27 лістапада споўніцца 25 гадоў з дня заснавання Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак". 23 лістапада з гэтай нагоды ў Рызе пройдзе ўрачыстае святкаванне. Сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”, сябра Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" Вячка Целеш расказвае пра тое, як паўставала таварыства.
Быў цікавы час - 1988-89 гады - час Атмоды (Адраджэння) у Латвіі, гарбачоўская вясна (перабудова) прынесла хвалю ветру свабоды як латышам, так і прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў Латвіі з еўрапейскімі дэмакратычнымі поглядамі і ідэаламі. Той вецер абуджаў, прымушаў не сядзець, а ісці на плошчы, каб разам адрадзіць незалежную Латвійскую дзяржаву. Захапіў вецер Атмоды і беларусаў Латвіі. У першую чаргу гэта была інтэлігенцыя: настаўнікі, медыкі, мастакі, інжынеры, а таксама простыя людзі, якім балела за нашу беларушчыну, якія бачылі, што з аднаўленнем Латвійскай дзяржавы ім даецца магчымасць адрадзіць беларускую школу, беларускую культуру, родную мову, што існавала ў Латвіі ў 1920-30-х гадах.
Тады быў час цікавы, але і час напружаны. Безумоўна, не ўсе беларусы асмеліваліся далучацца да тых падзеяў. Да гэтага часу існавала таталітарная савецкая дзяржава СССР са сваёй камуністычнай ідэалогіяй, у якую ўваходзіла і Латвія. Афіцыйныя ўлады імкнуліся спыніць развал савецкай імперыі, іх падтрымлівала пэўная частка савецкіх людзей. У асноўным гэта была наменклатура камуністычнай партыі, патрыёты савецкай дзяржавы, яны стварылі Інтэрфронт для падтрымкі існуючай улады. Для таго каб супрацьстаяць Інтэрфронту і аднавіць незалежную Латвію, інтэлігенцыяй Латвіі быў створаны Народны Фронт у які ўваходзілі і латышы, і таксама многія прадстаўнікі рускіх, палякаў, беларусаў, украінцаў і іншых нацыянальнасцяў. Народны Фронт таксама дапамагаў нацыянальным меншасцям у стварэнні нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі на аснове закона аб нацыянальнай культурнай аўтаноміі.
У 1988 годзе ў Рызе пачалі стварацца таварыства польскай, летувіскай, нямецкай і іншых культур. Знайшліся і прадстаўнікі ў трох усходнеславянскіх нацыянальнасцяў, якія вырашылі стварыць таварыства не па нацыянальным прызнаку, каб беларусы і ўкраінцы не разышліся па сваім нацыянальным кватэрам, як яны тады казалі, а былі ўсе разам. Яны прапанавалі стварыць Балта-славянскае культурнае таварыства. Я таксама быў запрошаны на той сход, але калі я тады адчуў і зразумеў, што ў тым аб’яднанні ізноў будзе дамінаваць, як і ў савецкі час, расейская мова, культура і гісторыя, ізноў будзе галоўным старэйшы брат, то я вырашыў не ўступаць у гэтую арганізацыю: я – не балта-славянін, я – беларус. Так нарадзіліся думкі і прыспела рашэнне аб стварэнні свайго беларускага таварыства, дзе будзе гучаць нашая мова, дзе мы будзем працягваць справу нашых папярэднікаў беларусаў, якія заклалі падмурак нашай беларускай хаты ў Латвіі яшчэ ў дасавецкія часы. Гэта зразумелі і таксама не ўступілі ў тое таварыства яшчэ некаторыя беларусы, што былі на тым сходзе, хоць некаторыя беларусы засталіся з так званымі Балта-славянамі.
У той час у Рыгу наведаўся з Мінска мой сябар - вядомы беларускі паэт Сяргей Панізнік. Калі ён зайшоў да мяне ў майстэрню, я расказаў пра ўсю сітуацыю і пра намер арганізаваць беларускае таварыства культуры. Пасля нашай сустрэчы ён пабываў на свяце 100-годдзя выдання эпаса “Лачплесіс” Андрэя Пумпуры, і там пры сустрэчы з Янісам Пэтэрсам Сяргей расказаў пра намер беларусаў Рыгі заснаваць Беларускае таварыства. Яніс Пэтэрс 11 кастрычніка 1988 года падчас выступлення на Ўстаноўчым сходзе Народнага Фронта Латвіі, прапанаваў падтрымаць, дапамагчы беларусам у стварэнні Латвійскага таварыства беларускай культуры, як некалі нас падтрымаў Яніс Райніс.
