Шушкевіч і Някляеў заклікалі Радзівілаў абумовіць удзел ва ўрачыстасцях у Нясвіжы вызваленнем палітвязняў

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Радзвілаў узяць удзел у адкрыцці адрэстаўраванага Нясвіжскага палаца 11 снежня.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч і былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў напісалі адкрыты ліст Радзівілам. У лісце палітыкі заклікаюць вядомы род магнатаў абумовіць свой удзел ва ўрачыстасцях у Нясьвіжы вызваленнем палітычных вязняў у Беларусі.

Адкрыты ліст накіраваны прадстаўніку рода, князю Каралю Радзівілу, які пражывае ў Варшаве.

Шушкевіч і Някляеў пішуць, што яны даведаліся аб тым, што Караль Радзівіл і прадстаўнікі яго сям’і атрымалі запрашэнне ад Аляксандра Лукашэнкі прыняць удзел ва ўрачыстым адкрыцьці адрэстаўраванага Нясвіжскага палаца. І таму звяртаюцца да «Князя-Ардыната і Яго» сям’і з просьбай, каб свой прыезд абумовіў вызваленнем беларускіх палітвязняў.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Радзівілы атрымалі запрашэнне на нясвіжскую ўрачыстасць, якая адбудзецца 11 снежня.

Салідарнасць