Леанід Лыч. Беларускае нацыянальнае пытанне ў калейдаскопе думак

Часопіс “Беларуская думка”, які выдаецца ў Нью-Ёрку, у сакавіцкім нумары надрукаваў першую частку кнігі сябра Вялікай Рады “Бацькаўшчыны”, доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Лыча “Беларускае нацыянальнае пытанне ў калейдаскопе думак”. З ласкавай згоды аўтара мы таксама публікуем гэты тэкст.

Істотныя хібы дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры прывялі да рэзкага зніжэння ў ёй ролі свайго і запанаванне чужога пачатку, што абумовіла сур'ёзнае абвастрэнне беларускага нацыянальнага пытання на сучасным этапе. Па розных прычынах яно абыходзіцца ў навуковай літаратуры, у ідэалагічнай працы з людзьмі, не з'яўлялася прадметам абмеркавання ў вышэйшых эшалонах улады, што і схіліла аўтара дадзенай кнігі ўзяцца за пяро. Добра разумеючы, што грунтоўнае раскрыццё нацыянальнага пытання падуладна толькі цэламу калектыву высокаэрудзіраваных даследчыкаў, у кнізе яно асвятляецца толькі ў самых агульных рысах больш за ўсё з мэтай прыцягнуць увагу палітыкаў, ідэолагаў, прагрэсіўныя колы грамадства да тэрміновага развязвання гэтай лёсавызначальнай для беларускага народа праблемы. Кніга ў першую чаргу адрасуецца тым, каго непакоіць дэградацыя сучаснага нацыянальна-культурнага жыцця беларускага народа.

Сваю кнігу прысвячаю актыўнаму, самаадданаму ўдзельніку беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння, высакароднаму Чалавеку Надзеі Сармант

Ад аўтара

Усе найважнейшыя дасягненні чалавецтва ў сферы духоўнага жыцця сталі магчымымі дзякуючы развіццю нацыянальных культур шматлікіх народаў планеты Зямля. Там жа, дзе хто-небудзь з іх па сваёй ці навязанай яму волі спрабаваў духоўна вызначыцца не праз уласную, а чужую культуру, атрымліваліся сумныя вынікі. Пераканаўча пацвярджаецца гэта і гаротнай практыкай беларускага народа, самыя адукаваныя і заможныя пласты якога, за рэдкім выключэннем, працяглы час знаходзіліся спачатку ў палоне польскай, а затым рускай культур, што самым адмоўным чынам адбілася на развіцці яго нацыянальнай культуры. Яе творцамі і носьбітамі з'яўлялася пераважна вясковае насельніцтва, якое і тады і пазней істотна ўступала гарадскому паводле ўплыву на культурнае развіццё грамадства. Сутнасць такой залежнасці культуры на Беларусі ад геаграфічнага і сацыяльнага фактару заключалася ў тым, што адукаваныя і заможныя станы выступалі ў ролі пасіўных і актыўных носьбітаў польскай і рускай культур, а шараговыя людзі жылі і тварылі ў рэчышчы сваіх прыродных культурна-моўных традыцый. Гэта не толькі стрымлівала духоўны прагрэс беларускага народа, адмоўна ўплывала на фарміраванне этнічнай самасвядомасці, але і ўносіла разлад у яго сацыяльныя ўзаемадачыненні, не давала яму магчымасці гарманічна развівацца. Шкада, што ўсё гэта і па сённяшні дзень да канца не разумееца многімі нашымі дзяржаўнымі дзеячамі і значнай афіцыйнай часткай інтэлігенцыі. І як вынік, сур'ёзных праблем ў сучасным нацыянальным жыцці не менш, чым за часамі Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Савецкага Саюза. Як у самыя горшыя ў гісторыі беларускаганарода часы перад ім і зараз на ўвесь рост, рубам стаіць нацыянальнае пытанне. Парадаксальна, што ўсё гэта адбылося і адбываецца ва ўмовах існавання суверэннай Рэспублікі Беларусь. Ці не ставіць гэта пад сумненне наяўнасці ў яе такога высокага нацыянальна-дзяржаўнага статусу? Бо сусветная цывілізацыя не ведае выпадку, каб па-сапраўднаму суверэнная дзяржава не забяспечвала ўсіх неабходных умоў дзеля бесканкурэнтнага, дынамічнага развіцця нацыянальнай культуры ўласнага народа, не аддавала ёй прыярытэту перад іншымі культурамі, якія самымі рознымі шляхамі могуць пранікнуць і прыжыцца на яе гістарычнай тэрыторыі. На вялікую бяду, ні беларуская культура, ні беларуская адукацыя, ні беларуская мова больш як тры стагоддзі не карысталіся такім прыярытэтам у сваім родным доме. І сучасная дзяржава ў шмат разоў больш асігнуе матэрыяльных і фінансавых сродкаў на панаванне ў духоўным жыцці нашай краіны ўсяго рускага, чым беларускага. Значная частка беларускага народа апусціла рукі, змірылася з такой ганебнай дзяржаўнай палітыкай у сферы культуры, таму павярнуць людзей тварам да сваіх прыродных духоўных каштоўнасяў нельга разглядаць за лёгкую, простую справу. Мяняць становішча ў нацыянальны бок давядзецца не толькі з дапамогай правядзення самага шырокага комплексу культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, г. зн. чыста дэмакратычным шляхам, але і праз ажыццяўленне найперш самімі дзяжаўнымі органамі адпаведных адміністрацыйных захадаў, хаця і не ўсе яны будуць знаходзіць падтрымку ў адарваных ад роднай глебы людзей. Сусветны вопыт пераканаўча сведчыць, што ўсё тое, што на працягу стагоддзяў навязвалася народу чужымі рэжымамі ці залежным ад іх сваім, не так лёгка паддаецца выдаленню. З цягам часу народ прыціраецца і да навязаных яму чужых духоўных каштоўнасцяў, а самае страшнае, што многія пад уплывам тонка прадуманай, дасканала праведзенай ідэалагічнай апрацоўкі ставяць іх вышэй за родныя, не зацікаўлены ў вяртанні апошніх ва ўласную паўсядзённасць. Гэтага нам ніяк нельга выпускаць з-пад увагі ў сваіх клопатах, практычных дзеяннях па выхаванні ў зрусіфікаваных беларусаў жадання ісці сваім шляхам, не паразітаваць на чужой культуры, што якраз і парадзіла сабой абвастрэнне беларускага нацыянальнага пытання, з чым амаль не сутыкаюцца па-сапраўднаму суверэнныя дзяржавы.

