У Гродне ўсталюць бюст Багдановіча

Бюст Максіма Багдановіча усталююць у Гродне ў гонар 120-годдзя з дня нараджэння паэта.

Як распавёў начальнік аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Віталь Мамачкін, ужо распрацаваная неабходная дакументацыя, у бліжэйшы час абвесцяць конкурс на найлепшы праект бюста. Вызначанае і месца яго ўсталёўкі - гарадскі парк імя Жылібера. Гэта як раз непадалёк ад дома, дзе жыла сям'я паэта.

Максім Багдановіч правёў у горадзе на Нёмане дзіцячыя гады, з 1892-га па 1896-ы. Тут у сям'і здарылася трагедыя - памерла маці, яе пахавалі ў Гродне. З 1986 года ў будынку, дзе раней жылі Багдановічы, размясціўся літаратурны аддзел Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, а з 1995-га - музей Максіма Багдановіча. Тут сабраныя асабістыя рэчы паэта і яго сям'і, дакументы, лісты, зборнікі вершаў, у тым ліку выдадзены пры жыцці паэта ў 1913 годзе "Вянок".

Tut.by