Беларусы Канады адзначылі Дзень Волі святочным шэсцем па цэнтры Таронта

У нядзелю, 20 сакавіка, Згуртаванне Беларусаў Канады адзначыла 98-ую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі святочным шэсцем з бел-чырвона-белымі сцягамі па цэнтральнай вуліцы Таронта – найбуйнейшага горада Канады.

Пачатак шэсця

Пасля службы ў царкве св. Кірылы Тураўскага (БАПЦ) удзельнікі скіраваліся ў парк Крысьці, дзе прайшоў кароткі мітынг. Было адзначана, што 20 сакавіка падвойная дата: акрамя гадавіны Дня Волі, у той жа дзень 10 гадоў таму на пляцы Каліноўскага (Кастрычніцкая пл.) у Мінску былі ўсталяваныя першыя намёты і пачалася варта, якую шмат хто кліча «Беларускім Майданам».

Шэсце прайшло вуліцай Блюр (адна з двух цэнтральных вуліц Таронта) да Беларускага Цэнтру, што на скрыжаванні з вуліцай Лэнсдаўн. Падчас шэсця ўдзельнікі скандавалі «Freedom to Belarus!» («Свабоду Беларусі!»), «Жыве Беларусь!». Таксама было ўзгаданае імя украінскай змагаркі Надзеі Саўчанка, што знаходзіцца ў пуцінскіх засценках: заклік «Freedom to Savchenko!» («Свабоду Саўчанка!») лунаў па-над вуліцамі Таронта. Улады горада забяспечылі суправаджэнне паліцэйскіх на роварах.

Па сканчэнні шэсця ў Беларускім Цэнтры адбылася ўрачыстая імпрэза. Са святочным зваротам па тэлефоне з ЗША (дзе напярэдадні адбывалася паседжанне Рады БНР) да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. Яна адзначыла, што Беларусь ёсць незалежнай, але не свабоднай і яе мара – перадаць паўнамоцтвы Ураду ў выгнанні дэмакратычнаму ўраду новай вольнай Беларусі.

Сакратар Галоўнай Управы ЗБК Віталь Кошалеў падрабязней распавёў аб падзеях у Мінску ў 2006 годзе, удзельнікам якіх ён быў сам, жывучы тады ў Беларусі. Таксама прагучаў заклік да Прэм'ер-міністра Канады далучыць свой голас у падтрымку Надзеі Саўчанка да галасоў Прэзідэнтаў ЗША і краін Еўразвязу.

Віталь Кошалеў

Сябра Рады БНР Алесь Кот распавёў пра гістарычную місію Рады, а таксама прадставіў калекцыю партрэтаў Прэзідэнтаў БНР, што будзе дададзеная да галерэі ў Беларускім Цэнтры ў Таронта.

Напрыканцы афіцыйнае часткі слова ўзяў Барыс Кірка, бадай найстарэйшы сябра ЗБК. Ён заклікаў беларусаў да еднасці, а таксама падтрымаў ідэю шырэйшага ахопу беларускай грамады Канады праз культурніцкія мерапрыемствы (як, прыкладам, сэрыя ўрокаў «Мова Нанова», што праходзіць сёлета ў Беларускім Цэнтры ў Таронта).

Сапраўды святочны настрой стварыў выступ вядомай спявачкі Святланы Літвінавай, якая на працягу 15 гадоў была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Народныя песні пра вясну, любоў да Бацькаўшчыны і жартаўлівыя прыпеўкі закранулі ўсіх слухачоў. Публіка прасіла праспяваць яшчэ болей улюбёных песняў.

Спявае Святлана Літвінава

Часткай імпрэзы стаўся і святочны стол з пачастункамі, сярод якіх былі пірагі з надпісамі «Воля», «За свабоду», а таксама цукеркі з гербам «Пагоня» часоў абвяшчэння БНР, і ў сучасным варыянце.

Болей фота і відэа глядзіце тут.

Аўтары фота і відэа: Ірына Тоўсцік, Алесь Кот, Віталь Кошалеў, Уладзімір Касцючэнка.