У Беластоку пройдзе прэзентацыя „Гісторыі беларусаў Падляшша”

Сёння ў межах дыскусійнага клуба “АБ-БЫ” пройдзе сустрэча, прысвечаная “Гісторыі беларусаў Падляшша” аўтарства беларускіх гісторыкаў з Беласточчыны, з удзелам прафесара Алега Латышонка і гісторыка Славаміра Іванюка. Дыскусійныя клубы нязменна праходзяць з удзелам Міколы Ваўранюка як мадэратара сустрэч.

РР: Ці “Гісторыя беларусаў Падляшша” – гэта тая тэма, якая яшчэ не прагаворана?

Мікола Ваўранюк: Я думаю, гісторыя да канца ніколі не будзе прагаворанай. Таксама гісторыя вельмі звязана з палітыкай.

Ведаеце, чым адрозніваецца гісторык ад Бога? Тым, што Бог ужо не змяняе таго, што было, а гісторыкі стараюцца памяняць – кожны піша на свой капыл. І, я лічу, добра сталася, што ў гэтым шматгалоссі з’явіўся моцны голас гісторыкаў, якія паходзяць з беларускай грамады на Падляшшы і самі пра сябе, пра нас напісалі фундаментальную кнігу. У ёй аўтары вядуць нас праз шмат стагоддзяў па гэтым беларуска-польскім памежжы, паколькі тое ж Падляшша, якое вынесена ў загаловак, даволі ўмоўнае: мяняліся межы, на працягу стагоддзяў не было адзінай краіны. Ад самых першых слядоў чалавецтва, ад археалагічных знаходак на гэтай тэрыторыі і да сённяшняга дня – пра ўсё гэта можна знайсці ў кнізе.

Што я лічу самым галоўным тут? Гэта ўдалая спроба сістэматызацыі ведаў, своеасаблівая экскурсія праз стагоддзі, якая вельмі ясна праведзена, пачынаючы ад таго ж Падляшша: чым яно было, чым ёсць. Вось пра гэтую кнігу і пагаворым з рэдактарамі сёння.

Над гэтай кнігай працаваў вялікі калектыў гісторыкаў. У выніку паўстала такая фундаментальная праца, аўтары якой з круга Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы. Ініцыятыва, што падкрэслівае старшыня таварыства, выйшла ад Аб’яднання бацькоў і дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову, “АБ-БА”. Ідэя зарадзілася ў час выпрацоўкі стратэгіі развіцця беларускай асветы ў Польшчы з удзелам двух міністэрстваў.

Дарэчы, усе ўдзельнікі сённяшняга дыскусійнага клуба атрымаюць “Гісторыю беларусаў Падляшша”.

РР: Як Вы ўзгадалі раней, гісторыя звязана з палітыкай і часта выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Асабліва гэта можна казаць пра гісторыю памежных тэрыторый. Ці, паводле Вас, выкліча гэтая кніга дыскусію беларуска-польскую? Бо пакуль выглядае так, што мы ствараем гісторыю сабе, палякі – сабе.

Мікола Ваўранюк: Маю надзею. Я спадзяюся, што гэта будзе канструктыўная, станоўчая дыскусія. Па-першае, такія дыскусіі заўсёды робяць рух наперад у грамадстве, выклікаюць прымірэнне, узаемаразуменне. І я спадзяюся, што пра яе будуць гаварыць.

Кніга напісана на польскай мове. І я маю надзею, што ёй будуць карыстацца настаўнікі ў школах, што яна дойдзе да шырэйшай свядомасці не толькі беларусаў, але перадусім палякаў, якія зразумеюць, што побач з імі жывуць беларусы, якія маюць сваю гісторыю.

РР: І часам гэтая гісторыя супольная…

Мікола Ваўранюк: Я на гэта разлічваю. Але, з другога боку, той час, калі кожная публікацыя, кніжнае выданне выклікала вялікую дыскусію і эмоцыі, ужо даўно мінуў. Мы маем шмат кніжнай прадукцыі, якая расплываецца, яе ніхто не заўважае…

РР: Ведаю, што ўдзельнікаў сённяшняй дыскусіі, акрамя кнігі, чакае яшчэ бонус.

Мікола Ваўранюк: Так, гэта канцэрт калектыва “Кумы і сванькі”, у якім ёсць якраз сябры “АБ-БЫ”. З іх выступу і пачнем нашу сустрэчу ў 18 гадзін у Склепе з культурай у пачатковай школе №4, што ў Беластоку па вул. Чэнстахоўская 6а. Уваход ад шчыта будынка.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Зміцер Косцін, “Беларускае Радыё Рацыя