Учора, 19 чэрвеня, адзначаліся ўгодкі з дня нараджэння Васіля Быкава, вялікага беларускага пісьменніка і першага прэзідэнта Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. 22-га чэрвеня спаўняецца 10 гадоў з дня яго смерці…
Васіль Быкаў пахаваны на Усходніх могілках Мінска
У 1990-х гадах згуртавалася беларуская інтэлігенцыя дзеля стварэння арганізацыі, якая б кансалідавала беларусаў метраполіі і замежжа. Васіль Быкаў пагадзіўся ачоліць новастворанае Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і стаў яго першым прэзідэнтам. Ён кіраваў Згуртаваннем да Першага з’езду беларусаў свету (1993 год).
Васіль Быкаў. Фота з Першага з'езду беларусаў свету, 1993 год
19 чэрвеня на радзіме Васіля Уладзіміравіча - у вёсцы Бычкі - адбылося традыцыйнае ўручэнне прэміі "За свабоду думкі", заснаванай у яго гонар. Сёлета журы, якое складалася з лаўрэатаў прэміі мінулых гадоў, узнагародзіла мастака Алеся Марачкіна і спевака Змітра Вайцюшкевіча.
Алесь Марачкін, в. Бычкі, 2013 год
Зміцер Вайцюшкевіч, в. Бычкі, 2013 год
Зазначым, што Алесь Марачкін быў кіраўніком Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” з 2005 па 2009 гады, цяпер уваходзіць у Вялікую Раду.
Алесь Марачкін - новаабраны кіраўнік МГА "ЗБС "Бацькаўшчына". 2005 год
Фота з уласнага архіву і "Беларускага Радыё Рацыя"