Вечар памяці беларускіх мастакоў Марка Шагала і Міхаіла Савіцкага адбыўся 9 снежня ў Кішынёве (Малдова). Мерапрыемства было прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала і 90-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Савіцкага.
Вечар быў арганізаваны беларускай суполкай Малдовы і прайшоў з удзелам прадстаўнікоў пасольства Беларусі ў Малдове і Бюро міжэтнічных адносін рэспублікі.
З відэапрэзентацыёй пра творчасць вялікіх майстроў жывапісу перад беларускімі суайчыннікамі і іншымі ўдзельнікамі мерапрыемства выступіў намеснік старшыні беларускай суполкі, член Саюза мастакоў Малдовы Вячаслаў Ігнаценка. Ён распавёў пра цікавыя факты з біяграфій Марка Шагала і Міхаіла Савіцкага, зрабіў прафесійны аналіз некаторых работ знакамітых беларускіх жывапісцаў.
Як адзначыў у сваім выступе старшыня беларускай суполкі Малдовы Юры Статкевіч, творчасць Марка Шагала і Міхаіла Савіцкага рознапланавая, але без сумневу з'яўляецца гонарам кожнага беларуса незалежна ад таго, дзе ён жыве. Паводле яго слоў, такія мерапрыемствы і ў далейшым будуць праводзіцца як у рамках абшчыны, так і з прыцягненнем шырокага кола зацікаўленых асоб.
У гэтым годзе ў Беларускай абшчыне Малдовы ўжо прайшоў цэлы шэраг мерапрыемстваў і творчых вечароў, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка, 85-годдзю Алеся Адамовіча.
У іх бралі актыўны ўдзел і дзеці беларусаў Малдовы, якія наведваюць у пасольстве Беларусі нядзельную школу па вывучэнню мовы, літаратуры, гісторыі, культуры, традыцый і звычаяў сваёй этнічнай Радзімы.