Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Чэхія. Палітыка супрацы з чэхамі замежжа

У Чэхіі, як і ў Беларусі, пражывае каля 10 млн. насельніцтва. Аднак дыяспара Чэхіі меншая па колькасці. Калі ў Беларусі па розных ацэнках па-за межамі краіны пражывае каля 3,5 мільёнаў беларусаў – прыблізна трэцяя частка нацыі, то па-за межамі Чэхіі – каля 1,7 – 2 млн альбо 1/5 насельніцтва, з якіх прыблізна 200 тыс. грамадзяне краіны, а астатнія – грамадзяне краін пражывання.

Чэхі замежжа зрабілі вялікі ўнёсак у палітычныя змены ў краіне, садзейнічалі ўступленню Чэхіі ў НАТА і ЕС. У сувязі з высокай ацэнкай ролі чэхаў замежжа Урад Чэхіі прыняў адмысловую пастанову н.1622/2005 аб праграме падтрымкі чэшскай культурнай спадчыны за мяжой на 2006–2010 гг. У межах гэтай праграмы Урад Чэхіі штогод выдзяляе  каля 2 млн. еўра на рэалізацыю адукацыйных, культурных, аднаўленчых і іншых праектаў, а таксама на падтрымку лектараў чэшскай мовы і літаратуры ў замежжы.

Выдаткоўванне гэтых сродкаў адбываецца праз амбасады Міністэрствам замежных спраў праз сістэму грантаў на:

-  культурныя праекты (арганізацыю адукацыйных, сацыяльных, культурных мерапрыемстваў, сустрэч, што з’яўляюцца  ўнёскам у захаванне чэшскай культурнай спадчыны ў замежжы, а таксама выданне часопісаў, кніг і інш.)

-  рамонт і утрыманне школ і другой уласнасці арганізацый замежных чэхаў, мемарыялаў і падтрымка іншай чэшскай культурнай спадчыны ў замежжы.

Заяўнік мусіць мець афіцыйны і зарэгістраваны статус у краіне знаходжання. Заяўка разглядаецца Міністэрствам замежных спраў і ўхваляецца Урадам Чэхіі. Інфармацыя аб падтрыманых заяўках знаходзіцца ў адкрытым доступе на сайце Міністэрства замежных спраў Чэхіі ў раздзеле культура.

Таксама Чэхія ўводзіць пэўныя палёгкі пры атрыманні чэхамі замежжа грамадзянства. У адпаведнасці з чэшскім заканадаўствам чэх замежжа мае права на атрыманне грамадзянства ў выпадку, калі быў народжаны на тэрыторыі гістарычнай Чэхіі, адзін з бацькоў з’яўляецца чэхам, пражываў на тэрыторыі Чэхіі не менш за 10 гадоў, меў грамадзянства Чэхіі ў мінулым.

Міністэрства адукацыі штогод выдае 15 стыпендый чэхам замежжа для пакрыцця 2 семестраў навучэння ў публічных універсітэтах Чэхіі, а таксама 60 стыпендый для 4 тыднёвых курсаў па чэшскай мове. Акрамя гэтага, кожны год 20 настаўнікаў наведвае курсы павышэння кваліфікацыі ў выкладанні чэшскай мовы, культуры і гісторыі. Усе яны прадстаўнікі чэшскіх замежных арганізацый. Акрамя таго, Чэхія кожны год накіроўвае сваіх настаўнікаў для выкладання ў чэшскіх школах замежжа. За кошт бюджэту Чэхіі таксама ідзе друк падручнікаў і іншай метадычнай літаратуры для чэшскіх школ у замежжы.

Пры Сенаце Чэхіі створана камісія па суайчынніках, што пражываюць у замежжы. Камісія арганізоўвае ўручэнне рознага кшталту прэмій прадстаўнікам чэшскай дыяспары за папулярызацыю чэшскай культуры.

У Чэхіі таксама існуе грамадская  арганізацыя – Міжнародны каардынацыйны камітэт замежных чэхаў. Мэта гэтай арганізацыі –  стварыць платформу для сустрэчаў чэхаў замежжа і людзей чэшскага паходжання з прадстаўнікамі грамадскіх, культурных і дзелавых колаў Чэхіі.

Пры Міністэрстве замежных спраў Чэхіі працуе Дэпартамент чэхаў замежжа, культурных сувязяў і прэзентацыі Чэшскай рэспублікі ў замежжы. Яго асноўная мэта – прадстаўленне фінансавых субсідый арганізацыям чэхаў замежжа ў адпаведнасці з пазначанай вышэй пастановай. Таксама дэпартамент заснаваў узнагароду за лепшае прадстаўленне Чэхіі і папулярызацыю Чэшскай культуры ў замежжы.

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.