Канец 1980-х і пачатак 1990-х, бурлівыя і цікавыя гады - гады Адраджэння, якія неслі народам савецкай імперыі ідэалы незалежнасці нацыянальных дзяржаў, ідэалы свабоды і дэмакратыі. Дух гэтых ідэалаў пачаў пранікаць у сэрцы людзей з прыходам гарбачоўскай перабудовы і галоснасці.
У Латвіі тады ўвесь латышскі народ падняўся за адраджэнне сваёй нацыянальнай дэмакратычнай дзяржавы. У Латвійскім Адраджэнні (Атмодзе) іх падтрымала і інтэлігенцыя нацыянальных меньшасцяў краіны, быў прыняты закон аб культурнай аўтаноміі, пасля чаго пачалі арганізоўвацца нацыянальныя культурныя таварыствы. Беларусы Рыгі ў той час таксама не стаялі ў баку, разам з латышамі ўдзельнічалі ў мітынгах, шэсцях, канферэнцыях.
У 1988 г. пры падтрымцы Латвійскага Народнага Фронта беларусамі Рыгі была заснавана першая беларуская суполка - Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. З першых дзён заснавання ў таварыстве вялася актыўная адраджэнская культасветная праца, арганізоўваліся розныя цікавыя вечарыны, сустрэчы з адраджэнцамі з Беларусі, чыталіся лекцыі па гісторыі Беларусі, ладзіліся розныя выставы. Мяне, тады вольнага і маладога мастака, гэта таксама захапіла і кінула ў вір тых падзей. Да гэтага на маю нацыянальную свядомасць, маё прыхіленне да адраджэнне беларушчыны ў Латвіі, якая тут пульсавала да прыхода савецкай улады, шмат у чым паўплывала вучоба ў Латвійскай акадэміі мастацтваў, дзе існаваў латышскі нацыянальны дух.
У 1989 г. у Рызе былі заснаваны Беларуская мастацкая студыя “Вясёлка” і Беларуская нядзельная школа. У 1990 г. Таварыства “Сьвітанак” удзельнічала ў Форуме народаў Латвіі і Форуме культуры Латвіі, падчас іх працы мне давялося выступіць з прамовай.
У 1991 г. было заснавана Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, сябры якога ў Латвіі разам з таварыствам “Сьвітанак”, у Эстоніі разам з таварыствам “БЭЗ” , а ў Літве і Санкт-Пецярбургу - з мясцовымі таварыствамі беларускай культуры прыхілялі беларусаў да Адраджэння. Мы, сьвітанкаўцы, таксама пастаянна сачылі за Адраджэннем на Бацькаўшчыне і падтрымлівалі стасункі з адраджэнцамі Беларусі. У 1989 г. старшыня “Сьвітанка” Сяржук Кузняцоў удзельнічаў ад таварыства ва Устаноўчым з’ездзе Беларускага Народнага Фронту.
Хацелася б прыгадаць прозвішчы тых беларусаў, маіх паплечнікаў, якія дапамагалі падымаць пласты беларушчыны. Гэта медык, навукоўца Сяржук Кузняцоў, музыка Наталля Камілеўская, докер Уладзімір Вусік, журналістка Таццяна Касуха, доктар хімічных навук Мікола Ярчак, інжынеры Уладзімір Скрабатун з Вентспілса, Алесь Карповіч, Станіслаў Клімаў, Яўген Манжас, Таццяна Казак, і інш. Адраджаць беларушчыну ў Латвіі без сувязі і дапамогі з боку сваёй Бацькаўшчыны было цяжкавата, патрабавалася як матэрыяльная так і духоўная падтрымка аднадумцаў з Беларусі.
Беларусь таго часу таксама была захоплена духам гэтых еўрапейскіх ідэалаў, духам Адраджэння. Для беларусаў на Бацькаўшчыне Адраджэнне было звязана з пазітыўнымі пераменамі, гэта любоў да сваёй нацыянальнай мовы, гісторыі, спадчыны, культуры і мастацтва. Але там да перамен не ўсе былі гатовы і не ўсе паставіліся да гэтага аднолькава. Тым не менш знайшліся ў Беларусі людзі – сапраўдныя патрыёты сваёй Бацькаўшчыны, якія зразумелі: адраджаць і будаваць сваю нацыянальную дэмакратычную дзяржаву патрэбна ўсім разам - беларусам на Бацькаўшчыне і тым, якія жывуць па-за яе межамі. Імі і быў арганізаваны ў 1990 г. Першы з’езд беларусаў блізкага замежжа, на якім было заснавана Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Адной з галоўных мэтаў арганізацыі стала аб’яднанне ўсіх беларусаў для захавання ідэнтычнасці беларусаў у свеце. У тым з’ездзе узялі актыўны ўдзел і сябры “Сьвітанка”.
Найвялікшую справу зрабіла Згуртаванне “Бацькаўшчына”, калі зладзіла ў 1993 г. Першы з’езд беларусаў свету, які сабраў патрыётаў беларушчыны з дзяржаў блізкага і далёкага замежжа. Да арганізацыі яго і ўдзелу ў форуме далучыліся і дзяржаўныя структуры. Беларусь тады толькі адражалася і была пад гістарычнымі дзяржаўнымі сімваламі – “Пагоняй” і Бел-чырвона-белым сцягам, гэта аб’ядноўвала ўсіх. Тыя дні былі радаснымі хвілінамі сустрэч, асабліва для беларусаў далёкага замежжа, якія не былі ў Беларусі і не бачыліся са сваімі роднымі дзясяткі гадоў.
У Палацы мастацтваў у Мінску адбылася мастацкая выстава “Жыве Беларусь!”, у ёй удзельнічалі мастакі Беларусі і беларускія мастакі з далёкага і бліжняга замежжа. Тая выстава аб’яднала мастацтва беларускага замежжа з мастацтвам у Беларусі ў адно беларускае мастацтва.
З таго памятнага часу, з часу заснавання “Бацькаўшчыны”, і пачалася нялёгкая праца гэтай самай буйной міжнароднай беларускай грамадскай арганізацыі па наладжванні кантактаў і дапамозе, метадычнай і духоўнай падтрымцы беларускіх таварыстваў замежжа. З часу заснавання адбылося шэсць з’ездаў сябраў Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Нашы таварыствы “Сьвітанак” і “Маю гонар” удзельнічалі ва ўсіх яе форумах і пастаянна падтрымліваюць кантакты са Згуртаваннем беларусаў свету, бо гэта нашы аднадумцы. нашы паплечнікі на беларускай дзялянцы.
У сувязі з 25-годдзем МГА ЗБС “Бацькаўшчына” мы кажам вялікі дзякуй за добрую, плённую працу ўсім былым кіраўнікам ЗБС “Бацькаўшчына” – Васілю Быкаву, Яўгену Лецку, Ганне Сурмач, Радзіму Гарэцкаму, Алесю Марачкіну.
Вялікі дзякуй сённяшнім кіраўнікам гэтай унікальнай і вельмі нам патрэбнай арганізацыі - Алене Макоўскай і Ніне Шыдлоўскай, а таксама ўсім, хто прычыняўся і сёння прычыняецца да працы, каб жыла МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Жыве Беларусь! Жывуць і будуць жыць беларусы ў свеце!
Старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар",
сябра Рады Латвійскага таварыства
беларускай культуры “Сьвітанак”
Вячка Целеш
Рыга