Справаздаўча-выбарчая канферэнцыя ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве

8-га лютага 2014 г. у сядзібе ТБК адбыўся справаздачны сход сяброў таварыства.

Удзельнікі сходу мінутаю маўчання ўшанавалі памяць Міхася Жызнеўскага. 25-ці гадовы беларус загінуў 22-га студзеня 2014 г. у Кіеве на Майдане. Міхась апошнія гады жыў ва Украіне, быў чальцом украінскае арганізацыі УНА-УНСО. Мы, беларусы, ганарымся тым, што беларуская моладзь актыўна падтрымлівае тых украінцаў, якія дамагаюцца прагрэсіўных пераменаў. Беларус Міхась Жызнеўскі ахвяраваў сваё жыццё дзеля лепшай долі братэрскага народу. Яго гераічная смерць - гэта сведчанне братэрскіх адносінаў паміж нашымі народамі.

ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ ГЕРОЮ  БЕЛАРУСІ І УКРАІНЫ.

Справаздачны даклад Рады ТБК за 2012-2013 гг. зрабіў старшыня Рады спадар Хведар Нюнька. Увага ўдзельнікаў сходу была да тых спраў, якія не былі вырашаныя. Сярод такіх - ушанаванне памяці Кастуся Каліноўскага і Музей Івана Луцкевіча. Таварыствам беларускай культуры ў Літве быў зроблены шэраг зваротаў да кіраўніцтва адпаведных літоўскіх уладаў і да прэм'ер-міністра на дазвол устанавіць памятны знак на месцы ўмоўнага пахавання К.Каліноўскага на гары Гедыміна. Дазволу пакуль не атрымалі. Матывацыя адмовы - недастатковасць гістарычнага матэрыялу. Беларусам Вільні давядзецца прыкладаць далейшыя намаганні, каб пераканаць літоўскія ўлады, што годнае ўшанаванне памяці  кіраўніка паўстання 1863 г. на Літве і Беларусі Кастуся Каліноўскага патрэбнае абодвум нашым народам, і беларусам і літоўцам.

Удзельнікі сходу выказалі заклапочанасць фінансавымі праблемамі ўтрымання агульнай маёмасці таварыства - сядзібы на вуліцы Бролю 9-86. Шэраг апошніх гадоў выдаткі на сядзібу стала перавышаюць агульны прыбытак. Як засведчылі чальцы Рэвізійнай Камісіі, кожны год, каб выплаціць усе выдаткі, недастачу пакрывае (крэдытуе) старшыня ТБК сп. Х.Нюнька. Новаабранай Радзе патрэбна прысвяціць увагу гэтай праблеме і знайсці спосаб збалансавання выдаткаў і прыбыткаў.

На новы тэрмін абрана Рада ў складзе:

1. Адамковіч Алесь

2. Акуневіч Васіль

3. Балаховіч Крыстына

4. Карачун Зміцер

5. Нюнька Хведар

6. Радзюкевіч Валер

7. Сваяк Даніла

8. Трусаў Алесь

9. Яўмен Артур

На арганізацыйным паседжанні Рады сп. Хведар Нюнька адзінагалосна  абраны старшынёй  Рады.

Рэвізійная Камісія абрана ў складзе:

1. Віршычэне Вера

2. Кеўлічэне Галіна

3. Скарэне Таццяна

В.а. старшыні ТБК

Васіль Акуневіч

Вільня, 12 лютага 2014 года