Пасля гэтага са мною па тэлефоне скантактавалася прадстаўніца Народнага Фронта журналістка Айя Лацэ, з яе дапамогай ў расейскамоўнай прэсе і на радыё была зробленая інфармацыя аб сходзе беларусаў для стварэння Латвійскага таварыства беларускай культуры. 13 лістапада 1988 года ў памяшканні Дома культуры прафсаюзаў Латвіі ў Старой Рызе на вуліцы Амату, 5 адбыўся сход . На сходзе была абрана ініцыятыўная група з 16 чалавек па стварэнню таварыства. Была выбрана рэдакцыйная калегія па напісанні статута таварыства. У яе ўвайшлі ўрач Сяржук Кузняцоў, мастак Вячка Целеш, інжынер Дзмітры Лаўроў, авіятэхнік Аляксандр Жукаў, слесар Аляксей Арочка і докер Рыжскага порта сябра Народнага Фронта Латвіі Уладзімір Вусік. 20 лістапада ў майстэрні Вячкі Целеша Рэдакцыйнай групай быў напісаны статут таварыства, якому была дадзена назва “Сьвітанак” — у гонар вядомай песні І.Лучанка, якая першыя гады была гімнам таварыства.
27 лістапада 1988 года ў Рызе, у перапоўненай Зялёнай зале Дома культуры прафсаюзаў, адбыўся ўстаноўчы сход Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. На ім ад НФЛ выступіла Айя Лацэ. З таго часу яна стала шчырым сябрам таварыства і бывала на ўсіх нашых мерапрыемствах. Дарэчы, тады ж да нас далучылася і была сябрам Рады “Сьвітанка” да апошіх сваіх дзён кандыдат філалагічных навук, перакладчыца і аўтарка “Беларуска-латышскага слоўніка”, сябра У.Караткевіча і А.Мальдзіса, латышка Мірдза Абала. На ўстаноўчым сходзе быў абраны старшыня таварыства -малады вучоны-медык, супрацоўнік Акадэміі навук Латвіі Сяржук Кузняцоў. Я, Вячка Целеш, стаў яго намеснікам, была абраная Рада таварыства са старшынём Адольфам Жуком.
У “Сьвітанак” тады ўступіла больш за сто чалавек. Сяргей Панізнік быў на першым сходзе і стаў адным з першых сябраў таварыства.
Асноўнымі мэтамі таварыства былі: захаванне сваёй ідэнтычнасці, беларускай мовы, культуры і гістарычнай спадчыны, папулярызацыя беларускай культуры ў Латвіі.
Галоўнымі задачамі “Сьвітанка” сталі: адкрыццё ў Рызе беларускай школы, Беларускай мастацкай студыі, заснаванне бібліятэкі, стварэнне ансамбля беларускай песні.
Гэтыя мэты і задачы таварыства паступова рэалізоўвала. Найбольш плённымі былі 1989-94 гады, калі ў Беларусі таксама ішло Адраджэнне. Тады ж былі створаныя Беларуская мастацкая студыя “Вясёлка”, Беларуская нядзельная школа, Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, Рыжская Беларуская асноўная школа. У пачатку 1990-х гадоў была створаная беларуская радыёпраграма “Сьвітанак” на Латвійскім радыё, якую вялі Сяржук Кузняцоў і Наталля Камілеўская, з 1991 года і да сённяшняга часу яе вядзе Таццяна Касуха. Пазней быў створаны ансамбль “Сьвітанак”.
Калі стварылася незалежная Рэспубліка Беларусь, то з боку дзяржавы ўдзялялася шмат увагі і дапамогі “Сьвітанку”. У часы Беларускага Адраджэння былі пастаяннымі кантакты “Сьвітанка” з дзяржаўнымі структурамі Беларусі – Міністэрствам культуры і Міністэрствам адукацыі.
