Выйшла першая кніга пра Наталлю Арсенневу

Літаратар з Горадні Ала Петрушкевіч напісала першую кнігу пра вядомую эмігранцкую паэтку, аўтарку гімна «Магутны Божа» Наталлю Арсенневу.

Кніга «Наталля Арсеннева: Шлях да Беларусі» ў пятніцу будзе прэзентаваная ў гарадзенскай арт-галерэі «Крыга». Аўтарка расказала Свабодзе пра сваю працу над кнігай. Ала Петрушкевіч ва ўступе да кнігі распавядае пра свой шлях да Наталлі Арсенневай. Таму што гэта сапраўды быў шлях: «Нашаму пакаленню прыйсці да эмігранцкіх пісьменнікаў было вельмі няпроста. З той банальнай прычыны, што яны не толькі не вывучаліся, але нават ніколі нідзе не ўзгадваліся. Гэтае імя я пачула напрыканцы 1980-х гадоў, калі ўжо даўно скончыла беларускае аддзяленне філфаку, ужо столькі часу працавала ў школе. Пачула таму, што пачаўся час вяртання. Гэта быў 1989 год, курсы настаўнікаў у Гарадзенскім абласным інстытуце ўдасканалення. Лекцыю чытаў прафесар Аляксей Пяткевіч. Тэма — творчасць пісьменнікаў беларускай эміграцыі. І гэта было сапраўды адкрыццё цэлай новай старонкі, якая ўжо даўно была, даўно існавала. І тады ўпершыню я пачула вершы Наталлі Арсенневай».
Пасля была аспірантура. Тэма кандыдацкай дысертацыі Алы Петрушкевіч — «Паэзія Дануты Бічэль-Загнетавай. Праблема лірычнага героя». Ала Петрушкевіч кажа, што гэта была наступная прыступка на яе лесвіцы да Наталлі Арсенневай: «Іван Навуменка, мой кіраўнік пытае ў мяне аднойчы: «Што гэта Ваша Данута як Піліп з канапель выскачыла? Чаму яна ў Вас адна, правядзіце паралелі, пастаўце каго-небудзь побач. Каго Вы паставіце?» Калі прагучала імя Ларысы Геніюш, ён пагадзіўся, але нагадаў пра Наталлю Арсенневу і пра першы яе зборнік «Пад сінім небам». У Гарадзенскім унівэрсітэце Ала Петрушкевіч падрыхтавала курс «Літаратура беларускага замежжа»: паўнавартасны, каля сарака гадзін лекцый і каля дваццаці — практычных заняткаў. Быў таксама экзамен. Пазней гэты курс «схавалі, зашыфравалі», як кажа Ала Петрушкевіч, далучылі да курсу «Літаратура бліжняга замежжа», дзе вывучаецца Літва і Украіна. Сёння ўвогуле застаўся вельмі маленькі спецкурс. Ала Петрушкевіч называе Наталлю Арсенневу лідарам эмігранцкай паэзіі: «Атрымалася, што яна на сваіх плячах вынесла асноўны гэты цяжар. Адназначна яна на першых ролях. І менавіта ёй лёс даў стварыць вобраз, які характарызуе стан нашых эмігрантаў „між берагамі“, стан міжбярэжжа: ад аднаго адплылі, а да другога так і не прысталі, так і пражылі там...»
Наталля Арсеннева расейскага паходжання, але стала «найвялікшай беларускай паэткай сярэдзіны ХХ стагоддзя», перакананая Ала Петрушкевіч. Яна згадвае драматычны момант напрыканцы яе жыцця: «Калі яна даўно адкінуўшы з ужытку расейскую мову, раптам у стрэсавым, шокавым стане загаварыла па-расейску. Па-першае, напачатку наступіў стан слепаты, цемры. Яна не магла прачытаць сваю кнігу, таму што не бачыла. А тады якраз выйшла кніга, над якой яна вельмі доўгі час працавала: гэта пераклад паэмы Адама Міцкевіча „Дзяды“. І ў гэтым стане, мала таго, што паэтка пакараная цемрай, яна пакараная яшчэ страшэннай траўмай. Яна ў стане амаль непрытомнасці. І тут да яе вяртаецца радзінная мова, мова яе бацькоў, расейская. У стане шоку. Вось нейкая шокавая тэрапія, якая вяртае да вытокаў. Генная памяць. Гэта нешта фантастычнае. Чалавек не можа абарваць карані. Усё ж ён ад самага пачатку належыць таму краю, той мове, у якой нарадзіўся». Наталля Арсеннева жыла ў Вільні ў пачатку ХХ стагоддзя. У падручніку па геаграфіі дробным шрыфтам яна чытала, што ёсць Беларусь і беларуская мова, і што найвялікшым паэтам беларускім ёсць Янка Купала. Яе гэта захапіла. Пазней быў Яраслаўль, дзе яна захацела пісаць вершы, і дзе тады жыў Максім Багдановіч, яе будучы ўлюбёны паэт. Яны хадзілі па адных вуліцах, магчыма, бачылі адно аднаго, але не ведалі аб тым. Пасля вяртання ў Вільню Наталля вучылася ў гімназіі і закахалася ў выкладчыка — Максіма Гарэцкага. Гэта падштурхнула яе напісаць беларускія вершы і перадаць яму. Ала Петрушкевіч — кандыдат філалагічных навук, дацэнт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсытэта імя Янкі Купалы, паэтка, літаратуразнаўца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.