Cход Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча "Пагоня"

1 снежня адбыўся сход Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча "Пагоня". Сябры таварыства, а таксама госці аднадушна асудзілі сілавы разгон удзельнікаў Еўрамайдана ў Кіеве, падтрымалі патрабаванні ўкраінскай апазіцыі аб адстаўцы ўрада і еўрапейскім цывілізацыйным шляху Украіны. Валер Барташ распавёў аб Шостым з'ездзе беларусаў свету, наведванні памятнага мемарыяла ахвяраў палітычных рэпрэсій "Курапаты", Літаратурнага музея паэта Якуба Коласа, месцах пахаванняў на Усходніх могілках выбітных грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў, навукоўцаў Беларусі. Марская ракавіна з Чорнага мора была ўскладзена на надмагілле Васіля Быкава. Дэлегат з'езду Барташ распавёў аб гутарцы з пісьменнікам у 1997 годзе на Другім з'ездзе беларусаў свету, якая была ўспрынятая як дабраславенне Севастопальскаму таварыству беларусаў. З цікавасцю слухалі прэзентацыю кнігі Ганны Сурмач "Беларусы замежжа без межаў". 2013 год у севастопальскай "Пагоні" быў абвешчаны годам 150-годдзя паўстання 1863-1864 гг. Госць таварыства літовец Уладас Трумпікас зрабіў даклад: "Літоўцы ў паўстанні 1863-1864 гг." З падзякай былі ўспрынятыя прывітанні старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, старшыні БАЗА Ганны Сурмач, кіраўніка Міжнароднай грамадскай арганізацыі “Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алены Макоўскай, кіраўніка ТБМ імя Ф.Скарыны Алега Трусава.