Тады ж сябра ініцыятыўнай групы заснавання таварыства студэнт Рыжскага політэхнічнага інстытута Вадзім Паўловіч аднавіў выданне газеты “Голас Беларуса”, якая выдавалася Кастусём Езавітавым у 1920-30-х гадах. У 1993 годзе таварыства з дапамогай Міністэрства інфармацыі Беларусі, Першага Іерарха Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Мітрапаліта Мікалая і Алеся Палескага з Канады пачалося выданне часопіса “Сьвітанак”. Цяпер прэсу замяніў інтэрнэт і на сайце “Сьвітанка” www.svitanak.lv можна знайсці шмат цікавай беларускай інфармацыі.
У 1992 годзе таварыства ўдзельнічала ў Першым з’ездзе беларусаў блізкага замежжа, а ў 1993 годзе – у Першым з’ездзе беларусаў Свету. Сувязі таварыства са Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”, якія пачаліся ў 1990-х гадах, і да сённяшняга часу ніколі не парываліся.
За 25 гадоў змяняліся і склад, і старшыні таварыства. На змену старшыні “Сьвітанка” Сяржука Кузняцова, які больш плённа заняўся навукай, прыйшоў навуковец, доктар хімічных навук Мікола Ярчак, які вельмі актыўна працаваў у таварыстве. Пасля яго ад’езду на педагагічную працу ў Брэсцкі ўніверсітэт яго змяніў мастак Васіль Малышчыц. Плённа працавала старшынёй “Сьвітанка” інжынер Таццяна Казак. Пасля яе старшынёй таварыства была выпускніца Рыжскай Беларускай нядзельнай школы фатограф Алена Капыціч (Ціхамірава). Цяпер Латвійскае таварыства беларускай культуры ўзначальвае маладая і актыўная старшыня, псіхолаг Ірына Кузьміч.
За чвэрць стагоддзя існавання ”Сьвітанка” таварыства ім зроблена вельмі шмат па адраджэнні і захаванні беларушчыны ў Латвіі, нягледзячы на розныя палітычныя і эканамічныя крызісы, якія адбыліся за гэты час. І гэта дзякуючы таму, што ў таварыстве стала і даўно працуюць выдатныя рупліўцы на ніве беларускага адраджэння ў Латвіі: журналістка Таццяна Касуха, паэтка і музыка, супрацоўніца бібліятэкі Медыцынскага ўніверсітэта імя П. Страдыня Наталля Камілеўская, дырэктар Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ, былая вучаніца Індранскай беларускай гімназіі, доктар фізіка-матэматычных навук Наталля Цімаховіч, унучка Сяргея Сахарава Нона Ахметулаева, сям’я Ігнатавых, мастак Анатоль Ермаковіч, медсястра Таісія Бачкарова і інш.
Надзейнымі сябрамі “Сьвітанка” з пачатку 1990-х гадоў і да канца сваіх дзён былі Ірына Сяргееўна Вількель (Сахарава), дачка слыннага беларускага педагога і фалькларыста, бізнэсмен, фундатар і грамадскі дзеяч Янка Кабановіч, музыка і кампазітар Станіслаў Клімаў.
Таварыства з першых дзён заснавання ўдзельнічае ў розных імпрэзах, фестывалях, канферэнцыях і сустрэчах, якія праводзяцца як дзяржаўнымі структурамі, так і Асацыяцыяй нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, сьвітанкаўцы сваёй культурніцкай дзейнасцю, сваёй лаяльнасцю і падтрымкай дэмакратычнай Латвійскай дзяржавы добра вядомыя ў гэтай краіне. Менавіта прадстаўнікі нашага таварыства былі і ёсць сябрамі Кансультатыўнай Рады нацыянальных меньшасцяў пры прызідэнце Латвійскай Рэспублікі.
Сваё свята — 25-гадовы юбілей сёлета сьвітанкаўцы адзначаюць 23 лістапада. На свяце чакаюцца госці з Беларусі - прадстаўнік ЗБС “Бацькаўшчына” Барыс Стук, паэт і перакладчык, кавалер ордэна Трох Зорак Латвіі паэт і публіцыст Сяргей Панізнік, выбітны музыка і спявак Зміцер Вайцюшкевіч, ну і, вядома ж, мясцовыя беларусы і афіцыйныя асобы ўлады.