З уласнага і чужога досведу

Няма мо не толькі ў Еўропе, але нават і ва ўсім свеце, народа, як беларускі, таленавітыя сыны і дочкі якога так шмат працавалі на чужыя культуры: спачатку на польскую, затым - на рускую. Калі ж ісці ад адваротнага, дык напрошваецца выснова: няма не толькі ў Еўропе, а мо нават і ва ўсім свеце народа, як беларускі, на нацыянальную культуру якога так мала працавалі б таленавітыя сыны і дочкі іншых народаў. Часта, калі на яго зямлю траплялі здольныя ў тым ці іншым жанры культуры асобы з суседніх і аддаленых краін, яны працягвалі тварыць альбо ў рэчышчы сваёй культуры, або культуры, якая ўкаранялася звонку: спачатку - польская, затым руская. У выніку ўсіх гэтых фактараў на Беларусі ўжо на працягу некалькіх стагоддзяў яе прафесійная культура ўступала спачатку польскай, а затым - рускай, што як мага лепш адпавядала афіцыйнай палітыцы паланізацыі і русіфікацыі беларускага народа. Змаганне з гэтай пачварнай з'явай ў яго заўжды забірала шмат сіл і энергіі, сеяла сумненні ў магчымасць выжывання, што штурхала адораных людзей краю, каб толькі не змарнаваць свой прыродны талент, працаваць на карысць запанаваных тут чужых культур, спрыяючы гэтым самым, як на здзек, асіміляцыі сваіх суродзічаў.

* * *

Беларусы ўжо чацвёртае стагоддзе знаходзяцца ў плавільным асіміляцыйным катле. Звычайна яго распальвае народ, які з'яўляецца гаспадаром сваёй зямлі і плавіць у ім тых, хто ў моц розных прычын трапляе на яе. Проста не пералічыць колькі звялося іншапляменных людзей на чужых для іх тэрыторыях. У нас жа ўсё атрымлівалася і атрымліваецца наадварот: на беларускай зямлі здаўна касцёр пад катлом раскладвалі чужынцы і стагоддзямі плавілі ў ім не падобных да сябе па культуры і мове людзей, г. зн. самога гаспадара - беларуса. Асабліва старанна выплаўлялі ў яго ўсё роднае і дарагое, калі ў 1696 г. прапольскай скіраванасці ўлады Рэчы Паспалітай забаранілі ўжываць роднае слоўца беларусаў на іх бацькоўскай зямельцы. Калі ж па праву мацнейшага амаль увесь наш край захапіла Расійская імперыя, сухія бярозавыя дроўцы пад плавільны кацёл на Беларусі стаў разам з палякамі падкладваць яшчэ адзін "братні" славянскі народ - рускі. Беларусы не маўчалі, супраціўляліся ў 1863 - 1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага самаахвярна, не шкадуючы жыцця, змагаліся супроць расійскага дэспатызму, але былі бітыя. У 1867 г. ім нават забаранілі выдавць кнігі на роднай мове, навучальныя ўстановы функцыявалі і ствараліся спрэс толькі рускамоўныя. На шчасце, у цара тады неставала на гэта сродкаў, таму такія школкі ахоплівалі толькі нязначную частачку беларускіх дзетак, дый вучыліся яны там усяго год ці два. Каб царскія настаўнікі мелі нешта падобнае накшталт нашых сучасных васьмі ці дзесяці- адзінаццацігодак, дык беларускай мове ўжо заняло б дзесьці на сконе ХІХ альбо на заранку ХХ ст. Шмат зрабілі па яе выкараненні з жыцця нашага народа праваслаўная царква і касцёл, асабліва першая.

На зло ўсім крыўдзіцелям народ наш працягваў жыць, але жыў не так, як усе нармальныя людзі. Шмат, вельмі шмат незваротна страчана ім. Мільёны беларусаў пад уплывам мэтанакіраванай дзяржаўнай асімілятарскай палітыкі трансфармаваліся ў палякаў і рускіх, захаваўшы ад свайго роднага толькі прозвішчы, назвы населеных пунктаў, дый то часта перакручаныя на чужы лад.

Стагоддзем нечуванай нацыянальнай катастрофы для беларусаў з'явілася ХХ. І калі нічога не зменіцца да лепшага на агульнанародным, агульнадзяржаўным узроўнях, магчыма яно ў іх жыцці стане апошнім поўным стагоддзем. Пішу апошнім таму, што сённяшнія працэсы культурна-моўнай асіміляцыі на Беларусі, паколькі да іх актыўна падключыліся самі ўладныя структуры, магутныя ідэалагічныя службы, з'яўляюцца больш жорсткімі і маштабнымі, чым яны былі не толькі сто, але і чвэрць стагоддзя таму назад. Калі раней зададзеная тэмпература ў плавільным асіміляцыйным катле падтрымлівалі спальваннем звычайных драўняных паленцаў, дык цяпер у гэтых пачварных мэтах выкарыстоўваецца магутны атамны рэактар, які працуе на цвёрдым паліве. І як на здзек, патрэбны тэмпературны рэжым у рэактары забяспечваецца самімі беларусамі, а ў іх, дай божа, які багаты вопыт у асіміляцыі адзін аднаго. Зараз лепш за беларускія ўлады ніхто не выканае гэтай злачыннай акцыі. І самае страшнае: ні ў які Міжнародны суд не паскардзішся, не звернешся па дапамогу да сусветнай цывілізацыі, бо беларусаў жа русіфікуюць не якія-небудзь інтэрвенты, а самі дзяржаўныя дзеячы гэтай нацыі, набліжаная да іх частка інтэлігенцыі.

