Могілкі Пэр-Лашэз адны з самых знакамітых ва ўсім свеце. Менавіта на Пэр-Лашэз у Парыжы пакоіцца вялізная колькасць вядомых палітыкаў, генералаў, вучоных, пісьменнікаў, музыкаў, мастакоў, акцёраў. Сярод гэтага спісу знакамітасцяў ёсць і магіла выбітных беларусаў: Міколы Абрамчыка (прэзідэнт Рады БНР 1947-1970) і яго жонкі Ніны Абрамчык (дзявочае прозвішча Ляўковіч, беларуская пісьменніца). Таму, падчас свайго візіта ў сталіцу Францыі, не забудзьцеся наведаць і іх магілу.
Доўгі час дакладнае месцазнаходжанне магілы Прэзідэнта БНР было невядомым, што тлумачыцца, як вялікім памерам Пэр-Лашэз, так і шматлікімі зменамі, якія прайшлі на могілках. Больш таго, на магіле Абрамчыкаў ніколі не было ўсталявана помніка, а на магільнай пліце з цягам часу сцерліся ўсе шыльды і надпісы. Аднак дзякуючы карпатлівай працы супольнасці "Беларуская Нацыянальная Памяць", а таксама дапамозе айца Аляксандра Надсана, гісторыка Наталлі Гардзіенкі і доктара Янкі Запрудніка быў знойдзены прыкладны план магілы Абрамчыкаў. У кастрычніку 2007 разам з сынам Міколы Абрамчыка Альгердам магілу наведалі сябры Рады БНР. Крыху пазней на сесіі Рады было вырашана ўсталяваць там надмагільны помнік.
У Інтэрнэце магіла Абрамчыкаў вядома пад фотаздымкам, зробленым "Беларускай Нацыянальнай Памяццю" у жніўні 2008 года.
Магіла Міколы і Ніны Абрамчык. Жнівень, 2008 г. (с) "Беларуская Нацыянальная Памяць"
Аднак на сённяшні дзень (люты 2012) яна выглядае іншым чынам! А менавіта так:
Знайсці магілу Міколы і Ніны Абрамчык няцяжка, бо яна адмыслова пазначана на мапе GoogleMaps.
Спачатку трэба знайсці галоўны ўваход на Пэр-Лашэз, на які выходзіць вуліца Rue de la Roquette, прайсціся па могілках да Avenue du Puits, звярнуць налева і, амаль адразу, зноў налева на Avenue Thirion, прайсці палову вуліцы і нарэшце звярнуць направа ў пошуках патрэбнай пліты.
Прыйшоўшы на магілу Міколы і Ніны Абрамчык, не палянуйцеся прыбраць яе. Калі ў Вас будзе жаданне ўскласці кветкі ці запаліць свечку, то набыць іх можна непадалёк ад цэнтральнага ўвахода на супрацьлеглым баку вуліцы.
Раман Мароз, marose1.blogspot.com