Беларусь-Амерыка: лёсы землякоў. Барыс Кавэрда

Пра адну з самых неадназначных асобаў беларускага паходжання, якія апынуліся ў Амерыцы, -- Барыса Кавэрду -- піша старшыня Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА Віталь Зайка.

Пра адну з самых неадназначных асобаў беларускага паходжання, якія апынуліся ў Амерыцы, -- Барыса Кавэрду -- піша старшыня Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА Віталь Зайка.

"Сярод спрэчных і неадназначных постацяў беларускага паходжаньня, якія апынуліся ў Амэрыцы, пэўную цікавасьць уяўляе Барыс Кавэрда, імя якога запомнілася яшчэ са школьных часоў. 7 чэрвеня 1927 году на пэроне Варшаўскага вакзалу 19-гадовы гімназіст Барыс Кавэрда забіў стрэламі з рэвальверу савецкага паўнамоцнага прадстаўніка (амбасадара) ў Польшчы Пятра Войкава. Імя Кавэрды прагрымела на ўвесь сьвет. З аднаго боку мяжы Кавэрду ўслаўлялі расейскія эмігранцкія колы як мсьціўца за сьмерць расейскай царскай сям’і. Ахвяра забойства П. Войкаў і сам быў, дарэчы, баевіком-тэрарыстам у маладосьці, плянаваў забойства бургамістра Ялты, а будучы ў Польшчы адзін час плянаваў забойства Пілсудзкага. У 1918 г. Войкаў браў, як сябар Уральскага савету, непасрэдны ўдзел у расстрэле Мікалая ІІ і ягоных блізкіх. Пасьля забойства Кавэрду прысьвячаліся ўзьнёслыя вершы, шырака разыходзіліся паштоўкі зь ягоным фатаздымкам, зробленым у час суду. З другога боку мяжы, у СССР, Кавэрду кляймілі як “гнюснага найміта капіталу”, што падняў руку на прадстаўніка “першай рэспублікі рабочых і сялян”. Звычайна Кавэрду дасюль лічаць расейцам, і нават у энцыкляпэдыях ён называецца “белаэмігрантам”, “выхадцам з манархічных колаў” і нават “расейскім афіцэрам”.

На самой справе Кавэрда ня быў белаэмігрантам, бо ў 1907 г. нарадзіўся ў Вільні, дзе і пражыў большую частку жыцьця да свайго гучнага тэракту. Бацькі Кавэрды былі настаўнікі, праваслаўныя беларусы, і ў сям’і карысталіся беларускай мовай. Падчас Першай сусьветнай вайны бацька Кавэрды быў мабілізаваны ў войска, а Барыс з маці й дзьвюма сёстрамі падаліся ў бежанства і трапілі ў Самару, дзе пражылі 5 год і сталі сьведкамі рэвалюцыі й грамадзянскай вайны ў Расеі. Затым сям’я вярнулася ў Вільню, што ўвайшла ўжо ў склад новапаўсталай Польскай рэспублікі. Бацька Кавэрды быў эсэрам, і меў дачыненьне да беларускага нацыянальнага руху, у тым ліку, як лічыцца, належаў да арганізацыі “Зялёны Дуб”. Маці Кавэрды працавала ў Беларускім дзіцячым прытулку ў Вільні, а Барыс вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі.

Напэўна, усе гэтыя гады ішло пакутлівае фармаваньне нацыянальнай сьведамасьці Барыса, на якое ўплывалі чыньнікі беларускі, польскі й расейскі, і якое вырашылася канчаткова на карысьць апошняга. Падобна, што падзеі бальшавіцкага панаваньня і гвалтаў, сьведкам якіх быў Барыс, расстрэлы сяброў і знаёмых, гвалт над грамадзтвам, перасьлед царквы – зрабілі зь яго моцнага антыкамуніста. Засталіся сьведчаньні, што Барысу не смакавалі левыя і прасавецкія пагляды шмат каго ў Віленскай беларускай гімназіі й у рэдакцыі левай газэты “Беларуская думка”, дзе Кавэрда падрабляў экспэдытарам. Кавэрда пакінуў гімназію дзеля канфлікту зь яе дырэктарам Радаславам Астроўскім, і перайшоў у гімназію Віленскага расейскага таварыства. Ён таксама зьмяніў месца працы, зрабіўшыся карэктарам беларускай антыкамуністычнай газэты “Грамадзкі Голас” (пазьней “Беларускае Слова”), рэдактарам якой быў Арсень Паўлюкевіч, адзін з арганізатараў Слуцкага Збройнага Чыну, пазьней старшыня прапольскай “Беларускай Рады”, які меў заступнікам драматурга Францішка Аляхновіча. У сваіх паказаньнях на судзе Кавэрда ўзгадвае доўгія гутаркі з Паўлюкевічам, прызнае, што вагаўся з выбарам сваіх нацыянальных арыентыраў.

