Каляднае свята ў Малдове

Прыйшлі доўгачаканыя Каляды! Новае Сонца і Нараджэнне Божага Сына суайчыннікі, што жывуць на малдаўскай зямлі, сустрэлі згодна з беларускімі звычаямі.

25 снежня пад дахам нядаўна адкрытага Беларускага культурнага цэнтра – новага беларускага прыстанку ў Малдове, прадстаўнікі нашай дыяспары на запрашэнне мецэнаткі Ганны Бабін зладзілі сумесныя Каляды, каб у святы час парадаваць беларускіх дзяцей і моладзь, а таксама іх бацькоў. Сілы згуртавалі чатыры грамадскія аб'яднанні: Беларускі культурны рух Малдовы, Таварыства дружбы і супрацоўніцтва «Малдова–Беларусь», Беларуская грамада ў Рэспубліцы Малдова і Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёў «Беларусь». Падтрымку ў правядзенні свята аказалі Амбасада Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова і СП «Керамін Груп» – дапамаглі накрыць смачны салодкі стол і набыць навагоднія падарункі для маленькіх беларусаў Малдовы.

Беларуска-малдаўскі этнічны тэатр «Куфар», што дзейнічае пры Беларускім культурным руху Малдовы, паказаў святочны спектакль «Каляднае свята» на беларускай і малдаўскай мовах. Гледачы паспрабавалі беларускую абрадавую страву – Куццю, перанесліся ў старажытны Віфлеем, дзе нарадзіўся наш Збаўца Ісус Хрыстос, а яшчэ прымалі беларускіх калядоўшчыкаў: выконвалі капрызы ўпартай казы, сімвала ўрадлівасці і дабрабыту, каб яна, нарэшце, ажыла ўсім на радасць. Прыйшоў да гасцей свята і Зюзя – бог беларускай зімы са сваімі памагатымі Зімой-Завірухай і Марозам. Дадалі ў спектакль яркай фарбы і дзве маладыя таленавітыя вакалісткі – сёстры Садоўнік, сяброўкі Таварыства дружбы і супрацоўніцтва «Малдова-Беларусь», якія ў вобразах калядоўшчыкаў цудоўна выканалі беларускія і малдаўскія калядныя песні.

Выдатныя творчыя таленты прадэманстравалі маленькія беларусы. Вядомы мастак Вячаслаў Ігнаценка, які праводзіць заняткі ў нядаўна адчыненай студыі выяўленчага мастацтва пры Беларускім культурным цэнтры, са сваімі выхаванцамі, юнымі мастакамі ва ўзросце ад 4 да 12 гадоў, арганізаваў «Зімовы вернісаж», прымеркаваны да Каляд.

«Каляднае свята» заўсёды збірае вялікую колькасць сяброў. Прыйло шмат гасцей з Пасольства Рэспублікі Беларусь, суайчыннікаў з многіх беларускіх грамадскіх аб'яднанняў у Малдове, шматлікія сябры з польскай, рускай і ўкраінскай дыяспар. Па традыцыі «Каляднага свята» ўсе дзеткі атрымалі смачныя навагоднія падарункі, шмат добрых эмоцый і выдатны калядны настрой!

Беларусы Малдовы жадаюць усім землякам у Новым 2017 годзе вялікіх поспехаў, дабрабыту, усяго самага светлага і добрага.

Здароўя і шчасця каб усім пра запас! Не ведаць пра сум і нягоды! Віншуем са святам шчыра мы Вас, З Хрыстовым Раством, з Новым годам!

Ганна Мазур, Старшыня Праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы