Беларусы Чэхіі адзначылі Дзень Волі

У нядзелю 23-га сакавіка, нягледзячы на дождж і холад, пражскія беларусы аддалі даніну традыцыі і сабраліся разам, каб адсвяткаваць Дзень Волі - 96-ю гадавіну ўтварэння першай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі.

Святкаванне пачалося аб 11-й гадзіне з багаслужбы айца Андруся Абламейкі ў царкве святых Кузьмы і Дзям'яна. Пасля гэтага беларусы сабраліся на Альшанскіх могілках і ўшанавалі памяць прэзідэнтаў Рады БНР Пётры Крэчэўскага, Васіля Захаркі і спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Айцец Андрусь правёў традыцыйную паніхіду, беларусы разам заспявалі малітву "Вечная памяць" і гімн "Магутны Божа".

Тым часам на беларускай клубоўні для ўсіх свядомых суайчыннікаў і іх сяброў рыхтавалася галоўная частка культурнай праграмы. Святочная імпрэза распачалася пачастункам і шчырай, светлай прамовай айца Андруся, які звярнуў увагу на скрадзеную ікону Бялынецкай Божай Маці, нагадаўшы беларусам пра тое, што Святы Дух усё роўна застаецца з намі, у гэтым памяшканні, ды ў нас саміх. Таму нам варта часцей збірацца разам ў гэтым асвечаным памяшканні, захоўваючы тым самым ягоную святасць! 

Сяргей Навумчык выступіў са сваёй прамовай і зачытаў зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы да беларусаў усяго свету з нагоды Дня Волі:

"Дарагія Суродзічы!

Зьвяртаюся да вас сёньня з трывогай на душы. Падзеі на Украіне паказалі сьвету да якой скрайнасьці асква гатовая пайсьці, каб вярнуць імпэрыю. Не зважаючы на законы міжнароднага сужыцьця, на міжнародныя - ёю падпісаныя - дагаворы і на аднагалоснае асуджэньне ўсяго сьвету, Расея напала на суседнюю дзяржаву пад выдуманым прэтэкстам небясьпекі, якая маўляў пагражае «рускамоўнаму» насельніцтву гэтае дзяржавы. У трыццатыя гады напад на суседнюю дзяржаву пад падобным прэтэкстам быў першым крокам да найстрашнейшай сусьветнай вайны, якую перажыло чалавецтва.

Для Беларусі, маскоўская агрэсія на Украіну асабліва трывожная. Бо калі сьвет адэкватна не зарэагуе, мы можам стацца наступнай ахвярай маскоўскага імпэрыялізму. Прэтэкст будзе той самы: рускамоўнае насельніцтва Беларусі.

Дарагія Суродзічы! У 96-я ўгодкі нашага слаўнага 25-га Сакавіка, дзякуючы якому Беларусь яшчэ жыве, заклікаю вас годна адзначыць гэты Дзень. Гэтым вы прыпомніце сьвету, што і вы хочаце быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, выказваю салідарнасьць з Украінскім народам і ягонымі \\героямі, якія сёньня змагаюцца супраць пуцінскай «імпэрыі зла». Не давайце рэжыму ўцягнуць вас у гэтую імпэрыю. Мы на баку цывілізаванага сьвету, а не дзікіх агрэсараў.

Дык слава Украіне ў змаганьні!

Жыве беларуская Беларусь!

Івонка Сурвілла Старшыня Рады БНР"

Чэшская сяброўка беларускай дыяспары Святлана Вранава прэзентавала беларусам іх гімн "Магутны Божа" ва ўласным перакладзе на чэшскую мову, які яна зрабіла, прыкладаючы максімальныя намаганні да таго, каб па-чэшску ён гучаў з тым жа імпэтам і перадаваў той жа настрой. Яна заспявала пад гітару абодва варыянты - і арыгінальны беларускі, і чэшскі. Акрамя таго Святлана распавяла пра беларускія кнігі, якія пераклала на чэшскую мову: "Залаты век Беларусі" Станіслава Акіньчыца і "Люблю Беларусь" Паўла Севярынца. Святлана займалася гэтымі перакладамі па сваёй ініцыятыве, бо, паводле яе словаў, пра Беларусь амаль нічога, ці прынамсі вельмі мала напісана па-чэшску. Пераклад кнігі "Люблю Беларусь" пакуль што чакае свайго выдання.

Працягваючы тэму гімнаў, мастацтвазнаўца з Украіны Аксана Пэлэньска распавяла беларусам гісторыю свайго роднага гімну. Ягоным аўтарам з'явіўся ўкраінскі этнограф, фалькларыст і паэт Павал Чубінскі, які напісаў увосень 1862 года патрыятычны верш «Ще не вмерла Україна», тэкст якога фактычна стаў нацыянальным гімнам яшчэ да таго, як Украіна стала незалежнай дзяржавай. За што і быў высланы пад паліцэйскі нагляд у Архангельскую губерню. Пазней каталіцкі святар Міхайла Вярбіцкі склаў для верша музыку.

Завяршальнай часткай праграмы прагучаў канцэрт Міхася Бараноўскага, лідара гурта "Нельга забыць". Міхась спяваў песні і чытаў вершы - уласныя і Уладзіміра Караткевіча. Некаторыя з выкананых песен былі таксама пакладзеныя на вершы Караткевіча, напрыклад, "Казка", "Роздум". Алесь Ясінскі экспромтам акампанаваў Міхасю на акардыёне, што выдатна і прафесійна здолеў. Сапраўдным "хітом" вечару стала песня "Твая свабода": 

Афрыканскія рытмы віруюць па венах, Абуджаючы нешта жывое ўнутры. І паветра трымціць, і гудуць вувузелы І зрываюцца спевы на крык.

Ты чакаў гэтай лавы спрадвечнага грому І, здавалася, нельга болей чакаць. Чуеш: неба на часткі ірвуць вувузелы І ў руцэ ад свабоды чэка.

Але! Але- але- але! Твая свабода ў тваёй галаве!

(Урывак)

Падчас канцэрту клубоўню наведала каля 50 чалавек. Арганізатары мерапрыемства - суполкі "Пагоня" і "Скарына". Асобная падзяка сп. Алене Ціхановіч!