Дзяды ў Варшаве

Варшаўскія беларусы на чале з кіраўніком ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» Анатолем Міхнаўцом наведалі 2 лістапада вядомыя могілкі Старыя Павонзкі (Stare Powązki). Тут знайшлі апошняе прыстанішча кампазітар Станіслаў Манюшка, нарачоная Кастуся Каліноўскага Марыя Ямант, фатограф Ян Булгак, майстар польскага рэпартажу родам з Пінску Рышард Капусьціньскі, пісьменнік Тадэўш Далэнга-Мастовіч (Tadeusz Dołęga-Mostowicz) – аўтар вядомай экранізаванай у Польшчы аповесці «Знахар», журналіст і літаратар Адам Плуг (сапр. Пяткевіч).
На вайсковых могілках ў раёне Павонзкі можна знайсці сімвалічную магілу Станіслава Булак-Булаховіча (там пахаваны ягоны сын; дзе ляжаць парэшткі самога легендарнага генерала, невядома).
На паўночных камунальных могілках у Варшаве пахаваны паплечнік генерала Булак-Булаховіча, вайсковы і грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік Цімох Хведашчэня.
Праваслаўныя могілкі польскай сталіцы сталі месцам апошняга супакою для дзеяча Саюзу беларускай моладзі, які пасля вызвалення з ГУЛагу эміграваў у Польшчу, пісьменніка і літаратурнага крытыка Янкі Жамойціна. Тут жа пахаваныя пісьменніца Алена Анішэўская і прадзед Паўла Севярынца, які быў праваслаўным святаром.
На могілках у горадзе Пясэчна (Piaseczno) пад Варшаваю актывісты Беларускай нацыянальнай памяці знайшлі магілу беларускага каталіцкага святара Вячаслава Аношкі. У іншым падваршаўскім горадзе – Отвацку – магіла жонкі Яна Пазняка – аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі на пачатку ХХ ст., дзеда Зянона Пазняка.