Памёр Ніл Гілевіч

Нілу Гілевічу было 84 гады. Ён быў апошнім Народным паэтам Беларусі. Ніл Сымонавіч  – адзін з заснавальнікаў ЗБС “Бацькаўшчына”, адзін з арганізатараў Першага з’езда беларусаў свету, на якім быў абраны ў першую Вялікую Раду і быў у ёй шмат гадоў.

Ніл Гілевіч падчас IV З'езда беларусаў свету. Мінск, 2005 г.

Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай (1951), а таксама філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1956). Кандыдат філалагічных навук, прафесар. У 1958—1963 гадах працаваў літаратурным кансультантам газеты «Звязда». З 1960 года працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1980—1989 — першы сакратар праўлення Саюзу Пісьменнікаў БССР. З 1989 — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар газеты-бюлетэня ТБМ «Наша слова». З чэрвеня 1990 — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савету БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнае спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР (1985—1990). У 1990 годзе быў абраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзыдыуму Вярхоўнага Савету БССР.

Першы з’езд беларусаў свету

Ніл Сымонавіч падчас Першага з’езда беларусаў свету казаў: “На вялікі жаль, і ў нашым парламенце, і ва ўрадзе, і ў іншых дзяржаўных і недзяржаўных структурах супроць лініі на станаўленне суверэннай, незалежнай, нейтральнай, бяз’ядзернай беларускай дзяржавы выступаюць не толькі даўнія, загартаваныя і асатанелыя ворагі беларушчыны, але і некаторыя дэмакраты, прыхільнікі і абаронцы эканамічных рэформ. Што гэта значыць? Гэта значыць, што па-ранейшаму беларуская ідэя яшчэ не стала галоўнай аб’яднаўчай сілай. I ў гэтым найвялікшая наша бяда. Гаварыў не аднойчы і скажу яшчэ раз з гэтай высокай трыбуны: наша дзяржава яшчэ далёка не стала ў поўным сэнсе слова беларускай дзяржавай. Нам гэта яшчэ належыць зрабіць. I гэта стане тады, калі беларускімі пачуюцца нашы парламент і ўрад. Вядома, сутнасць не толькі ў мове. I аднак жа перш за ўсё, і сто разоў перш за ўсё — у мове.”

Развітанне з Нілам Сымонавічам адбудзецца ў пятніцу, 1 красавіка, у Свята-Петра-Паўлаўскім Саборы г. Мінска (вул. Ракаўская, 4, ст. м. Няміга), з 11.00 да 13.00. А 13-ай гадзіне пачнецца памінальная паніхіда. Ніл Гілевіч будзе пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

***

Управа МГА "ЗБС “Бацькаўшчына” і супрацоўнікі кампаніі “Будзьма беларусамі!” смуткуюць і перадаюць спачуванні блізкім і родным Ніла Сымонавіча і ўсяму беларускаму народу.

Выступ Ніла Гілевіча на святкаванні 75-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі: