss. 61; Na niedziele. Rozważania niedzielne na tle perykop ewangelicznych, Kielce1931, ss. 120; Wykład codziennego pacierza i katechizmu (w trzech tomach), Lwуw 1937; Służba Boża. 15 kazań liturgicznych o nabożeństwach parafialnych ze szczegуlniejszym uwzględnieniem obrzędуw Mszy św., Kielce 1935, ss. 180; Jezus Chrystus syn Boży: wykład Ewangelii św. Marka w 65 homiliach, Lwуw 1938, ss. 312 і іншыя.

Хочацца спадзявацца, што знойдуцца людзі, якія пажадаюць выдаць поўны збор твораў Ільдэфонса Бобіча. А можа, беларускім святарам прыдаліся б і ягоныя казанні?”