Сёлетні лаўрэат прэміі імя Міколы Ганька – Эдуард Акулін

На сядзібе ТБМ 31 траўня адбылося ўрачыстае ўганараванне міжнароднай прэмііяй імя Міколы Ганька паэта, барда, галоўнага рэдактара моладзевага часопіса “Верасень” Эдуарда Акуліна.

Як паведаміў Алег Трусаў, якому было даручана ўручэнне ўзнагароды, прэмія была заснавана ў 2009 годзе Марыяй Ганько ў гонар свайго мужа – вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча, старшыні Згуртавання беларусаў Канады Міколы Ганька.

Сёлета прэмія ўручалася ў пяты раз. Папярэднімі лаўрэатамі прэміі імя Міколы Ганька станавіліся: Вольга Іпатава, Віялета Кавалёва, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Зінаіда Крупская і Ніна Сакава.

Атрымоўваючы ганаровы Дыплом з рук старшыні ТБМ імя Францішка Скарыны Алега Трусава, Эдуард Акулін сказаў, што гэтую прэмію ўспрыймае не як сваю асабістую, а як ўзнагароду ўсім маладым беларускім літаратарам, якія згуртаваліся вакол часопіса “Верасень”. Напрыканцы цырымоніі Эдуард Акулін праспяваў для прысутных некалькі песень са свайго новага кампакт-дыска “Не магу жыць без крыл…”

Мікола Ганько (1924-1999 гг.) — вядомы дзеяч беларускай эміграцыі. Нарадзіўся ў Маладзечанскім раёне. У 1944-м выехаў з Беларусі ў Аўстрыю, дзе разам з Алесем Салаўём і Уладзімерам Дудзіцкім выдаваў часопіс “Пагоня”, а потым — у Канаду, дзе стаў адным з актыўных арганізатараў грамадскага жыцця беларускай дыяспары.