Янка Сычэўскі пераабраны старшынём Беларускага грамадска-культурнага таварыства

Янку Сычэўскага пераабралі старшынём Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. У сядзібе БГКТ у Беластоку дэлегаты сямнаццатага выбарчага з’езду выбралі кіраўніцтва таварыства на чарговыя чатыры гады.

Паводле новага-старога старшыні, планы на будучую дзейнасць таварыства залежныя ад фінансавання з боку Польскай дзяржавы:

- Галоўныя напрамкі і галоўныя мерапыемствы вызначае міністэрства. Але ёсць такія мерапрыемствы, якія арганізуем з самаўрадамі. Нашы планы будуць рэалізавацца нават у шырэйшым маштабе, чым да гэтай пары, бо ў наступным годзе мы ўпершыню будзем арганізоўваць фестываль сямейных калектываў. 

Паводле рашэння дэлегатаў на пасадзе намесніка старшыні БГКТ застаецца таксама мовазнаўца доктар Васіль Сегень. Сакратаром галоўнага праўлення таварыства будзе, як дагэтуль, Валянціна Ласкевіч. У выбарчым з’ездзе ўдзельнічала пяцьдзесят два дэлегаты з Гайнаўскага, Бельскага, Сямятыцкага і Беластоцкага паветаў.

Ганаровымі гасцямі з'езду БГКТ былі амбасадар Беларусі у Польшчы Віктар Гайсёнак і генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку - Аляксандар Берабеня. Беларускае грамадска-культурнае таварыства - найстарэйшая арганізацыя, якая абядноўвае беларусаў у Польшчы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя