Свята беларускай культуры ў Беластоку

У Беластоку праходзіць дваццаць восьмае “Свята беларускай культуры”. На адкрытай сцэне перад тэатрам Венгеркі пакажуць сваё майстэрства салісты і ансамблі з Падляшша, а таксама госці з Беларусі. З танцавальнай праграмай выступіць калектыў “Гарадзенскія карункі”. Як адзначае арганізатар імпрэзы Янка Сычэўскі з Беларускага грамадска культурнага таварыства, гэтае свята – магчымасць наблізіць беларускую культуру да жыхароў Беластока.

- Калі дзейнічаюць абсалютна добраахвотна і бескарысліва больш за 60 аматарскіх калектываў, калі ў прадшколлях і ў школах усіх роўняў маем вялікую зацікаўленасць нашай роднай песняй, нашай культурай, нашай нацыянальнай тоеснасцю, то гэта вельмі цешыць. Такое свята з’яўляецца натуральнай патрэбай усіх выканаўцаў і ўсёй публікі.

Свята - гэта таксама нагода беларускім пісьменнікам сустрэцца з чытачамі. Яны паказваюць свае новыя кніжныя выданні. Апрача таго свае вырабы прэзентуюць народныя майстры. Можна купіць абрадавыя ручнікі, плеценыя кошыкі ды малюнкі народных мастакоў з Польшчы і Беларусі. Галаканцэрт завершыць мінскі калектыў “Бацька Атаман” і фольк-гурт “Купалінка” з Гародні.