У Латвіі Сяргей Панізьнік і Міхась Казлоўскі прэзентавалі кнігу твораў Вольгі і Сяргея Сахаравых

Кнігу пра дзеячаў беларускай культуры, якія жылі і працавалі ў міжваеннай Латвіі, у верасні выдалі паэт і журналіст Сяргей Панізьнік і краязнаўца з Маладзечна Міхась Казлоўскі.

Прэзентацыю правялі 20 лістапада ў Рызе. Яе арганізавалі дзякуючы Амбасадзе Беларусі ў Латвіі, Латвійскаму таварыству беларускай культуры “Сьвітанак”, Беларускаму інфацэнтру пад кіраўніцтвам Уладзіслава Рэдзькіна. Дзякуючы арганізатарам паездка і пражыванне для гасцей з Беларусі было бясплатным.

Мерапрыемства адбылося ў зале акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Прысутнічала дырэктар бібліятэкі Вента Коцэрэ, журналісты, сябры беларускіх таварыстваў у Латвіі “Світанак” і “Уздым”, дырэктар і настаўнікі Беларускай асноўнай школы ў Рызе, а таксама праваслаўны святар, прадстаўнік мітрапаліта ўсяе ЛатвііАляксандра.

Напачатку імпрэзы ўнучка Вольгі і Сяргея Сахаравых Нонна Вільгельмаўна Ахметулаева пракаментавала відэафільм, складзены з фотаздымкаў сямейнага архіва.

У сваім выступленні Сяргей Панізьнік адзначыў, што даўно займаецца вывучэннем гісторыі беларускай дыяспары ў Латвіі, сярод прадстаўнікоў якой важнае месца займаюць Сахаравы.

Міхась Казлоўскі паведаміў, што да падрыхтоўкі кнігі яго веды ў галіне гісторыі беларусаў у Латвіі былі недастатковымі, і толькі дзякуючы Панізьніку ён адкрыў для сябе двух важных дзеячоў, якія вартыя, каб іх працу ўшанавалі ў кнізе.

Госці з Беларусі атрымалі цэлую гару кветак ад прысутных у зале жанчын, а самі падарылі некаторыя беларускія кнігі. Міхась Казлоўскі адзначае вельмі цёплую і сямейную атмасферу сустрэчы.

На наступны дзень спадар Міхась меў магчымасць прайсціся па Старой Рызе, экскурсію па якой для яго правёў беларускі мастак і пісьменнік у Латвіі Вячка Целеш. Краязнаўца разам з унучкай Сахаравых пабываў на Іванаўскіх могілках, дзе пахаваны Сяргей Сахараў з роднымі і блізкімі.

Міхась Казлоўскі распавёў, што яго расчуліў і крануў момант, калі падчас прэзентацыі сын былой старшыні “Світанка” Таццяны Казак Мікола зачытаў верш Вольгі Сахаравай з чыстым беларускім вымаўленнем:

Яму і Бацькаўшчыне

На чужым берагу мы з табою адны

Навакол злая ўюга бушуе.

І штодня сніцца мне,

Як ў радной старане

Сонца ласкай п’яніць і калдуе.

Хай у чужой старане мы з табою адны,

Навакол хай ўюга рыдае,

Але ведаем мы,

Што край любы, радны

Наша імя дабром успамінае.

(20 снежня 1925 г., Дзвінск)

Наклад выбраных твораў Вольгі і Сяргея Сахаравых амаль цалкам разышоўся. Кнігу можна пачытаць у бібліятэцы “Верасок”.