Вянок памяці - Алег Махнюк (ЗША)

21 лютага ў штаце Нью-Джэрсі памёр беларускі мастак Алег Махнюк.

Алег Махнюк прыйшоў на свет 7 траўня 1928 г. на Браслаўшчыне.З 1944 г. – на чужыне. Браў актыўны ўдзел у беларускім скаўтынгу, вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Максіма Багдановіча ў Ватэнштэце (брытанская зона акупацыі, Ніжняя Саксонія). Менавіта скаўтынг і школьніцтва ў паваеннай Нямеччыне сталі тым падмуркам, на якім будавалася Беларусь у Амерыцы. Пры канцы 1940-х перабраўся ў ЗША. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці, напачатку ў моладзевым руху. Узяў удзел у І Кангрэсе беларусаў Амерыкі, што прайшоў у Саўт-Рыверы, потым уваходзіў у кіруючыя органы Беларускага кангрэсавага камітэта. Спяваў у беларускім хоры «Каліна», якім кіраваў Ксаверы Барысавец.У 1960-х высвяціўся на дыякана, браў удзел у з’ездах парафій, якія падпарадкоўваліся экзарху канстанцінопальскага патрыярха ў ЗША. Але нават калі нічога гэтага не было, то даробак Алега Махнюка нельга было б не заўважыць у самым прамым сэнсе гэтага слова. У канцы 1960-х беларусы Саўт-Рывера вырашылі пабудаваць уласную царкву. Самі рылі катлаван, самі рабілі фундамент. А. Махнюк у двары свайго дома зрабіў купал царквы. А потым яшчэ парабіў рамкі для іконаў, аналоі, іканастас, сходы для царквы. Усяго не пералічаш.А яшчэ А. Махнюк быў добры пейзажыст і скульптар. Ён на пяць гадоў перажыў жонку – мастачку Люду Махнюк, што адышла ў лепшы свет у лістападзе 2003 г. Цяпер сышоў сам. 24 лютага ён быў пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы побач з жонкай.Янка Запруднік у лісце напісаў: "Cмерць Махнюка – вялікая страта. Тым больш, што раптоўная (праляжаў тыдзень у шпіталі), Прычына смерці – ускладненні ў выніку пнеўманіі. Вечная памяць".

Паводле "Нашай Нівы"