Каб кожнаму з вас, дарагія нашыя супляменніцы і супляменнікі, пераканацца, як мы далёка зайшлі ў асіміляцыі, прыслухайцеся, калі ласка, хто ў вашым асяроддзі гаворыць па-беларуску, паспрабуйце на пальцах - дастаткова будзе адной рукі - падлічыць, колькі высокіх дзяржаўных асобаў публічна карыстаюцца гэтай мовай і вы, не сумняваюся, нашай агульнанацыянальнай хваробе паставіце прыкладна такі дыягназ: рак унутраных органаў, інсульт, СНІД. І ў гэтай архітрагічнай сітуацыі ўсё ж асмелюся заклікаць усіх да сумесных рашучых дзеянняў па выратаванні ад навіслай над намі цёмнай хмарай русіфікацыі. Пагадзіцеся, усенароднага супраціўлення ёй, асабліва з боку элітнай часткі грамадства, няма. З гэтай злыбедой пакуль што змагаемся ў адзіночку, таму і станоўчага выніку не маем. Хочацца спадзявацца, што азнаямленне са зместам маёй кнігі хоць трохі павялічыць шэрагі нацыянальных адраджэнцаў, актывізуе іх змаганне за выратаванне беларускага народа ад так рэальнага для яго на сёння этнічнага вымірання.

* * *

Паколькі ў выніку працяглай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі адбылася карэнная дэфармацыя беларускага нацыянальнага арганізму, не будзе аніякай бяды, калі дзяржава, абапіраючыся на цесна звязаную з ёю інтэлігенцыю, пяройдзе да мэтанакіраванага прышчаплення народу нацыянальнай самасвядомасці зверху. Такім шляхам давялося прайсці многім краінам, урады якіх хацелі развівацца не на чужых, а на сваёй культурна-моўнай аснове, ад чаго свет цывілізацыі стаў толькі больш разнастайным, духоўна багатым. Разлічваць, што ў нашага адарванага ад прыроднага грунту народа нацыянальная самасвядомасць будзе аднаўляцца, мацнець і развівацца сама па сабе, няма аніякіх падставаў. Наадварот, яна будзе яшчэ больш дэфармавацца, улічваючы рэальныя на сёння суадносіны ў грамадскім жыцці нашай краіны паміж беларускім і рускім элементамі. А каб такога, не дай бог, не здарылася, дзяржава павінна, не баючыся быць недэмакратычнай у правядзенні нацыянальнай палітыкі, адкрыта стаць на бок беларускага народа, каб выратаваць яго ад асіміляцыі. Акурат толькі ў выніку такога падыходу да развязвання нацыянальнага пытання ўраду Фінляндыі ўдалося ў свой час (да далучэння ў 1869 г. да Расіі) пакончыць з панаваннем на яе тэрыторыі шведскай культуры і мовы. Яны засталіся, але ў такім аб'ёме, які ніколькі не пагражае, не стрымлівае развіцця фінскай культуры і мовы. Нешта падобнае з фінскай нацыяй адбылося і пасля кастрычніцкага перавароту 1917 г., калі яна, дзякуючы энергічнаму змаганню за нацыянальную незалежнасць, змагла выйсці з-пад непажаданай апекі Савецкай Расіі. Сёння ні культуры, ні мове фінскага народа нішто не пагражае, не існуе аніякіх сур'ёзных праблем з эканамічным, сацыяльна-эканамічным развіццём яго краіны. Фіны вызначаюцца здаровай, трывалай нацыянальнай самасвядомасцю, да чаго так далёка нам, беларусам.

* * *

Калі ўважліва прасочваеш пройдзены рознымі краінамі гістарычны шлях, заўважаеш, што ў кожнай з іх ёсць нейкае прадвызначэнне, ці то боскае, ці то д'ябальскае. Так, на плячах Партугаліі і Іспаніі ляжаў абавязак адкрываць новыя краіны і кантыненты, Германіі - распачынаць сусветныя войны, Расіі - пераадольваць перыядычны недахоп прадуктаў харчавання (гэтая няўдзячная функцыя з утварэннем СССР перайшла ад яе і на дадзенае дзяржаўнае фармаванне), Злучаным Штатам Амерыкі - уціхамірваць ваенныя канфлікты, ну а Беларусі - ваяваць з уладамі чужых краін і уласнай, каб вырваць з іх кіпцюроў права на стварэнне нацыянальнай сістэмы адукацыі і забеспячэнне рэальнага статусу дзяржаўнай для роднай мовы свайго карэннага насельніцтва. Калі першыя дзве з пералічаных краін ужо справіліся са сваёй місіяй, а трэцяя не марыць пра развязванне трэцяй па ліку сусветнай вайны, дык у Расіі, ЗША і Беларусі працы зусім не ўбавілася. І калі глянуць на сённяшнее разбаласаванае нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі і стаўленне да яго афіцыйных уладаў, абсалютнай бальшыні інтэлектуалаў, зусім няма ніякіх гарантый, што яна хутчэй справіцца з рэалізацыяй сваіх прадвызначэнняў, чым Расія і ЗША.

* * *

Практычна кожная нацыя, што мае сёння на сваёй тэрыторыі трывалыя пазіцыі роднай мовы, часам звярталася да самых жорсткіх адміністрацыйных захадаў дзеля яе захавання і развіцця, прычым часта зусім не лічачыся з інтарэсамі іншаземных народаў. У нас дзеля падмацавання фактамі такой думкі звычайна прынята спасылацца на сумнавядомы вопыт Расійскай імперыі. Я спашлюся таксама на поліэтнічную імперыю - Аўстрыйскую. З гісторыі вядома, што яе імператар Іосіф ІІ 27 студзеня 1787 г. пастанавіў, "каб у равіны не выбіраліся тыя, якія не прайшлі нямецкай школы. Да вывучэння талмуда не дапускаўся ні адзін малады чалавек, пакуль не здаў экзамена ў нямецкай мове.

Кожны жыд, які пажадаў ажаніцца, павінен быў падаць пасведчанне, што зрабіў поспехі ў нямецкай мове". Гэты ж імператар загадаў яўрэям "замяніць свае прозвішчы нямецкімі і метрыкі свае весці на нямецкай мове" [Е. де-Виттс. Действительность. Выпуск 11-й. Онемечение. Борьба народностей. Моравия. Почаев. 1911. С. 156, 157.]. Жорстка. Не хацеў бы, каб такімі метадамі ратавалася беларуская мова. Але нейкія адміністрацыйныя захады тут непазбежны.

