Абвешчаны лаўрэаты прэміі “Люблю Беларусь”

Вечарам 16 лютага ў актавай залі памяшкання партыі БНФ у Менску традыцыйна праходзіла штогадовае ўручэнне прэміі “Люблю Беларусь”.

Ініцыятарам мерапрыемства з’яўляецца міжнароднае моладзевае грамадскае аб’яднанне “Малады Фронт”. Сёлета прэмія ўручалася ўжо чацвёрты раз, у васьмі намінацыях. Пра спіс намінантаў і пра тое як абіралі пераможцаў апавядае намеснік старшыні Маладога Фронту і адзін з заснавальнікаў прэміі Іван Шыла.

– У гэтым спісе ўсе людзі вартыя. Мы яго складалі, таму, безумоўна, лічым, што гэтыя людзі вартыя траплення ў спіс. Іншае пытанне, хто перамог. Нам кажуць, што мы не маглі аддаваць перамогу карыстальнікам сацыяльных сетак, але для нас важна, што людзі ўвайшлі ў гэты спіс, а хто з іх канкрэтна пераможа, гэта ўжо не самае важнае. Сёлета галасавалі ў інтэрнэце.

Паводле намесніцы старшыні арганізацыі Насты Дашкевіч, у вызначэнні пераможцаў прынялі ўдзел больш за пяць тысячаў чалавек.

– У гэтым годзе ёсць адна адметнасць, усё было вельмі і можа надта дэмакратычна. Было галасаванне ў сацыяльных сетках. Больш таго магу сказаць, што звыш 5 тысячаў галасоў атрымалі намінанты і гэта ўсяго толькі за 5 дзён. І не трэба казаць, што беларусы апалітычныя, што ім нічога не цікава. Усё ім цікава, яны сочаць, яны адзначаюць. Было больш за 2 тысячы унікальных наведвальнікаў на нашай суполцы ў сацыяльных сетках. Гэта сведчыць пра тое, што людзям цікава. І менавіта гэтыя людзі сёлеты выбіралі пераможцаў. Мы вельмі хочам, каб гэтая супольнасць людзей ганарылася і любіла тых людзей, которыя блізка, і цаніла іх дасягненні.

Ідэя стварэння прэміі – гэта спроба сабраць у адной залі тых людзей, дзейнасць каторых можна арэсліць адным выразам “Люблю Беларусь”.

* * *

Прэмію ўручаюць штогод за папулярызацыю беларушчыны, развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці, за новае і цікавае ў культуры, палітыцы, журналістыцы.

На ўручэнні прэміі на сядзібе Партыі БНФ у Мінску прысутнічаў карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя Яўген Скрабец:

- Да 100 чалавек сабралося сёння на ўручэнне прэміі “Люблю Беларусь” – гэта ўжо чацвёртае ўручэнне, якое праходзіць на сядзібе Партыі БНФ у Мінску. Сярод прысутных Уладзімір Някляеў, Андрэй Дзмітрыеў, былы палітвязень Васіль Парфянкоў, кіраўнікі “Маладога Фронту” Анастасія Дашкевіч і Іван Шыла, блогер Яўген Ліпковіч і г.д. Прэмія была ўручана ў васьмі намінацыях. У намінацыі “Беларусізацыя” прэмію атрымала Кацярына Кібальчыч, рэжысёр і стваральнік курсаў беларускай мовы ў Маскве. У намінацыі “Pro-Belarus” перамог Стефан Эрыксан, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі. У намінацыі “Палітыка” – Віталь Каратыш з Берасцейчскай вобласці, які балатаваўся ў гэтым годзе на парламенцкіх выбарах. У намінацыі “Культура” – Сеня Шэйн, бітбоксер з Менску. У намінацыі “Журналістыка” – Андрэй Пачобут, гарадзенскі журналіст. “Грамадская чыннасць” – Дзяніс Кандратовіч, стваральнік грамадскай ініцыятывы “Мае сэнс”. У намінацыі “Спорт” - Аляксандра Герасіменя. Намінацыю “Змагар года” нажаль традыцыйна вырашылі аддаць палітвязням, а саму статуэтку прэміі ўручылі Васілю Парфянкову, які недаўна вызваліўся і прысутнічаў на ўручэнні. Пачынаецца святочная частка, банкет і выступ Паліны Рэспублікі.

Прэмію заснавала моладзевая арганізацыя “Малады Фронт”, аднак аддаць голас за прэтэндэнтаў мог кожны праз інтэрнэт.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Уладзіслава Макарэвіча