100 год таму падчас правядзення Сталыпінскай рэформы беларусы масава перасяляліся ў Прыбайкалле. Там ўтварыліся цэлыя беларускія вёскі. І цяпер там можна сустрэць бабуль, якія спяваюць традыцыйныя беларускія песні. Фактычна, гэта ўжо песні-помнікі. Такіх у Беларусі не пачуеш. Гэтыя песні-помнікі збіраюць, развучваюць ды спяваюць удзельніцы гурта “Крывічы”, створанага пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Як ствараўся гурт, хто быў галоўным настаўнікам спеваў, распавядае кіраўніца гурта Вольга Галанава.
Вольга Галанава
- Воля, скажыце, калі ласка, ці маеце Вы музычную адукацыю?
- Не, музычнай адукацыі я не маю.
- А астатнія дзяўчаты?
- Не, ні ў кога няма на самай справе.
- Як прыйшла ў галаву думка стварыць такі гурт?
- Я іх пачала збіраць, дзяўчат нашых (у гурце, акрамя мяне, яшчэ чатыры дзяўчыны), каб разам спяваць трохі больш за год таму. Вырашыла, што ўсё ж такі трэба. У нас на святах было нешмат спеваў увогуле, хацелася, каб іх было больш. Я нідзе раней не спявала, але ўсё ж такі жаданне было. Мы паспрабавалі. Спачатку было зусім дрэнна. Нічога не атрымлівалася, увогуле нічога. Потым па-троху штосьці пачало атрымлівацца. Канешне, ёсць да чаго яшчэ ісці, але штосьці ўжо ёсць. Спевы, якія ёсць у Іркуцкай вобласці, дагэтуль існуюць. Іх можна пачуць ад бабуль, бабулі там спяваюць, але яны спяваюць зрэдку ўвогуле. На святах іх не ўбачыш, бо яны ўжо старыя, ногі баляць, яны нікуды не выходзяць, калі толькі іх падвезці.
- Атрымліваецца, што гэтыя бабулі на мерапрыемствы не прыходзяць, і Вы ездзіце самі да іх?
- Мы ездзім да іх. Таксама ў нас ёсць магчымасць паслухаць, як спяваюць бабулі, калі мы ладзім фэст беларускай культуры ў вобласці Іркуцкай дзякуючы Алегу Рудакову. На самай справе ён шукае грошы, каб яны маглі даехаць да Іркуцка, тады мы іх чуем. Мы зацікаўленыя ў тым, каб яны ўсё ж такі спявалі гэтыя песні старыя, таму што нават кіраўнічкі дамоў культуры ў вёсачках разумеюць народную культуру па-іншаму. Яны хочуць чуць зусім іншыя спевы, гэтыя кіраўнічкі часцяком як у тумане сабе ўяўляюць, чым ёсць беларуская мова, нават гукі беларускія сапраўдныя. Яны не разумеюць, што мелодыка беларускай песні такая менавіта, а не іншая, і лічаць яе часцяком нейкай бруднай, нячыстай. Вы ж ведаеце, што спевы, напрыклад, у рускіх, яны больш меладычныя, больш роўныя, а беларускія спевы, яны з выбухамі. Таму гэтыя кіраўнічкі іх знішчаюць патроху, і словы, якія для іх нязвыклыя, таксама пераробліваюць на рускія, і нам даволі цяжка з гэтым спрачацца, таму мы спрабуем запісваць гэтыя спевы такімі, як яны ёсць, і трэба ж іх спяваць патроху, каб зусім не загінулі.
- Такім чынам, можна лічыць, што гэтыя бабулі і ёсць вашыя асноўныя настаўнікі?