* * *

Мы справядліва крытыкуем царызм за яго антынацыянальную палітыку ў дачыненні да беларускага народа. Але здаралася і такое, што ў дарэвалюцыйны час нашыя грамадска-палітычныя, культурныя дзеячы, навукоўцы мелі куды больш, чым іх сённяшнія калегі, правоў гаварыць народу праўду пра рэальны стан яго культуры і мовы. Вось, да прыкладу, што пісалася ў 1912 г. на старонках аднаго з нумароў беларускай газеты "Наша ніва": "Нязменны закон, якім кіруецца ўвесь свет: ствараць культурныя рэчы ўсясветнай вартасці можна толькі ў сваёй роднай мове… Замяніць жа народу яго мову - гэта значыць забіць душу таго народа, яго асобую творчую здольнасць". Для таго часу сказана праўдзіва і смела, а галоўнае - ўсё абылося без вынясення якіх-небудзь санкцый супроць рэдакцыі газеты. Сёння такога не асмеліцца сказаць аніводзін з афіцыйных ідэолагаў, журналістаў, хаця ў пераважнай бальшыні нашая творчая інтэлігенцыя і стварае сваю прадукцыю не на роднай, а на рускай мове, хаця ўлады амаль цалкам замянілі першую другой. Прыведзеныя з газеты "Наша ніва" стогадовай даўнасці словы не адважыцца паўтарыць аніводны журналіст нават беларускамоўнай афіцыйнай газеты з-за страху вылецець з працы. Во што значыць мець суверэнную дзяржаву, усенародна абраны парламент?! Такое і не снілася нашаніўцам у 1912 г.

* * *

Сусветная практыка сведчыць, што тэрытарыяльныя этнічныя асяродкі валодаюць зайздроснаю жывучасцю, знаходзячыся ў іншародным ачоленні. Спаслацца тут можна на невялікі славянскі рэгіён унутры Германіі, на тэрыторыі якога спрадвеку жывуць лужыцкія сербы. Аднак асіміляцыя дэфармавала іх нацыянальны духоўны ўклад жыцця ненамнога больш, чым такое сталася з беларускім, хоць яго носьбіты належаць да карэнных насельнікаў тэрыторыі свайго пражывання, амаль скрозь суседнічаюць з блізкароднаснымі славянскімі народамі.

Унікальнай з'явай можа пахваліцца Грузія. У міжваенны перыяд на яе зямлі невялікая колькаць эстонцаў заснавала для сябе населены пункт і стала будаваць у ім жыццё паводле сваіх нацыянальна-культурных традыцый. Гэтаму усяляк спрыялі мясцовыя ўлады, дзякуючы чаму купка эстонцаў не агрузінілася.

Аўтару гэтых радкоў даводзілася ў 50-я гады мінулага стагоддзя сустракацца з прысутнасцю на тэрыторыі Уфімскага раёна Башкірскай АССР некалькіх вёсак, жыхары якіх размаўлялі паміж сабой толькі па-ўкраінску. Іх дзеці наведвалі суседнія рускамоўныя школы, а дома карысталіся толькі ўкраінскай мовай. Аналагічна паводзіла сябе моладзь гэтых вёсак, што вучылася ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах альбо знаходзілася на службе ў розных гарадах. Дарэчы ёсць вопыт - прычым даволі паказальны - свядомага стварэння, працяглага існавання этнічных паселішчаў і ўнутры беларускага асяроддзя. Рабілася такое ў дачыненні да прадстаўнікоў татарскага народа, якія з канца ХІV ст. сталі сяліцца на нашых землях. Каб мець належныя ўмовы для самастойнага жыцця, гэтая этнічная супольнасць усяляк імкнулася да канцэнтрацыі сваіх людзей у паасобных населеных пунктах. Відаць, разумелі, што ў такіх варунках больш гарантыі не растварыцца сярод іншародных і значна большых па колькасці жыхароў. Насустрач такім пажаданням ішлі не толькі дзяржаўныя ўлады, але і магнацкія роды. Так, клопатам Мікалая Радзівіла Чорнага і яго сына Мікалая Радзівіла Сіроткі абавязаныя сваім узнікненнем у ХVІ ст. найстарэйшыя ў нас татарскія пасяленні Асмолава, Іванава і Арда. Калі ў бліжэйшы час кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь не адумаецца і не пачне ратаваць свой тытульны народ ад так рэальнай для апошняга этнічнай смерці, ёсць прамы сэнс найбольш шчыра адданую нацыянальнаму ідэалу частку беларусаў (пажадана з колькасцю хаця б адзін мільён чалавек) аддзяліць ад сваіх безнадзейна зрусіфікаваных суродзічаў і кампактна рассяліць у якім-небудзь рэгіёне краіны, найбольш аддаленым ад Расіі.

