Падарунак тэатру Янкі Купалы ад беларусаў Пецярбурга

Партрэт ад беларусаў Пецярбурга перададзены ў дар тэатру Янкі Купалы ў дзень яго адкрыцця пасля рэстаўрацыі.

Партрэт ад беларусаў Пецярбурга перададзены ў дар тэатру Янкі Купалы ў дзень яго адкрыцця пасля рэстаўрацыі. Цырымонія перадачы адбылася пасля спектакля "Паўлінка". На сцэне тэатра, пасля выступу міністра культуры, Станкевіч Аляксандр Антонавіч і Аляшкевіч Віталь Іванавіч перадалі партрэт дырэктару тэатра Палякову Паўлу Іванавічу.

Партрэт вялікай актрысы Беларусі Стэфаніі Міхайлаўны Станюты быў напісаны пецярбургскім мастаком Сяргеем Вітальевічам Ткачэнкам у 1994 годзе. Стэфанія Міхайлаўна пазіравала ў тэатры ў сваёй грымёрнай. (Пра гэта згадваецца ў кнізе «Стэфaнiя» - аўтар Аляксандр Аляксандравіч Станюта, Мiнск, 1994, с. 148). Партрэт акторцы падабаўся.

Мы звярнулі ўвагу на партрэт у Цэнтральнай выставачнай зале «Манеж», дзе ён экспанаваўся на юбілейнай выставе Санкт-Пецярбургскага Саюза мастакоў. Прыцягальны вобраз мадэлі, яе высакародныя рысы, тонкі каларыт палатна спынялі гледача. Трэба сказаць, што не толькі беларусам горада на Няве, але і карэнным пецябруржцам імя вялікай актрысы добра вядома.

Партрэт экспанаваўся таксама і ў Мінску, у Нацыянальным мастацкім музеі на персанальнай выставе жывапісца ў 1996 годзе. Гэтае палатно бачылі гледачы многіх музеяў і галерэй за мяжой, дзе праходзілі персанальныя выставы С.В. Ткачэнкі, у тым ліку, у Расійскіх цэнтры культуры ў Варшаве ў 1995 і ў Гданьску ў 2001 годзе, у Дзяржаўнай галерэі мастацтваў у Сопаце ў 2006, у выставачным цэнтры Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) у Жэневе ў 2002 годзе. Першая публікацыя партрэта з'явілася таксама ў Мінску, у часопісе «Мастацтва» ў 1994 (№ 10, с. 18).

Аляксандр Станкевіч