Да свайго 25-гадовага юбілею Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звярнулася да некаторых сябраў Рады з чатырма невялікімі пытаннямі. Прапануем пазнаёміцца з адказамі Алеся Старыкевіча, рэдактара газеты “Салідарнасць”.
Які найбольш уражвальны момант вы можаце згадаць з тых часоў, калі паўставала “Бацькаўшчына”?
Натуральна, устаноўчы сход. Бо для 1990-га гэта была рэвалюцыйная падзея, хаця і абсалютна мірная.
Знаёмства з якімі людзьмі ў кантэксце тых падзеяў стала для вас знакавым і чаму?
Вельмі шмат вартых людзей было і ёсць сярод беларусаў свету. Але трох з тых, з кім меў гонар азнаёміцца, адзначу асабліва: Генадзь Бураўкін, які адыграў ролю “сувязнога” паміж тутэйшымі і заакіянскімі беларусамі; Івонка Сурвілла, якая надала другое дыханне Радзе БНР, і Барыс Рагуля, які і праз дзесяцігоддзі пасля другой сусветнай застаўся абаронцам беларускай ідэі і народа.
Пералічыце тры найбольш важныя, на ваш погляд, дасягненні "Бацькаўшчыны".
Арганізацыя з'ездаў беларусаў свету, падтрыманне сталых кантактаў з дыяспарамі, няспынная праца па падвышэнню культурнага ўзроўню жыхароў Беларусі.
Якія тры рэчы, на вашую думку, варта зрабіць “Бацькаўшчыне” ў сучаных умовах для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў?
Працягваць, працягваць і яшчэ раз працягваць тую працу, якая ўжо робіцца. Бо толькі сістэмны падыход здолее даць плён. "Бацькаўшчына" шчыруе на ніве нацыянальнага адраджэння ў зоне "рызыкоўнага земляробства", таму патрэбны час і упартасць, каб "дачакацца залацістага, яснага дня".
Запрашаем сябраў Згуртавання далучацца да бліц-апытання! Свае адказы вы можаце дасылаць на адрас zbsb.minsk@gmail.com.