Тысячы беларускіх жаўнераў Другой сусветнай вайны адважна змагаліся з нацызмам у шэрагах польскай арміі генерала С. Андэрса.
19 траўня 1944 г. пасля шматдзённай атакі з удзелам амерыканскай авіяцыі, індыйскіх, новазеландскіх, аўстралійскіх, брытанскіх войскаў і польскай арміі, умацаваная вышыня ў кляштары Монтэ-Касіна, што знаходзіцца на поўнач ад Рыма, была занята. Беларускія жаўнеры ў шэрагах польскай арміі выявілі бясстрашша і рашучасць. Яны наступалі аднымі з апошніх. У выніку гэтай аперацыі большасць удзельнікаў штурму па-геройску загінулі і былі пахаваныя на створаных пасля гэтай бітвы могілках. Пасля вайны Урад Польшчы збудаваў на гэтай гары мемарыял памяці герояў. Ні адзін загінулы жаўнер Беларусі не застаўся бяспамятна пахаваны. Кожны мае сваю магілу, свой крыж з надпісам: імя, прозвішча і месца нараджэння.
Штогод да гэтага мемарыялу з розных краін свету прыязджалі ветэраны, каб ушанаваць памяць сваіх сяброў-аднапалчанаў. І яшчэ гадоў дзесяць таму тут можна было ўбачыць і беларускіх ветэранаў з розных краін. Але час няўмольны, і цяпер ужо ўсе ветэраны-беларусы адышлі ў іншы свет. Нагадаем, што айцец Аляксандр Надсан (Вялікабрытанія) быў самым маладым удзельнікам штурму Монтэ-Касіна. Таксама ў шэрагах змагароў у гэтай аперацыі прымаў удзел і будучы беларускі спявак П. Конюх. А ў апошнія гады на мемарыяле з’явілася магіла генерала С. Андэрса… Але жыццё працягваецца, і з Польшчы ды іншых краін да мемарыялу працягваюць прыязджаць людзі, каб ушанаваць памяць ахвяраў нацызму. Гэта робіцца і з ініцыятывы дзяржаваў, і з боку грамадскіх арганізацый. Да мемарыялу і могілак герояў ускладаюць кветкі, сцягі ды іншыя адзнакі памяці.
Вось ужо трэці год запар патрыятычныя арганізацыі і прадстаўнікі грамадскасці з Беларусі бяруць удзел у мерапрыемствах па ўшанаванні памяці ўсіх, хто аддаў свае жыцці за свабоду Еўропы, свабоду Італіі і свабоду Беларусі. На пачатку ліпеня да мемарыяла былі ўскладзены кветкі, беларускі сцяг і эпітафія з стужкай ад Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».