* * *

Пры глыбокім аналізе моўных працэсаў, што адбываліся і адбываюцца ў свеце, прыходзіш да высновы, што ў абсалютнай бальшыні выпадкаў двухмоўе ўзнікала на базе сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту аднаго народа другім. Каланізацыя Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі дае масу такіх прыкладаў. Ды і наш уласны досвед пераканаўча сведчыць, каб Беларусь, жывучы ў складзе Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, не знаходзілася ў прыгнечаным стане, мы б не ведалі, што такое паланізацыя і русіфікацыя, значная частка нас не адцуралась б роднай мовы і не размаўляла б раней па-польску, а цяпер - па-руску. Таму памыляюцца тыя, хто ў двухмоўі бачыць толькі фактар збліжэння, сяброўства нацый. У 1947 г., калі Індыя вызвалілася з-пад улады Велікабрытаніі і стала незалежнай дзяржавай, у яе на той час было самае развітое нацыянальна-англійскае двухмоўе, што, аднак, не перашкодзіла ёй разарваць палітычныя адносіны з самай вялікай і магутнай у свеце каланіяльнай метраполіяй. Дзеля таго, каб Беларусь сябравала з Расіяй, Украінай, Польшчай… насельніцтва першай зусім неабавязкова павінна быць двухмоўным беларуска-рускім, беларуска- ўкраінскім, беларуска-польскім. Патрэбы сяброўскіх сувязяў паміж гэтымі народамі ў стане выканаць і адна беларуская мова, як гэта ў Расіі робіць руская, на Украіне - украінская, у Польшчы - польская. Любая аднамоўная нацыя была, ёсць і застанецца адкрытай для збліжэння з іншымі нацыямі, таму нам, беларусам, зусім не варта баяцца распачаць вяртаць сваю родную мову на яе законны пасад. Гэта не адкіне ад нас ні Расію, ні Украіну, ні Польшчу, ні якую-небудзь іншую краіну, наадварот, такой павагай да ўласных культурна-моўных традыцый мы толькі ўмацуем свой аўтарытэт у свеце, пакажам, што і мы здольныя ўзбагаціць яго арыгінальнымі духоўнымі каштоўнасцямі, а не злепкамі, падробкамі з якіх-небудзь іншых культур. Розныя мовы толькі раз'ядноўваюць адзін і той жа народ пэўнай краіны, а не цэлыя народы паасобных краін. Калі б у жыцці ўсё было не так, афіцыйнае двухмоўе панавала б скрозь ва ўсіх народаў, а сумежныя краіны з рознымі нацыянальнымі мовамі не выходзілі б са стану вайны паміж сабою.

* * *

Не сумняваюся, каб нават палову з таго, што за перыяд з 1772 г. і па сёння было зроблена ў нас для ўкаранення і ўмацавання пазіцый рускай мовы, выканалі ў гэтых мэтах для кітайскай мовы, яна мела б такое самае шырокае распаўсюджанне сярод беларускага народа, і ён, пры належнай ідэалагічнай апрацоўцы, прагаласаваў бы за наданне ёй аднолькавага з роднай мовай сацыяльнага статусу.

* * *

Мы вельмі часта крытыкуем моцна паважаных у савецкай гісторыі дзяржаўных, партыйных дзеячоў. Нямала дасталася і самаму аўтарытэтнаму з іх Уладзіміру Леніну. А між іншым у яго поглядах багата чаго каштоўнага, і каб іх удалося дастасаваць да нашай практыкі, яны ў многім дапамаглі б палепшыць расхлябанае нацыянальнае жыццё беларусаў. Ну вось, напрыклад, такія словы У.Леніна: "Члены РКП (Расійскай камуністычнай партыі. - Л. Л.) на тэрыторыі Украіны павінны на справе праводзіць права працоўных мас вучыцца і гаварыць ува ўсіх савецкіх установах на роднай мове, усяляк процідзейнічаючы русіфікатарскім спробам адцясніць украінскую мову на другі план…" Несумненна, пры нагодзе такія словы ён сказаў бы і пра беларускую мову, што толькі пайшло б ёй на карысць. Сёння ж нізашто не прамовіць такіх слоў аніводзін з дзяржаўных дзеячоў суверэннай Рэспублікі Беларусь, бо іх палітыка ў моўнай сферы носіць антынацыянальны, варожы карэнным інтарэсам тытульнага народа характар.

* * *

Цяпер у нас многа гавораць і пішуць пра выхад у еўрапейскую цывілізацыю, пра неабходнасць вучыцца ў яе народаў любіць і шанаваць родную культуру, будаваць на ўласным нацыянальным падмурку ўсё сваё духоўнае жыццё. Гэтаму, бадай, ніхто не стане пярэчыць. І ў той жа час нам не трэба цурацца вывучаць станоўчы вопыт нацыянальна-культурнага адраджэння краін, якія стагоддзямі пакутвалі пад каланізатарскім прыгнётам, а вызваліўшыся з-пад яго, настойліва шукалі шляхі вяртання да страчаных вытокаў, як толькі маглі ўзводзілі на дзяржаўны п'едэстал родную мову. Ці ж нічога карыснага не даюць нам словы, выказаныя індыйскім пісьменнікам С. Ватсайя ў час, калі яго краіна перастала быць брытанскім дамініёнам і рабіла першыя крокі па шляху нацыянальнага адраджэння, заканамерна ставячы ў цэнтр яго родную мову сваіх індыйскіх асноўных народаў. "Грамадства, - пісаў ён, - не можа жыць на замежнай мове, а поспех адзіночак (ствараць на ёй свае літаратурныя творы. - Л. Л.) роўна нічога не даказвае. Менш за ўсё прыдатнае для гэтых эксперыментаў грамадства, якое паралельна з гэтым змагаецца за свабоду і за набыццё ў гэтай свабодзе ўласнай годнасці. Яно (грамадства. - Л. Л.) жыве ўласнай мовай або пакутуе ад адчужэння і страты цэльнасці…" Гэтым пісьменнікам прызнавалася, што ў Індыі ёсць "амаль цэлае пакаленне не ў арыгінале, а ў перакладзе. Жыве ў перакладзе, не ведаючы арыгінала, без упэўненасці, што ён дзесьці ёсць ці быў на свеце ўвогуле…" [Салганик М. Война языков? Иностранная литература. 1968. №9. С. 223, 224.]

* * *

У пасляваеннай (маецца на ўвазе Першая сусветная вайна) незалежнай Чэхаславакіі, дзякуючы ўзважанай палітыцы дзяржавы, намаганням нацыянальна-самасвядомай часткі грамадства і найперш інтэлігенцыі, проста на вачах адбывалася тое, пра што так марыў яе славуты славацкі і чэшскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч Ян Колар (1793 - 1852): "Мова, якая выклікае сляпую нянавісць немцаў, заклеймаваная імі, як мова рабоў, прагучыць ізноў пад зводамі замкаў… Касцюмы, норавы, песні нашага народа - усё будзе панаваць на берагах Сены і Лабы". [Милюков П.Н. Национальный вопрос. Берлин. 1925. С.97.] Усё гэта сталася рэальнасцю пасля таго, як чэхі і славакі вызваліліся з ланцугоў германскага імперыялізму і стварылі сабе ў 1918 г. незалежную Чэхаславацкую рэспубліку. Гэта толькі небаракі беларусы не без дапамогі дзяржавы і ў сваёй незалежнай краіне працягваюць гнуць калені перад рускай культурай і мовай нібыта такога свайго няма ў іх. Во якое ліха!

* * *

Неўзабаве пасля кастрычніцкага перавароту 1917 г. у Расіі наш славуты нацыянальны дзеяч, мовазнавец, публіцыст Язэп Лёсік выказаў думку: калі беларусы створаць сваю Краёвую раду, "тагды не будзе таго, каб цэлы край (маецца на ўвазе Беларускі. - Л. Л.), заселены народам з светлай і вялікай гісторыяй, пазбаўлены быў вышэйшых навучных інстытуцый (зразумела, нацыянальна-беларускіх. - Л. Л.)…" Выходзіць, што прароцтва Я.Лёсіка не збылося нават і на схіле дваццатага стагоддзя. А ён жа спадзяваўся на такое на яго пачатку, дакладней: у першай чвэртцы.

* * *

Нацыянальнае самагубства - праклятая з'ява не толькі беларусаў. Яна характэрна многім народам, не выключаючы і яўрэяў, якіх з усіх нацый свету прынята лічыць найбольш адданымі сваім культурна-моўным традыцыям. Пагаджаючыся з гэтым, аднак заўважу, што ні хто іншы, а менавіта створаныя ў 1919 г. у складзе бальшавіцкай партыі Расійскай Федэрацыі, Украіны, Беларусі і іншых савецкіх рэспубліках Яўрэйскія секцыі аб'явілі старажытную яўрэйскую мову іўрыт рэакцыйнай мовай, мовай буржуазіі і сіяністаў і распачалі мэтанакіраваную дзейнасць па замене яго ідышам. Несумненна, такую варожую пазіцыю ў дачыненні да іўрыта Еўсекцыі занялі не без уплыву высокага кіраўніцтва партыі бальшавікоў. А вось урад Рэспублікі Беларусь не пусціў родную мову сваёй тытульнай нацыі ў грамадскае жыццё галоўным чынам па ўласнай ініцыятыве, хаця з гэтых злачынных учынкаў нельга цалкам выключаць і Маскву, якая мела і будзе мець прамую зацікаўленасць да шырокага распаўсюджвання рускай мовы на ўсёй постсваецкай тэрыторыі. І трэба прызнаць, што такое адбываецца не зусім безвынікова.

* * *

Паколькі з ініцыятывы саміх дзяржаўных органаў і пры падтрымцы значнай часткі інтэлігенцыі беларуская мова ў нас ці цалкам выключана з тых або іншых сфераў грамадскага жыцця (дзейнасць абедзвюх палат парламента, Савета Міністраў РБ і падначаленых яму міністэрстваў і ведамстваў, вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школы) ці зведзена да мінімуму (дашкольныя ўстановы, агульнаадукацыйныя школы, сістэма прафесійна-тэхнічнага навучання, выдавецтвы, сродкі масавай інфармацыі, тэатральнае, вакальна-інструментальнае мастацтва), мы зараз проста не маем добрых магчымасцяў не толькі для развіцця, а нават і для захавання беларускай нацыянальнай культуры і найперш прафесійнай. Цяпер у нас існуюць у дзесяткі разоў лепшыя ўмовы для развіцця рускай нацыянальнай прафесійнай культуры, чым беларускай, і ўсё гэта толькі праз выцясненне роднай мовы карэннага насельніцтва з усіх найважнейшых - і не толькі! - дзялянак дзейнасці чалавека. Што без нацыянальнай мовы няма нацыянальнай культуры, а адсутнасць апошняй немінуча вядзе да знікнення этнасу, палітыкі, адукаваныя людзі ведалі дзвесце і болей гадоў таму назад, а мы і сёння не можам як след разабрацца з гэтым пытаннем, цешым сябе, што на беларускай мове створана некалькі дзесяткаў класаў у гарадскіх агульнаадукацыйных школах, выходзяць дзве - тры рэспубліканскія газеты, што сяды-тады пачуеш яе па радыё і тэлебачанні, у час выступленняў артыстаў. Усяго гэтага крайне мала, каб выжыць беларускай мове, культуры і яе носьбітам на роднай зямлі сваіх бацькоў. У тых абставінах, якія ў нас склаліся, не моўныя рэферэндумы галоўнае (на гэта вялікага розуму не трэба), а стварэнне дзяржавай такіх умоў, каб усё грамадства і кожны яго індывідум мелі патрэбу ў веданні беларускай мовы, востра адчувалі комплекс сваёй непаўнавартасці у выпадку адсутнасці звычак гаварыць і пісаць на ёй. "Творцам мовы, - пісаў адзін з самых буйных савецкіх вучоных у галіне сацыялінгвістыкі К.Ханазараў, - з'яўляецца народ. Менавіта ён узбагачае і развівае яе. Відавочна, што пры іншых роўных умовах… чым больш шматлікі носьбіт мовы, тым большымі патэнцыяльнымі магчымасцямі для развіцця сваёй мовы ён валодае". [Ханазаров К.Х. Сближение наций и национальные языки в СССР. Ташкент. 1963. С. 37.] У выніку адпаведнай палітыкі мінулых гадоў і сучаснай зараз у нас такімі патэнцыяльнымі магчымасцямі валодае крайне абмежаваная колькасць беларускага народа, намнога менш за тую крытычную масу, якая магла б забяспечыць нармальныя варункі для жыцця роднага слова карэннага насельніцтва краю. Яе трэба неадкладна павялічваць, прыклад аб чым павінны паказаць кіруючыя асобы, занятыя ва ўсіх сферах дзяржаўнай, грамадска-палітычнай, адміністратыўна-гаспадарчай дзейнасці, у навуцы, культуры, адукацыі. Спадзявацца застацца з беларускай мовай толькі ў разліку на патэнцыяльныя магчымасці пісьменнікаў, невялікай колькасці настаўнікаў, журналістаў і вясковых жыхароў, лік якіх працягвае змяншацца, зусім безнадзейная справа. Выратаванне беларускай мовы - гэта агульнанародная задача, вырашаць якую першымі павінны пачаць палітыкі, інтэлектуальная частка грамадства.

