Беларусы ЗША правялі пікет каля Белага дома

Некалькі дзясяткаў беларусаў з розных гарадоў Злучаных Штатаў Амерыкі 2 красавіка правялі пікет каля Белага дома ў Вашынгтоне, каб выказаць пратэст супраць новай хвалі рэпрэсій у Беларусі і прыцягнуць увагу амерыканскіх уладаў да пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека на сваёй гістарычнай радзіме.

Людзі рознага ўзросту і роду заняткаў, многія з якіх былі апранутыя ў нацыянальныя строі, трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты „Свабоду Беларусі!”, „Мы стаміліся баяцца” і „Бацьку на пенсію!”.

„Мы хочам заклікаць кіраўніцтва Беларусі апомніцца, рэабілітаваць незаконна затрыманых і асуджаных, вярнуць іх у сем`і, а потым працягнуць канструктыўны дыялог з Захадам дзеля таго, каб развіваць эканоміку Беларусі, павялічваць інвестыцыі, каб спецыялісты, што пакінулі краіну, вярнуліся назад, — сказала адвакат Марына Кавалеўская, адна з арганізатараў акцыі. — Сёння Дзярждэпартамент ЗША знаходзіцца ў несфармаваным выглядзе, і адзінага голасу, як раней, мы ад яго не чуем. Таму адно з нашых патрабаванняў да амерыканскага ўраду — праявіць сябе і запатрабаваць крокаў ад беларускіх уладаў, каб не дапусціць паўтарэння сцэнарыя 2010 года”.

Пратэстоўцы нагадалі, што крокі, зробленыя ЗША насустрач беларускім уладам, рэжым прыняў як належнае, не прадэманстраваўшы рэальнага прагрэсу ў вырашэнні праблем з правамі чалавека ў Беларусі. Таму ў тэксце звароту да ўрада ЗША, складзенага ўдзельнікамі акцыі, таксама ёсць патрабаванне вярнуцца да санкцый, прыпыненых год таму, і выкарыстаць іх у якасці рычага для вызвалення палітвязняў, дасягнення сістэмных зменаў у галіне свабоды СМІ, рэгістрацыі палітычных партый і гэтак далей.

Акрамя таго, як паведамілі арганізатары пікета, беларусы ЗША ў якасці дапамогі суайчыннікам сабралі каля 20 тысяч долараў на аплату штрафаў затрыманым падчас акцый пратэсту у розных гарадах Беларусі. „20 тысяч — гэта толькі зарэгістраваная сума, на самай справе яна большая, бо многія, напэўна, перасылалі грошы наўпрост у Беларусь. Рэжым можа быць упэўнены: сваіх у бядзе мы не пакінем”, — запэўніў удзельнік пратэсту з Філадэльфіі Аляксей Варанчук.

„Акрамя матэрыяльнай дапамогі наша падтрымка заключаецца ў лабіраванні інтарэсаў Беларусі ў Дзярждэпартаменце, сенаце, кангрэсе і амерыканскіх СМІ, якія, на жаль, пра Беларусь ведаюць мала, і ад гэтага беларускай праблемы быццам бы не існуе, — сказаў Зміцер Шчыгельскі, прадстаўнік некамерцыйнай арганізацыі „Беларусы ў выгнанні”. — Ад акцый пратэсту мы маем намер пераходзіць да сістэмнай працы з заканадаўцамі, а менавіта: лісты і званкі, сустрэчы з сенатарамі і кангрэсменамі”.

“Беларускае Радыё Рацыя” паводле БелаПАН