З 3 па 5 верасня ў Атаве (Канада) праходзіць 32-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Змяшчаем тут вітанне Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» яе ўдзельнікам.
Шаноўныя ўдзельнікі 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі! Сардэчна вітаем Вас ад імя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»!
У чарговы раз мы радыя засведчыць, што каштоўная традыцыя беларусаў Амерыкі сустракацца і разам абмяркоўваць найбольш актуальныя праблемы жыве. І гэтая традыцыя ўжо больш за шэсцьдзесят гадоў працягвае збіраць разам розных людзей, тэрытарыяльна раз’яднаных з Радзімай і паміж сабой, але назаўжды злучаных любоўю да Беларусі, да беларускай культуры і мовы. Такі працяглы тэрмін сведчыць пра плённасць і эфектыўнасць мерапрыемства, і мы спадзяемся, што і гэтым разам яно будзе мець станоўчыя вынікі і дасць моцны зарад для дзейнасці на карысць пашырэння беларускай прысутнасці.
Тэмы, якія ўздымаюцца на сёлетней Сустрэчы – нацыянальная свядомасць і развіццё грамадзянскай супольнасці і культуры ў дыяспарах, – выключна важныя не толькі для прадстаўнікоў паўночнаамерыканскай беларускай грамады і беларускіх суполак па ўсім свеце. На вялікі жаль, вастрыня гэтых пытанняў не слабее і для беларусаў у самой Беларусі. Досвед беларускіх нацыянальных суполак, якія даюць рады ў вырашэнні падобных задач у складаных умовах аддаленасці ад роднай зямлі, свайго народу, сярод чужой культуры, – неацэнны. І для нас вялікі гонар супрацоўнічаць з вамі, быць вам карыснымі, і шмат у чым пераймаць ваш досвед!
Зычым удзельнікам Сустрэчы добрага здароўя, аптымізму і натхенння! Плёну Вам у няпростай працы на карысць развіцця беларускай прысутнасці ў Амерыцы!
Улетку 2017 года адбудзецца Сёмы з’езд беларусаў свету. Меркаванні і досвед беларусаў Паўночнай Амерыкі каштоўныя, і важна, каб галасы вашых дэлегатаў прагучалі на самім з’ездзе. Чакаем Вас!
Управа МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”»