Словы верша Станіслава Валодзькі “Беларусы свету” паклалі на музыку (музыка Альберта Белуся, аранжыроўка Алега Цімафеева). Прапануем вам паслухаць яе ў выкананні вакальнага калектыва “Пралескі” Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілса (мастацкі кіраўнік Анастасія Малышава), а пасля і самім праспяваць пад “мінусоўку”.
БЕЛАРУСЫ СВЕТУ
Беларусь святая, Зноўку нас вітаеш Родных хат дымамі, Крыламі буслоў, І ў маленства наша Зноўку нас вяртаеш, Клічаш на спатканне З першаю вясной.
Беларусам свету, Нам на сэрцы светла, Што, здаецца, сёння Сэрца ў нас адно, Бо адной любоўю Да цябе, Айчына, Як вадой крынічнай, Поўнае яно.
Тут пад небам сінім З намі Еўфрасіння І Скарына з намі Гутарку вядуць, Колас і Купала, Цётка й Багдановіч, Танк і Караткевіч З намі тут пяюць.
Беларусь-матуля, Да сябе нас туліш, Нас сабраўшы, быццам Васількі ў букет, Нас сабраўшы быццам Каласкі ў снапочак. Нам з табой бязмежна Мілы белы свет.
Як мы гонар маем, Так і шчасце маем, Беларусы свету, Дзе б мы не былі, – Да нябёс высока Тост мы падымаем За свой люд, За росквіт Роднае зямлі!