На 83-м годзе жыцця памёр драматург і сцэнарыст Алесь Петрашкевіч, аўтар п’есы “Напiсанае застаецца” і суаўтар сцэнара серыяла “Час выбраў нас”. Развітанне прайшло ў зале цырымоній лечкамісіі 26 жніўня.
Алесь Петрашкевіч нарадзіўся 1 мая
Каментар сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Лідзіі Савік:
– Алесь Петрашкевіч для беларускай літаратуры, гісторыі, культуры – найталенавіцейшая асоба. Ён пакінуў настолькі глыбокі і значны след у культуры, што, я думаю, яго імя застанецца ў памяці нашчадкаў назаўсёды, пакуль будзе жыць беларуская мова, пакуль будзе жыць беларускі народ.
Нельга не згадаць энцыклапедычную дзейнасць Алеся Петрашкевіча. Ён працаваў над Беларускай Савецкай Энцыклапедыяй, заснаваў серыю “Памяць” – больш за 100 кніг выйшла па ўсіх раёнах Беларусі. Там можна знайсці звесткі і пра рэпрэсаваных, і пра загінулых у часе Вялікай Айчыннай вайны жыхароў гэтых раёнаў. Алесь Петрашкевіч распрацаваў методыку гэтага выдання, ён быў яго ініцыятарам і натхняльнікам. Гэта неацанімы ўнёсак у нашу культуру.
Алесь Петрашкевіч быў таксама і выдатным публіцыстам, яго публіцыстыка была вельмі вострай, сучаснай нават і ў нашы дні. Ён заўсёды з вялікім болем пісаў пра нашу гісторыю. Гістарычныя драмы – тое, чым ён адметны. Алесь Петрашкевіч – адзіны, хто напісаў драматургічны летапіс беларускай гісторыі. Ён адкрыў шмат невядомых старонак гісторыі. Выдатныя яго кнігі “Воля на крыжы”, “Здрапежаная зямля”, дзе сабраныя гістарычныя драмы пра падзеі ад часоў Рагвалода і Рагнеды да савецкіх часоў. Вартыя ўвагі п’есы, прысвечаныя не толькі гісторыі, але і сучаснасці, напрыклад, “Інтэлігенты”.
Цяжка пералічыць усе дасягненні Алеся Петрашкевіча, грамадзянскі подзвіг яго вельмі значны. Ды і проста як чалавек ён таксама быў цудоўны: выдатны сем’янін, сумленны грамадзянін. Шкада, што цяпер яго няма з намі. Усё ж я думаю, што яго імя, яго творчасць і справы назаўсёды застануцца ў памяці нашчадкаў.
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Алеся Петрашкевіча, а таксама ўсім, хто ведаў і шанаваў яго. Мір вечны яго душы!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”