Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Невядомае пра Немэна

“Ёсць такі дом...” — cпяваў у адным са сваіх шлягераў наш знакаміты зямляк, польскі рок-музыкант ХХ стагоддзя нумар адзін Чэслаў Немэн, відавочна настальгуючы па родным гняздоўі сваёй сям’і ў Старых Васілішках, што на Шчучыншчыне. І менавіта ў гэтым месяцы ёсць нагода згадваць яго імя часцей: 16 лютага дзень яго нараджэння. Да апошняга традыцыйна прымеркаваная паездка аматараў і знаўцаў творчасці Немэна ў клуб-музей (а па сутнасці — даўно ўжо дом-музей) у Старых Васілішках. Сёлета галоўнай падзеяй гэтай выправы стала ўнікальная знаходка.

Але спачатку крыху пра месца дзеяння. У доме, пабудаваным дзедам Немэна ў пачатку ХХ стагоддзя, будучы вялікі музыкант Чэслаў Выджыцкі (сапраўднае прозвішча артыста) нарадзіўся, тут прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады, адсюль ён з сям’ёй эміграваў у Польшчу ў 1958 годзе. Амаль 60 гадоў таму. Яму тады было дзевятнаццаць. У доме спачатку жыла іншая сям’я, потым там змясцілася сельская прадуктовая крама, а пасля дом яшчэ гадоў з дзесяць пуставаў і разбураўся.

Разам з тым, ужо прызнаны і знакаміты, лаўрэат і кавалер многіх ганаровых званняў і ўзнагарод, Немэн не аднойчы прыязджаў у родную вёску, у родную хату. Яго сувязь з радзімай не перарывалася ніколі. І ён з сумам згадваў у сваіх успамінах пра дом, што ў печы, дзе ён так любіў грэць рукі, і праз гады не было той самай цэглы, якую гаспадары — ён з бацькам — не паспелі дакласці. І фортка па-ранейшаму падпёртая сучком. Вось так і не стала ў доме гаспадара. Не стала ў доме любові. Не стала Духу.

Музей Чэслава Немэна і мемарыяльную дошку афіцыйна адкрылі ў лютым 2011 года да дня нараджэння Немэна. Як клуб для аднавяскоўцаў ён пачаў працаваць раней — 1 жніўня 2010 года. Спустошанае часам і людзьмі сямейнае гняздо Выджыцкіх стала ажываць. Старадаўні дом напоўніўся музыкай, гасцямі, тут зноў загучаў голас Чэслава. Сюды вярнуліся Памяць і Любоў.

Дырэктар музея Уладзімір Сянюта зрабіў і робіць вялікую працу, каб ратаваць дом ад разбурэння і напаўняць яго экспанатамі. У гэтым яму дапамагае невялікая група мінчан, верных прыхільнікаў таленту, асобы і лёсу Чэслава Немэна, і захопленыя супрацоўнікі Шчучынскага райвыканкама. Праз такое шматбаковае спрыянне ў экспазіцыі з’явіліся піяніна і гітара, арыгіналы рэдкіх фотаздымкаў, копіі дакументаў і малюнкаў, зробленых рукой Чэслава. Аднавяскоўцы і сябры дзяцінства знакамітага земляка прынеслі ў музей прадметы побыту і інтэр’еру, якія калісьці былі тут і якія Выджыцкія не змаглі, з’язджаючы, узяць з сабой. Некаторыя экспанаты знайшліся на закінутым гарышчы стогадовага дома.

У сёлетні дзень нараджэння Чэслава Немэна, 16 лютага, у клубе-музеі адбыўся вечар успамінаў, а праз два дні ў Васілішкаўскім Доме культуры паказалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Яго жыццё — музыка”. Наіўна, кранальна, шчыра, традыцыйна. Можна было б сказаць, што ўсё было як і заўсёды. Ды не зусім.

Кожны вялікі творца — заўсёды таямніца і заўсёды адкрыццё. І ў жыцці заўжды ёсць месца цуду. Можна стукнуць абцасам аб зямлю — і заб’е нафтавы фантан. Можна узмахнуць рукавом — і з яго вылецяць лебедзі. А можна... У адзін з гэтых лютаўскіх немэнаўскіх вечароў сталічныя госці зноў залезлі на гарышча дома і адкапалі пад тоўстым культурным пластом пацярухі напаўспарахнелы сшытак па рускай мове вучня 6 класа Васілішкаўскай школы Чэслава Выджыцкага. А яшчэ яго ноты — полькі і партыі кларнета, фатаграфіі, малюнкі, негатывы. Няўжо гэта не дзіва? Значыць, Духу дома ўсё ж прыйшліся даспадобы яго госці-заўсёднікі, і ён добразычліва падзяліўся з намі сваімі таямніцамі.

P.S. Падобна на тое, давядзецца падзяліцца яшчэ адной таямніцай і мне. Невялікай. Нашай, чалавечай. Або сакрэтам. Або сюрпрызам. Старадаўні арган канца XVIII стагоддзя са Старавасілішкаўскага касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла цалкам адрэстаўраваны па ініцыятыве і пры ўдзеле ўсё той жа групы прыхільнікаў не толькі Немэна — шырэй: Старых Васілішак, Беларусі, яе культуры. Як толькі пацяплее, пачнецца яго мантаж. А ўвосень да вялікага свята ў гонар Чэслава Немэна, чый бацька быў касцельным арганістам і наладчыкам, у касцёле плануецца першы канцэрт арганнай музыкі. Ужо маюцца заяўкі на ўдзел у канцэртах ад вядомых арганістаў Еўропы. Рэдкі інструмент зноў велічна загучыць усімі сваімі рэгістрамі, перагукнецца з вечнасцю голасам, які ў раннім дзяцінстве натхніў Чэсіка Выджыцкага стаць Чэславам Немэнам.

Рэнесанс культурнага жыцця ў Старых Васілішках мы зрабілі сваімі рукамі!

Вера Савіна, “Культура”

Падзяліцца:

Здорово !

Здорово !

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.