У нядзелю 12-га студзеня ў Беларускай клубоўні ў Празе выступіў з цікавай лекцыяй Аляксей Ластоўскі.
Перш за ўсё Аляксей распавёў пра сваю плённую дзейнасць. Цяпер ён працуе ў незалежным даследчым інстытуце “Палітычная сфера”, які зарэгістраваны ў Літве, але дзейнічае ў Беларусі. Інстытут, акрамя іншага, займаецца арганізацыяй міжнародных кангрэсаў даследчыкаў Беларусі ў літоўскім горадзе Коўна. Сёлета плануецца ўжо 4-ты кангрэс. Пераважна на кангрэс з’язджаецца каля 300 актывістаў – даследчыкаў. Таксама інстытут выдае 2 часопісы: “Палітычная сфера” і “Belarusian political science review”. З нядаўняга часу Аляксей пераняў ад Захара Шыбекі пасаду кіраўніка аддзялення мінулай гісторыі Беларускага калегіума, які таксама з’яўляецца незалежнай ініцыятывай.
Лекцыя, з якой Аляксей выступіў на клубоўні, наўпрост звязаная з ягонаю прафесійнай дзейнасцю. Гутарка ішла пра гістарычную памяць простых жыхароў Беларусі паводле сацыялагічных апытанняў за апошнія 10 год. Галоўнай іх мэтай было выявіць, як звычайныя беларусы ўяўляюць гісторыю сваёй краіны, чым ганарацца і як ставяцца да розных гістарычных персаналіяў, то бок адкрыць вобраз гісторыі, ілюстраваны ў масавай свядомасці.
Аляксей спасылаўся на дадзеныя трох інстытуцый:
- інстытуту сацыялогіі Акадэміі навук РБ (дзе ён сам раней працаваў);
- незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў;
- сацыяльнай лабараторыі “Новак” (якая рабіла сац. даследванне на замову “Будзьмы”).
У гэтых даследаваннях галоўны акцэнт ставіўся менавіта на эмацыйнае стаўленне людзей да гісторыі, пытанні датычыліся таго, чым яны ганарацца, чаго саромеюцца, што выстаўляюць на першы план, а што лічаць другасным.
На лекцыі гутарка ішла пра іерархію гістарычных падзеяў і асобаў, а таксама пра вытокі беларускай дзяржаўнасці ў свядомасці беларусаў. Цікава было паслухаць і пра тое, наколькі моцныя цяпер савецкія ўплывы ў беларускім грамадстве.
Паглядзець урывак з лекцыі, дзе Аляксей гаворыць пра іерархію гістарычных падзеяў на падставе апытання 2008 года, можна тут.
Такім чынам, з савецкіх часін у памяці беларусаў захавалася толькі адна падзея – “вялікая айчынная” вайна. Пры гэтым дасягненне незалежнасці мае амаль аднолькава высокі статус, што пацвярджаюць і найноўшыя даследаванні 2012-13 гг.
Горач і сорам выклікае ў беларусах перш за ўсё Чарнобыльская катастрофа. За ёй следам ідзе распад СССР, зноў жа “вялікая айчынная” вайна (гэтым разам, пэўна, з пункту гледжання яе ахвяраў), сталінскія рэпрэсіі і калектывізацыя.
Сярод гістарычных дзеячаў самыя пазітыўныя ацэнкі беларусаў маюць Францыск Скарына і Еўфрасіння Полацкая. Гэтыя сімвалы, верагодна, могуць аб’яднаць усіх беларусаў.
3-е і 4-е месцы належаць Машэраву і Лукашэнку – пераважна за кошт старэйшай часткі насельніцтва.
Пазітыўная з’ява, якую заўважылі даследчыкі, палягае ў зніжэнні папулярнасці Леніна і асабліва Сталіна ў параўнанні з Расіяй, дзе назіраецца адраджэнне культа Сталіна. За апошнія 16 год у 4 разы павысіўся рэйтынг Кастуся Каліноўскага і князя Вітаўта.
Такія асобы як Сувораў, Екацярына ІІ і Пётр І яшчэ досыць папулярныя (40 адсоткаў беларускага насельніцтва далі ім пазітыўныя ацэнкі), але ўсё ж паступова страчваюць сваю папулярнасць з цягам часу.
Беларусаў, якія бачаць вытокі дзяржаўнасці сваёй краіны ў Полацкім княстве, Вялікім Княстве Літоўскім, у нашым грамадстве болей за тых, хто прытрымліваецца савецкай версіі гісторыі. Шкада толькі, што людзі наогул пра сваю гісторыю ведаюць мала.
Гістарычная памяць беларусаў, на жаль, вельмі абмежаваная, што можна патлумачыць гістарычнай палітыкай у краіне. Пэўная частка беларускага насельніцва ўсё яшчэ жыве ў расійскай культурнай прасторы, але дэрусіфікацыя, хай вельмі марудная, мае месца ў сучасных культурных тэндэнцыях. “Незалежная краіна, якія б ні былі абмежаванні яе незалежнасці, мусіць мець сваю асобную гісторыю, і людзі будуць усё болей імкнуцца пра яе даведацца – гэта натуральны працэс,” – упэўнены Аляксей Ластоўскі.