У рэшце рэшт Кавэрда робіцца, у тым ліку пад уплывам другога знаёмага, былога казачага есаула Якаўлева, выдаўца віленскай расейскамоўнай газэты “Новая Расея”, расейскім патрыётам.

Матэрыяльныя ўмовы сям’і Кавэрдаў, якую пакінуў бацька (можа яшчэ адзін чыньнік не на карысьць беларускага выбару Барыса), былі вельмі дрэнныя, і сучасьнікі прызнаюць, што Кавэрда вельмі саромеўся гэтага. Кавэрда па газэтах сачыў за паведамленьнямі аб пераездах Войкава і пастанавіў забіць яго. За дзень да ад’езду зь Вільні ў Варшаву Барыс Кавэрда быў выключаны з расейскай гімназіі за неаплату вучобы. Апошнія грошы Кавэрда выдаў на білет і некалькі тыдняў побыту ў Варшаве, дзе ён здымаў прыватную кватэру і меў, па ягоных словах, паўгалоднае існаваньне. Споўніць свой плян Кавэрду не ўдавалася, і ён зрабіў апошнюю спробу, прыйшоўшы на пэрон 7 чэрвеня 1927 году. Там ён убачыў Войкава, якога ўжо ведаў у твар, і гандлёвага прадстаўніка Розэнгольца, якога Кавэрда палічыў за супрацоўніка польскага міністэрства замежных справаў. Зрабіўшы некалькі стрэлаў, Кавэрда цяжка параніў Войкава і здаўся паліцыянтам.

Ня хочучы абвастрэньня з Саветамі, польскі суд прысудзіў Кавэрду пажыцьцёвае зьняволеньне, у адрозьненьне ад падобнай справы 1923 г. з забойствам Вароўскага ў Швайцарыі, дзе два забойцы-расейцы былі апраўданыя. Чын Кавэрды даў штуршок новым рэпрэсіям і антызаходняй гістэрыі ў Саветах, але ня выклікаў ані паўстаньняў, ані значнага пагаршэньня адносінаў паміж СССР і Захадам, на якія спадзяваўся Кавэрда. Разам з гэтым Кавэрда стаў кумірам расейскай эміграцыі, яго ўважалі за прыклад моцнага духу, за чалавека, здольнага на ахвярны ўчынак. Выглядае, што гэткія людзі, як Кавэрда, напэўна сталі пасьля доўгіх гадоў выгнаньня дэфіцытам у грамадзе, дэмаралізаванай праз адарванасьць ад бацькаўшчыны, правакацыі агентуры ГПУ (Апэрацыя “Трэст”), проста праз барацьбу за існаваньне на чужыне. У вязьніцы Кавэрда атрымліваў сотні ўзрушаных лістоў ад расейцаў з усяго сьвету (натуральна, па-за Саветамі).

Пасьля 10 гадоў у турме Кавэрда па амністыі выйшаў на волю й перабраўся ў Югаславію, ажаніўся, вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Белградзе. Вайной быў у Варшаве, пасьля вайны праз Ліхтэнштэйн і Францыю перабраўся ў Злучаныя Штаты. Першыя спробы Кавэрды трапіць у Амэрыку былі няўдалыя, але пасьля прыняцьця Акту Макарана-Ўолтара Кавэрда змог, з дапамогай Талстоўскага фонду і Аляксандры Талстой, дачкі вялікага пісьменьніка, прыехаць у Нью-Ёрк. Там ужо ад 1952 году жылі ягоная жонка і дзеці. У Амэрыцы Барыс Кавэрда працаваў у рэдакцыі газэты “Расія”, а потым — перакладчыкам у газэце “Новае Рускае Слова”. Падзеі 1927 году ды іх матывы былі апісаныя Кавэрдам у кароткім мэмуары, надрукаваным у 1984 г. Памёр Барыс Кавэрда ў лютым 1987 г. у Вашынгтоне, пахаваны ў Спрынг-Ўэлы (штат Нью-Ёрк).

Па словах беларускага дасьледчыка Валянціна Грыцкевіча, “Забойства <…> савецкага дыплямата да беларускіх справаў дачыненьня ня мае. Залічаць Б. Кавэрду ў лік “беларускіх герояў”, як уяўляецца мне на аснове аналізу крыніцаў, наўрад ці выпадае.” Разам з тым нялёгкі й трагічны лёс беларускага юнака, які стаў, па словах другога беларускага дасьледчыка Сяргея Крапівіна, “зерняткам паміж двух жорнаў” (цытата з Салжаніцына) – наводзіць на сумныя роздумы пра мільёны такіх зерняткаў, што, без сваёй нацыянальнай і сапраўды беларускай дзяржавы, былі і будуць яшчэ расьцертыя ў пыл".

Віталь Зайка, газета "Беларус" (№ 563-564, за снежань 2009 г. - студзень 2010 г.)