Бізнэсмэн аддае шэсць офісаў і канфэрэнц-залу пад беларускія праекты

Андрэй Паддубскі, 38-гадовы мінчук і ўладальнік паспяховай транспартна-лагістычнай кампаніі «Фабеас», кажа, што беларуская мова — сакрэтная зброя нацыянальнага бізнэсу, а для культурніцкіх праектаў не шкада ніякіх грошай.

Паддубскі ўжо прафінансаваў выданне бестсэлера Глеба Лабадзенкі «Дзіцячая заМова», аўдыёвыданне «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра і шматлікія беларускія імпрэзы. «Ваярскі каляндар», які рабіўся як карпаратыўны каляндар ягонай кампаніі, цяпер можна купіць ва ўсіх кнігарнях, ён стаўся прыкметнай з'явай беларускага друку. «Беларуская прастора» Андрэя Паддубскага будзе працаваць па адрасе: Мінск, вуліца Скарыны, 12. «Калі пачалі будаваць гэтыя офісныя памяшканні як інвэстыцыйны праект, яшчэ не ведалі, як будзем выкарыстоўваць. Але недзе ў сярэдзіне будаўніцтва я ўжо зразумеў: гэта будзе не бізнэс, а культурніцкая пляцоўка, якая будзе працаваць на гонар, годнасць і беларускую справу. І грошы, прыбытак у гэтым праекце наагул не маюць аніякага сэнсу. Грошай павінна быць дастаткова, каб гэта самаакуплялася», — распавядае кіраўнік транспартна-лагістычнай кампаніі «Фабеас» Андрэй Паддубскі. Ужо цяпер вядома, што на Скарыны, 12 размесцяцца інтэрнэт-крама «Прастора.бай», выдавецтва «Паперус», два дзіцячыя праекты — тэатральны і адукацыйны, рыцарскі клуб «Явойт». Знойдзе тут прытулак і тэатральная ініцыятыва мастака Міколы Купавы. «Яны цяпер ставяць спектакль па Караткевічу „Каласы пад сярпом тваім“, — распавядае Андрэй, — і ім трэба месца для рэпетыцыяў. Для нас гонар іх прыняць». Канферэнц-залу пад беларускія праекты можна будзе арандаваць на ільготных умовах альбо атрымаць задарма — абы вашая праца была на карысць беларускай культуры. «Ідэя з'явілася неяк сама па сабе, — кажа Паддубскі. — Пачалося ўсё з майго знаёмства з Алесем Квіткевічам з інтэрнэт-крамы „Прастора.бай“. Я праз ягоны сайт замовіў кнігі. Ён іх асабіста як кур’ер даставіў, і мы яшчэ недзе гадзіну пасля з ім гаварылі». Так Квіткевіч уцягнуў Паддубскага «ў беларускасць». «Мы ж амаль усе дзеці Савецкага Саюзу, — тлумачыць Андрэй, які нарадзіўся ў 75-м годзе. — Усё было рускамоўнае, адукацыя ў тым ліку. І беларуская мова ўспрымалася як мова бабуляў і дзядуляў. Я ў Алесю Квіткевічу ўпершыню пабачыў маладога чалавека, які ўвесь час гаворыць па-беларуску». Андрэй распавядае, што калі стаў размаўляць па-беларуску, пачалі падцягвацца сябры. Але не адразу. Калісьці захацеў уладкаваць сына ў беларускамоўны садок у Фрунзенскім раёне. «Я прыйшоў да дырэктаркі, звяртаюся да яе па-беларуску, а яна спачатку са мною гаворыць, а пасля так: „Ну давайце ўжо па-руску“. Маўляў, хопіць ужо гэтага тэатру, у нас хоць і беларускамоўны садок, але ўсё адно ўсё па-руску. Адна паказуха».
Так выспявала патрэба рабіць беларускую прастору самому. Пачалі далучацца сябры. На базе кампаніі «Фабеас» утварылі «Клуб неабыякавых беларусаў». «Мы сустракаліся раз на квартал, але было больш гаворак. Людзі прыходзілі, каб выгаварыцца, паказаць сябе. Я гэта пасля ўжо зразумеў, — распавядае Паддубскі. — А праектаў з'явілася няшмат. Вось першы быў — падтрымалі «Прастора.бай» у выданьні аўдыёкніг Янкі Маўра „Палескія рабінзоны“ і „У краіне райскай птушкі“». Фірма Паддубскага з выпадковай назвай «Фабеас» можа сабе такое дазволіць. Назву «Беларуская прастора» надта арыгінальнай не назавеш. Нэймінг, відаць, не самы моцны бок Паддубскага. Дый «Фабеас» — назва выпадковая. Андрэй кажа, што калі пачаў рэгістраваць новую кампанію, то ў выканкаме тыя назвы, што яму падабаліся, ужо былі занятыя. Выбар «Фабеас» быў, як цяпер кажуць, рандомны. А вось бізнэс-інтуіцыя ў Паддубскага моцная, за «Беларускую прастору» можна быць спакойным і з такой назвай. Паддубскі — мінчук. Скончыў міжнародную эканоміку ў БДЭУ. Пасля год войска. Кар’еру пачынаў звычайным эканамістам. «Але я разумеў, што так я сваёй мары на той момант не дасягну. А мара была — мець уласнае жытло». І ў 2001-м заснаваў фірму па продажы кампутараў. Але грошай на сям’ю было недастаткова, таму Андрэй яшчэ працаваў фінансавым дырэктарам у транспартнай кампаніі.