- Так. Дзяўчынкам напачатку было вельмі цяжка, таму што не тое каб яны не маглі даведацца значэнне таго ці іншага слова, у нас і слоўнікі ёсць, але для таго, каб гукі атрымліваліся беларускія, павінен прайсці час, асабліва, калі ў сям’і не размаўляюць па-беларуску, а размаўляюць па-руску, да таго ж ва ўсіх навучальных установах, у школах паўсюль навучанне ідзе па-руску, і да чаго мы прызвычаліся, дык гэта да гукаў рускіх, а беларускія зусім іншыя, як яны вымаўляюцца, як ўвогуле сказы будуюцца, усё іншае. І дзяўчатам было напачатку складана, мне было трохі лягчэй, бо ў мяне прабабабуля і прадзядуля да скону свайго жыцця так і не навучыліся размаўляць па-руску. Яны так і гаварылі па-беларуску ўвесь час, нават мой бацька заўсёды на іх сварыўся, але сам ўсё роўна ўжываў беларускія словы. Можа, і не ведаў ужо, што яны беларускія.
Гурт "Крывічы"
- Як часта вы збіраецеся на рэпетыцыі?
- Два разы на тыдзень. Дні, па якіх мы збіраемся, гэта аўторак і субота. Спяваем дзесьці паўтары, дзве, а то і тры гадзіны. Але, акрамя гэтага, яшчэ збіраемся, каб трохі пачытаць штосьці з этнаграфічнага матэрыялу, каб дарабіць сабе строі. Ведаеце, гэта праца бясконцая. Збіраемся таксама, каб патанчыць. У нас у вёсках засталіся некаторыя танцы традыцыйныя, якія мы спрабуем танчыць. Да таго ж трэба рыхтавацца да святаў, якія мы ладзім. І яшчэ збіраемся. Атрымліваецца, што амаль што кожны дзень збіраемся, не збіраемся толькі ў нядзелю, гэта ў нас выходны.
- Вы ж яшчэ і працуеце кожны дзень…
- Так, усе дзяўчаты працуюць, усе ўжо скончылі навучальныя ўстановы, акрамя адной. Яна ў нас самая маладая, ёй 20 год. А ўсе астатнія значна старэйшыя.
- Я глядзела відэасюжэты з абрадавых святаў, якія вы ладзілі. Бачыла, што многія дзяўчаты на Купалле, на Гуканне вясны загадваюць жаданні, у тым ліку і замуж выйсці. Дык як, спраўджваюцца жаданні?
- Калі на Купалле некаторыя дзяўчаты загадваюць жаданне выйсці замуж, дык у іх атрымліваецца, нават дзяцей некаторыя ўжо нарадзілі, а на Гуканне вясны чамусьці не. Жадаюць, жадаюць, жаданне загадваюць, а яно не збываецца. Дзеўкі потым скардзяцца: “Як так? Мы жаданне выказвалі так гучна, усё чулі, а не спраўдзілася”
- А ці не плануеце Вы пашыраць склад удзельнікаў гурта? Запрашаеце іншых людзей да спеваў?
- Так, мы запрашаем, асабліва падчас святаў. Складанасць толькі ў тым, што сёння чалавек прыйшоў, а заўтра не прыйшоў, паслязаўтра таксам не прыйшоў, а прыйшоў праз месяц. І атрымліваецца, надышоў час спеваў, а ён недзе не трапляе. І таму калі мы кудысьці едзем выступаць, то збіраем толькі тых, хто ходзіць на ўсе рэпетыцыі. Да таго ж гэта больш зручна, мы ўпэўнены, што едзем усе разам, што ніхто нідзе не застанецца. Прыходзяць бывае і да 20 чалавек спяваюць. Але асноўны касцяк – гэта 5 чалавек.
- Што маеце ў бліжэйшых планах, якія выступленні?
- Мы збіраемся зладзіць, як прыедзем, дзве экспедыцыі па вёсках беларускіх, каб паспяваць разам з бабулямі і адчуць, як яны гэта робяць. Потым у нас у хуткім часе адбудуцца дажынкі. Некалькі вячорак зладзім. Вось так на бліжэйшы час.
- Дзякуй вялікі за гутарку! Поспехаў Вам!
Вольга Галанава на сядзібе Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага з першым ручніком, які яна ўласнаручна саткала