Малая Рада зацвердзіла план дзейнасці “Бацькаўшчыны” на гэты год

Пасяджэнне Малой Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” адбылося 24 сакавіка ў Мінску. Падчас пасяджэння была зацверджана фінансавая справаздача дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” за 2010 год і прыняты план дзейнасці Згуртавання на 2011 год.
Пасяджэнне Малой Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” адбылося 24 сакавіка ў Мінску. Падчас пасяджэння была зацверджана фінансавая справаздача дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” за 2010 год і прыняты план дзейнасці Згуртавання на 2011 год. Планам прадугледжана 80 пунктаў. Пералічым некаторыя з іх.

У галіне арганізацыйнай і прававой дзейнасці запланавана:

-- падрыхтоўка і дасылка паўторных зваротаў да дзяржаўных органаў РБ па пытаннях, выкладзеных у праграме “Беларусы ў свеце”, прынятай V з’ездам беларусаў свету;

-- удзел у Кансультатыўным савеце кіраўнікоў грамадскіх арганізацый суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой пры Міністэрстве культуры;

-- удзел у Рабочай групе Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў па распрацоўцы закона аб беларусах замежжа;

-- аказанне практычнай дапамогі беларускім суполкам у  арганізацыі іх дзейнасці, у тым ліку падтрымка пры стварэнні новых беларускіх суполак  у замежжы і рэгіянальных арганізацый у Беларусі;

-- правядзенне сумесных мерапрыемстваў і ўдзел у мерапрыемствах, арганізаваных асяродкамі беларускай дыяспары і інш.

У галіне навукі і адукацыі плануецца ўручэнне прэміі Ігната Дварчаніна, збор матэрыялаў для кнігі А. Кавалеўскага, а таксама для кнігі Наталлі Гардзіенкі пра беларусаў Канады, распрацоўка канцэпцыі супрацоўніцтва з Інстытутам культуры Беларусі і інш.

У галіне выдавецкай дзейнасці на 2011 год запланавана выданне ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” кніг Наталлі Нардзіенкі “Беларусы Канады”, Юркі Віцьбіча “Лшона Габоа Бійрушалайм” (даваенная проза), Лявона Юрэвіча “Шматгалосы эпісталярый”, Паўлін Джонсан-Текеянўакей “Легенды Ванкувера” ў перакладзе Ірыны Варабей. Таксама плануецца перавыданне кніг Алега Трусава “Невядомая нам краіна” і Анатоля Грыцкевіча “Старонкі нашай мінуўшчыны”, падрыхтоўка да друку матэрыялаў Чацвёртага і Пятага  з’ездаў беларусаў свету, выданне збору твораў Алеся Петрашкевіча, выданне літаратурнага бюлетэню “Кніганоша”, у тым ліку падрыхтоўка англамоўнага дайжэсту “Кніганоша” па выніках года.

У галіне культуры і асветы згодна з планам прадугледжана:

-- арганізацыя выставы мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”;

-- аказанне практычнай дапамогі ў арганізацыі дзейнасці беларускім культурна-асветным і навуковым установам у замежжы (музеям, бібліятэкам, архівам);

-- перадача кніг у бібліятэкі беларускіх асяродкаў у замежжы, а таксама ў навучальныя ўстановы, бібліятэкі, дзіцячыя дамы Беларусі;

-- удзел у святочных імпрэзах арганізацый-партнёраў да юбілеяў выбітных дзеячаў культуры і г.д.

Таксам планам прадугледжана праца па каардынацыі дзейнасці агульнанацыянальнай грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Падчас пасяджэння Радзім Гарэцкі ўзняў пытанне аб неабходнасці збірання архіваў беларускай дыяспары. У сувязі з гэтым паступіла прапанова ад Алега Трусава, якая была падтрымана сябрамі Рады, стварыць Грамадскую архіўную камісію.

Сябрамі Рады была падтрымана прапанова Уладзіміра Арлова наконт замены мемарыяльнай пліты ў Вільні на Лукішскім пляцы на месцы гібелі Кастуся Каліноўскага. На пліце памылкова ўказаны год нараджэння Кастуся Каліноўскага як 1836–ы, а не 1838-ы. Да таго ж, надпіс на пліце зроблены на рускай мове, таму вырашана не проста выправіць дату нараджэння, а цалкам замяніць шыльду, замяніўшы рускі тэкст  на беларуска- і літоўскамоўны. Гэты праект будзе рэалізоўвацца супольна Згуртаваннем “Бацькаўшчына” і Таварыствам беларускай культуры ў Літве.

Было прынята рашэнне правесці супольна з Таварыствам беларускай мовы кампанію з заклікам абвесціць наступны год на дзяржаўным узроўні Годам беларускай мовы, тым больш што ў 2012 годзе спаўняецца 130 год з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”