У Санкт-Пецярбургу напісалі дыктоўку ў гонар Васіля Быкава

У дзень нараджэння Васіля Быкава, 19 чэрвеня, у Санкт-Пецярбургу прайшла памятная імпрэза ў гонар Народнага пісьменніка Беларусі. Мерапрыемства было арганізавана моладдзю Санкт-Пецярбурга і  МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

У дзень нараджэння Васіля Быкава, 19 чэрвеня, у Санкт-Пецярбургу прайшла памятная імпрэза ў гонар Народнага пісьменніка Беларусі. Мерапрыемства было арганізавана моладдзю Санкт-Пецярбурга і  МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Вечарына праходзіла ў бібліятэцы нацыянальных культур. Гэта традыцыйнае месца сустрэч беларусаў, якія жывуць у горадзе на Няве.

Спецыяльна на мерапрыемства з Беларусі прыехаў вядомы бард Алесь Камоцкі. Ён падзяліўся сваімі  ўспамінамі пра Васіля Быкава: “Мне сапраўды пашчасціла быць знаёмым з Быкавым. Мы шмат размаўлялі. Размаўлялі як старэйшы мужык  з маладзейшым. Розніца ва ўзросце не перашкаджала, а часам нават спрыяла лепшаму разуменню адзін аднаго. Безумоўна, гэтае знаёмства паўплывала на маё жыццё і вельмі шмат мне дало”.

Алесь Камоцкі

Алесь Камоцкі

Падчас імпрэзы Алесь Камоцкі не толькі  парадаваў прысутных сваімі песнямі, але яшчэ і выступіў у якасці  выкладчыка беларускай мовы. Ён прачытаў прысутным дыктоўку на беларускай мове – урывак з кнігі Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”.

Не абышлося і без падарункаў. Усе ўдзельнікі імпрэзы атрымалі дыскі з аўдыёзапісамі аўтарскага чытання кнігі ўспамінаў Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”, а таксама набор паштовак ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Аднаму з удзельнікаў імпрэзы Алесь Камоцкі падарыў сваю цішотку

Акрамя таго, Алесь Камоцкі перадаў бібліятэцы нацыянальных культур кнігі Васіля Быкава і некалькі  аўдыёзапісаў  “Доўгай дарогі дадому”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”