* * *

Дзеля развязвання беларускага нацыянальнага пытання кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь нават і дзесятай долі не робіць з таго, на што у свой час скіроўваў увагу камуністаў іх правадыр Іосіф Сталін. Улічваючы, што сярод сучасных палітыкаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі ёсць нямала яго прыхільнікаў, якія досыць актыўна ўплываюць на фармаванне нацыянальных дачыненняў, на моўную сітуацыю, не лішнім будзе нагадаць ім наступныя сталінскія словы: "…Дзеля таго, каб Савецкая ўлада стала і для іншанацыянальнага сялянства роднай, - неабходна, каб яна была зразумелай для яго, каб яна функцыявала на роднай мове, каб школы і органы ўлады будавалія з людзей мясцовых, якія ведаюць мову, норавы, звычаі, быт нярускіх людзей". Толькі ведаць усё гэта трэба нашым чыноўнікам сваіх, а не нярускіх людзей.

* * *

Калі выдатны рускі пісьменнік Канстанцін Паўстоўскі (1892 - 1968) пісаў, што "сапраўдная любоў да сваёй краіны няўяўна без любові да сваёй мовы", што "чалавек раўнадушны да роднай мовы - дзікун", ён гэтым непрыстойным словам характэрызаваў не толькі тых, хто абыякава ставіўся да рускай, але і іншых моваў, якіх у тагачасным СССР толькі пісьмовых, літаратурных мелася некалькі дзесяткаў. Беларускія палітыкі так былі занятыя мабілізацыяй народных мас на пабудову развітога сацыялізму, што не знайшлі часу пачытаць К.Паўстоўскага і мо рады гэтаму, бо тады трэба было б нешта рабіць дзеля амаль цалкам выключанай з грамадскага ўжытку беларускай мовы.

* * *

Ніводзін у свеце народ, акрамя мо толькі яўрэяў, не зрабіў для чужых культур больш за беларусаў. Але калі яўрэі тварылі на карысць чужых культур удалечыні ад роднага дому, дык беларусы робяць гэта пераважна на сваёй гістарычнай радзіме. Вялікай падзякі за свае старанні ўзбагаціць чужы духоўны патэнцыял не атрымалі ні яўрэі (спаслацца тут можна на Германію), ні беларусы, дапрацаваўшыся да таго, што спачатку іх атаясамлівалі з палякамі, а пазней і зараз з рускімі. З гэтага напрошваецца выснова: творчая інтэлігенцыя ніводнага народа не зрабіла так шмат для асіміляцыі ўласнага народа, як беларуская. І з поўнай верагоднасцю можна сцвердзіць: у гэтай антынацыянальнай творчасаці яна яшчэ далёка не поўнасцю выкарыстала атрыманы ад прыроды патэнцыял. Яго хопіць (з лішкам), каб давесці беларускі народ да поўнай русіфікацыі. Такога не здарыцца толькі ў тым выпадку, калі да ўлады прыйдуць са здаровай беларускай нацыянальнай самасвядомасцю асобы і пераканаюць вялікую армію моцна зрусіфікаваных педагогаў, супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі, артыстаў, кампазітараў, і нават кагосьці з прадстаўнікоў пісьменніцкай інтэлігенцыі, што ў сваёй творчасці яны павінны аддаваць перавагу беларускай культуры. Гэта ж велізарная дурнота, шукаць на сваёй зямлі беларускую культурную нішу ў рускім кантэксце!

* * *

Недаравальна моцна памыляліся ў 1919 г. многія нашыя палітычныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі інтэлігенцыі ў сваіх спадзяваннях аднавіць, пабудаваць суверэнную беларускую дзяржаву з дапамогай суседняй нам Польшчы, начальнікам якой тады быў Юзаф Пілсудскі. Не дапамаглі б нават і яго беларускія карані.

* * *

Накшталт таго, як у нас сярод беларусаў ёсць прыхільнікі захавання ў афіцыйным жыцці краіны рускай мовы, так і ў Індыі раней многа дзе назіралася аналагічнае стаўленне да англійскай мовы, асабліва ў тых правінцыях, дзе роднай мовай насельніцтва не з'яўлялася мова самага буйнога народа Індыі, што размаўляў і размаўляе на хіндзі, якая, меркавалася, і павінна была выштурхнуць з усёй краіны мову колішніх каланізатараў - англійскую. Адзін з самых найстарэйшых і папулярных паэтаў краіны Фірак Горакпуры заяўляў: "Ні адна з індыйскіх моваў не развіта настолькі, каб стаць мовай сувязі для ўсёй Індыі. Ад англійскай нікуды не падзенешся - яна неабходна як для мэтаў усеіндыйскай адміністрацыі, так і для сучаснай вышэйшай адукацыі". Ён жа папярэджваў урад і грамадскасць, што "без англійскай (мовы. - Л. Л.) Індыя рассыплецца на часткі". Аднак такія разважанні не спынілі дзейнасць цэнтральнага ўрада, прагрэсіўнай грамадскасці Індыі па мэтанакіраваным абмежаванні сацыяльных функцый англійскай мовы і перадачы іх асноўным індыйскім мовам. У адной з цэнтральных газет Індыі "Нью эйдж" з усёй упэўненасцю адзначалася ў 1959 г., "што ў нашага вялікага (індыйскага. - Л. Л.) народа знойдзецца дастаткова жыццяздольнасці і нерастрачаных сіл для таго, каб замяніць англійскую ўласнымі мовамі". [Салганик М. Война языков? - Иностранная литература. 1968. №9. С. 235, 236.] Хаця аж да апошняга часу такое дасягаецца з вялікай цяжкасцю, прагрэсіўныя колы індыйскага грамадства і пасёння працягваюць змаганне за максімальнае абмежаванне сацыяльнай ролі англійскай мовы ў іх краіне і маюць на гэта права.