«У 2006 годзе я пачаў прасоўваць ідэю, што трэба развіваць марскія перавозкі з Кітаем. На той момант іх не было, а суседнія Літва і Польшча ўжо гэтым карысталіся. І прадставіў свой бізнэс-план у кампаніі. Але асноўны акцыянер сказаў, што гэта падман, мары, мора ў нас няма, таму мы гэта развіваць не будзем». Паддубскі з кампаніі звольніўся і стаў сваю ідэю ажыццяўляць сам. Сціпла кажа: пашанцавала. «Калі я пачаў гэтым займацца, пазнаёміўся з двума літоўцамі, якія мне ўсё дасканала распавялі. Мабыць, я быў першы, хто так дасканала гэта распавядаў кліентам. І таму гэта мела шалёны попыт». Цяпер гэта ўжо не адна кампанія, а цэлая група — з офісамі ў некалькіх расійскіх гарадах, Латвіі і планамі выйсці на польскі рынак лагістыкі. Працуе тут 50 чалавек. У Андрэя кантрольны пакет ва ўсіх кампаніях. Чвэрць супрацоўнікаў кампаніі размаўляюць па-беларуску. Прычым добраахвотна. «Якія могуць быць ім бонусы за тое, што гаворыш на роднай мове?» — смяшліва здзіўляецца Андрэй. Але тым партнёрам, якія вядуць з імі справы па-беларуску ці па-беларуску размяшчаюць замовы, «Фабеас» робіць зніжку. Ці дорыць падарункі. І яшчэ беларуская мова — сакрэтная зброя нашага бізнэсу.
«Мы яе выкарыстоўваем на перамовах у Латвіі і ў Расіі, — распавядае Андрэй. — Вось латышы ўсе добра размаўляюць па-руску. Мы перамаўляемся, а потым яны — бах, і паміж сабою па-латышску. Мы, ясна, нічога не разумеем. Яны там перамовіліся — і зноў да нас. Мы такія: а чаму мы так не робім? Нашы карты заўжды адкрытыя, бо мы паміж сабою па-руску і з імі. Ну і дамовіліся, што паміж сабой будзем размаўляць па-беларуску. Правяралі: яны кажуць, што нічога не разумеюць. І ў Расіі на перамовах гэтаксама робім». Паддубскі перакананы, што тое, што яны робяць у беларускай справе, для кампаніі лепшае за любую рэкламу. «У аўдыёкнігах Янкі Маўра ў кожны дыск укладаўся наш рэкламны буклет. У „Дзіцячай заМове“ ёсць старонка пра „Фабеас“. Там у стылі кнігі намалявалі, што „Фабеас“ вязе грузы, што такое імпарт, што такое экспарт, — тлумачыць ён. — Я чую нават ад людзей, з якімі ніколі не сустракаліся, што „Фабеас“ яны ведаюць. Не ведаюць, чым займаемся, але паітыўны імідж і пазнавальнасць ствараецца». Налётаў падатковай і лёсу іншых беларускіх ініцыятываў, якіх пазбаўляюць памяшканняў і адусюль гоняць, Паддубскі не баіцца. «Мы ўсё робім правільна, хай прыходзяць, — кажа ён. — А палітыкі ў нас і так не будзе. У нас бізнэс, які падтрымлівае культуру». «Я асабіста лічу, што палітыка — гэта вельмі брудная справа. Ніякай палітыкі на „Беларускай прасторы“ не будзе. За гэтым буду пільна і я сачыць, і мае аднадумцы. Ніякай палітыкі — толькі культура! — сцвярджае кіраўнік „Беларускай прасторы“ Андрэй Паддубскі. — Мы найлепш зробім, каб правільна адукаваць тых дзетак, якім сёньня па 10–12 гадоў. Каб яны ўсё дакладна разумелі, ведалі мову, гісторыю. Каб яны не верылі ў тыя міфы, якія нярэдка насаджваюцца тут — пра гісторыю з 1917 года, што Каліноўскі за Польшчу змагаўся і гэтак далей. Каб яны такое адразу выкрэслівалі. І такім чынам палітыка зменіцца сама. Бо калі гэта атрымаецца, большасць электарату праз 10 год будзе іншая».