10 студзеня ў Кафедральным саборы Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылася святочная калядная багаслужба з удзелам архіяпіскапа Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы ўладыкі Святаслава. Напрыканцы службы Уладыка ўручыў старшыні парафіяльнай рады сабору доктару Расціславу Гарошку ордэн Мітрапаліта Менскага Мэльхісэдэка.
Ордэн Мэльхісэдэка заснаваны ў 2014 годзе і ўручаецца за асаблівыя заслугі перад БАПЦ. Усяго уручаныя 2 ордэны Першай ступені і два Другой ступені.
Спадар Гарошка зьяўляецца актыўным парафіянінам БАПЦ з 1949 году, а ягоныя бацькі былі фундатарамі сабору Кірылы Тураўскага. Рукамі спадара Гарошкі зроблена шмат працы ў саборы, і ён працягвае займацца ёю, нягледзячы на паважны узрост.
Віншуючы спадара Гарошку, прыхаджане спявалі яму "Дай божа шмат год" і зычылі яму добрага здароўя і плёну на ніве БАПЦ.