Беларускі гурт Volya зь Сіетлу — «дзічэй за індзейцаў»

Фольк-гурт з Амэрыкі, у які ўваходзіць армянка з Кіеву, беларуска-паляшучка зь Менску, беларуска з Масквы і баўгарка з Сыбіры, прадстаўляе на Tuzin.fm альбом «Long Journey», цалкам складзены зь беларускіх аўтэнтычных сьпеваў.

На Радзіме Курта Кабэйна, у амэрыканскім Сіетле ўжо 6 гадоў як існуе беларускі фольк-гурт, а мы пра яго анічога ня ведаем. Кіруе гуртом колішняя ўдзельніца праекту Guda Вольга Дземка. Завецца калектыў адпаведна — Volya. У іх афішы — рэгулярныя выступы. У дыскаграфіі — два паўнавартасныя альбомы. Вольга Дземка распавяла пра акалічнасьці запісу, пра сваіх настаўнікаў і крыніцы натхненьня, пра сіетлаўскіх гіпстэраў ды палескіх пяцідзясятнікаў, пра фільм «Песьні Старое Эўропы», над якім сканчае працу.

З МОРА ГЕРАДОТА ДА ЦІХАГА АКІЯНУ

Вольга Дземка перабралася зь Менску ў Сіетл (штат Вашынгтон) тузін гадоў таму. Беларуска зарабляе грошы перакладамі, а таксама відэа- ды фотаздымкай. Яна скончыла Сіетлаўскі інстытут мастацтваў. Астатні час займае імянны фольк-гурт. Вольга распавядае: «Я сьпяваю з малога ўзросту. Вырасла ў бабулі на Палесьсі. Але ўся нашая вёска была пяцідзясятніцкая, яшчэ з 1933 году. Уся тысяча жыхароў хадзіла ў адну царкву й сьпявала гімны. Таму фальклёр ад бабулі я ня чула, толькі калыханкі. А калі я ўпершыню пачула Gudа, то папросту глядзела й не магла зразумець, як дзеўкі гэта робяць. Яны мяне заманілі да сябе, можна так сказаць. Я хацела прыйсьці да іх на рэпэтыцыю толькі паслухаць, а яны кажуць: „Адкрывай рот і сьпявай“». Дарэчы, цяпер, прызнаецца Вольга, палескія сьпевы ў ейнага гурту атрымліваюцца лепей за ўсё. Дастаткова дзьвюх рэпэтыцыяў, і каляжанкі пачынаюць сьпяваць гэтыя песьні так, быццам толькі іх і сьпявалі ўсё жыцьцё.

VOLYA (зь левага боку на правы) = Рая Асрыянц (армянка з Кіеву), Вольга Дземка (беларуска-паляшучка зь Менску), Вольга Сухавер (беларуска з Масквы), Дарынка Шапавалава (баўгарка з Сыбіры).

«ДЗІЧЭЙ ЗА ІНДЗЕЙЦАЎ»

Голас Вольгі Дземкі (тады яшчэ Карпцовай) гучыць на першым альбоме Gudа «Архаічныя абрадавыя сьпевы». Дэбютны альбом уласнага гурту Вольга запісала ў 2010 годзе ў адным з сіетальскіх сутарэньняў, дзе месьцілася прыватная студыя. Сябар Вольгі разрэклямаваў ейны гурт тамтэйшаму гукарэжысэру: «Гэта такое дзікунства, якога ты ніколі ня чуў! Нават дзічэй за нашых індзейцаў!» У выніку альбом быў запісаны амаль задарма. Дзяўчат папрасілі толькі аплаціць затрачаную электраэнэргію.

Сумесная кампазыцыя гурту VOLYA зь немцам-мультыінструмэнталістам Дынам Гаакам. У кліпе ён грае на шматструннай «мэгатары».

МУЛЬТЫКУЛЬТУРНЫ КВАРТЭТ

Дзьве Вольгі й Дарынка пазнаёміліся праз расейскі фольк-гурт Pava, які таксама існуе ў Сіетле. Дарэчы, Дарынка скончыла фальклёрнае аддзяленьне Піцерскага ўнівэрсытэту культуры, там яе вучыла выкладчыца зь Беларусі, а дыплёмная праца баўгаркі прысьвячалася беларускім песьням Палесься.

Volya амаль штогод выступае на буйным мясцовым фольк-фэсьце — The Folklife Festival Seattle. Песьні «Каралю-каралевічу» й «А з-пад горкі…» пасьпелі стаць іхнімі візытоўкамі. «У нас, у Сіетле, вельмі касмапалітычная атмасфэра, — распавядае Вольга Дземка. — Ёсьць прадстаўнікі з усяго сьвету. Аднак беларускае дыяспары няма. У Сіетле —100  тысячаў чалавек, якія размаўляюць па-расейску. Беларусаў зь іх я ведаю 15, і зь іх ніхто не размаўляе па-беларуску. Тутэйшыя амэрыканамоўныя гіпстэры шалёна любяць балканскую, грузінскую музыку, а таксама і нашыя беларускія вясьнянкі разам з архаічнымі строямі».

Volya, The Folklife Festival Seattle, 2010 г.

«LONG JOURNEY»

У другім сваім альбоме «Вялікая дарога», як і ў дэбютніку, Volya дэманструе ўсю разнастайнасьць беларускага традыцыйнага сьпеву. Зь песьні ў песьню зьмяняецца рытміка, колькасьць галасоў, дадаюцца танцавальныя найгрышы. Больш за два дзясяткі песень адносяцца да розных жанраў і рэгіёнаў Беларусі. Гэтым разам гукасэсія адбылася не ў сутарэньні, а ў інстытуцкай Earthpops Studios. Для гукарэжысэркі Рэйчэл Катала-Русак новы альбом Volya стаўся дыплёмным праектам. Між іншым, выявілася, што муж Рэйчэл мае беларускія карані.

Адметнасьцю «Вялікае дарогі» сталі імправізацыйныя нумары на скрыпцы й аўтэнтычныя казкі-мэлядэклямацыі, агучаныя й па-беларуску, і ў перакладзе на ангельскую мову. Альбом выйшаў летась на кампакт-дыску, а пасьля зьявіўся ў сеціве.

 

«ПЕСЬНІ СТАРОЕ ЭЎРОПЫ»

Вольга Дземка працуе над дакумэнтальным фільмам пра беларускі фальклёр «Песьні Старое Эўропы». Прыкладная дата рэлізу — красавік 2016-га. Стужка разьлічаная на 47 хвілінаў. Хаця матэрыялу было запісана амаль на суткі прагляду. Адно інтэрвію з Іванам Кірчуком, да прыкладу, займае 40 хвілінаў. Аўтарка думае пасьля прэзэнтацыі фільму выставіць у Сеціве ўсе запісаныя інтэрвію цалкам.

Цяпер Вольга шукае фінансавае ды творчае падтрымкі, каб завершыць справу. Нават ладзіць ў Сіетле сьпеўныя лекцыі, прымеркаваныя да выхаду фільму. Тым часам, да працы далучаюцца людзі з розных куткоў Беларусі. Знайшліся аніматары ды спэцыялістка па субтытрах. То бок, кіно можа стаць напраўду народным. Падтрымаць праект можна на спэцыяльным сайце.

Старонкі гурту VOLYA ў Сеціве: сайт/facebook/reverbnation

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота - Сlean Earth Photography