* * *

У культурна-моўным плане зараз становішча на Беларусі шмат у чым нагадвае тое, што існавала ў яе ў ХVІІ - ХVІІІ стст., з той толькі розніцай, што ў той час выгадаваныя на польскіх духоўных каштоўнасцях заможныя і адукаваны пласты беларускага народа здраджвалі яму і далучаліся да польскасці, а сённяшнія рускамоўныя беларусы нясуцца на злом галавы ў расейшчыну. Страціўшы натуральную мову, яны ўжо не могуць быць і носьбітамі беларускай культуры. Ім цяпер куды бліжэй тая культура, што створана і развіваецца на мове, якой яны стала карыстаюцца паміж сабой, г. зн. руская культура. Магутнасць яе пазіцыі ў нашым краі была і застанецца прама прапарцыянальнай колькасці яго рускамоўных жыхароў.

* * *

Нашай дзяржаве ёсць што каштоўнае запазычыць з выдавецкай справы міжваеннай беларусізацыі. Вось як, да прыкладу, глядзела на гэтую актуальную ва ўсе часы нацыянальна-культурнага Адраджэння праблему КП(б)Б: "У выдавецкай рабоце найбольшы працэнт аддаваць выданням на беларускай мове (у адпаведнасці з патрэбамі вёскі і школы), забяспечыўшы працэнт выдання на іншых мовах, прыкладна адпаведна з колькасцю насельніцтва" [Резолюции пленума ЦК КП(б)Б. 25 - 29 января 1925 г. Мн.,1925. С. 6.].

* * *

Ніводзін народ Еўропы не набыў столькі горкага досведу ладкавання духоўнага жыцця на чужых культурна-моўных асновах, як беларускі. Спачатку такія асновы ў яго прафесійнай культуры былі пераважна лаціна-польскія, а затым - рускія. І што характэрна, асобы, якія базавалі сваю творчую дзейнасць на такіх чужых культурна-моўных асновах усяляк апраўдвалі адыход ад уласна беларускіх, тлумачачы гэта тым, што толькі ў падобных варунках можна забяспечыць сапраўдны прагрэс беларускаму народу, ніколькі не ставячы яго пад смяротны ўдар асіміляцыі. Дзякаваць богу, апошнім часам з'яўляецца ўсё больш і больш людзей, якія добра разумеюць страшэнную небяспеку для лёсу беларускага народа ад панавання ў яго культуры чужых культурна-моўных каштоўнасцяў. Гэта ўпарта не прызнаюць толькі тыя творцы, якія ніколі не працавалі і не збіраюцца працаваць з такога роду беларускімі каштоўнасцямі і актыўна працягваюць уносіць свой уклад у развіццё рускай культуры на беларускай зямлі, ведаючы, што гэта ўсяляк будзе падтрымана не толькі ўладнымі структурамі нашай краіны, але і шырокімі коламі палітыкаў, інтэлігенцыі суседняй Расіі, якія не ўтойваюць свайго імкнення любымі шляхамі захаваць колішнюю прысутнасць рускай культуры і мовы на ўсёй постсавецкай прасторы. Адсюль вынікае, як няпроста будзе нацыянальнай скіраванасці творчай інтэлігенцыі закласці прыродны культурна-моўны падмурак пад сваю прафесійную дзейнасць. А такое патрэбна зрабіць і прычым тэрмінова, бо духоўнае жыццё Беларусі ў яго элітарных, прафесійных сферах мае вельмі мала чаго нацыянальна-самастойнага. Ужо не першы год яно больш рускае, чым беларускае, што без усялякіх сумненняў, адкрыта прызнаюць не толькі айчынныя, але і замежныя творцы. Калі толькі небяспечны адыход ад нацыянальнага можна было неяк зразумець (толькі не апраўдаць!) за Савецкім Саюзам з яго заганнай палітыкай збліжэння і зліцця культур усіх нацый і народнасцяў, дык зараз, калі Беларусь адносіць сябе да разраду незалежных дзяржаў, зусім не апраўдана, каб у яе духоўным жыцці так выразна пераважаў рускі культурна-моўны фактар.

* * *

І сёння мы грашым тым, чым грашылі сто і болей гадоў таму. Ці ж нельга пра нас, у т. л. і пра дзяржаўную інтэлектуальную эліту, выказацца словамі Францішка Багушэвіча з яго прадмовы да "Дудкі беларускай": "…гора, гора ж над намі! А ўсяму вінаваты мы самі, бо мову прыродну мы забываем, апратку, звычай на чужы мяняем".

* * *

Нямала сіл і часу ўбіта на русіфікацыю беларускага краю. Сёння ў нас ужо дастаткова падстаў сцвярджаць амаль пра поўную завершанасць гэтай подлай акцыі. Нарэшце здзейснілася тое, за што так энергічна, доўга змагаліся на нашай зямлі розныя плыні рускага вялікадзяржаўнага шавінізму. Ім хацелася, каб тут функцыянавала адзіная руская дзяржаўная мова. Такога дасягнула палітычнае кіраўніцтва суверэннай Рэспублікі Беларусь. Гэтымі ж шавіністамі сто і болей гадоў таму выказвалася патрабаванне, каб у Беларусі праводзілася "выкладанне ва ўсіх урадавых, грамадскіх і прыватных школах выключна на рускай мове" [Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы ХVІІІ - пачатку ХХІ стст. Кн. 1. Мн., 2011. С. 291.], і яно (патрабаванне) стала рэальнасцю нашага часу. Як усяму гэтаму абрадавалася б рэдакцыя газеты "Окраины России", у нумары якой ад 22 лістапада 1908 г. пісалася, што "афіцыйнай мовай для беларусаў павінна служыць толькі руская мова".

* * *

У гады вайны з фашысцкай Германіяй і то хапіла ў нас розуму, каб з 161 падпольных газет, якія выходзілі на Беларусі ў 1943 - 1944 гг., 87 выдаваць на рускай, 61 - на беларускай, 13 - на гэтых дзвюх мовах. Цяпер жа ў нас мірны час, таму ёсць усе ўмовы, каб вырашыць гэтую праблему, зусім не ўшчамляючы правы роднага слова карэннага насельніцтва ў такой важнай справе, як перыядычны друк. Як да крайнасці мала ў ім нашага, беларускага. Не прывядзе да дабра нас такое.

Працяг будзе.