Пад гукі роднае песні: св. памяці Мікалай Касцюк

Св. пам. Мікалай Касцюк (Жыровічы, 18.02.1928 — Саўт-Рывер, 30.09.2015)

Колю пахавалі ў цёплы восеньскі дзень — у згодзе з ягонай лагоднай натурай. Сонечнае святло моўчкі дакраналася да вянкоў з жывых кветак, што абнялі магілу; да маўклівых постацяў сям’і й сяброў; да навакольных крыжоў і зялёнай яшчэ травы. На кароткі момант суняліся ўсплёскі «жыцейскага мора» для развітальнікаў, і назаўсёды — для нябожчыка. У яго адбылася вехавая перамена цялеснага ў духовае, а тымчасовага ў вечнае. Вечна памяць Мікалаю Касцюку.

На гэтым могільніку Коля бываў мноства разоў за сваё жыццё — найбольш з нагоды провадаў на той свет сяброў і знаёмых, з якімі будаваў у 70-х гадах недалёкую ад гэтага месца царкву св. Еўфрасінні Полацкай. Прыходзіў ён сюды таксама наведаць магілку маці, або проста так — каб даць адпачынак думкам. Бо нішто так не супакойвае калатнечу іх, як сузіранне могільніка.

А на гэтым пясчаным святаеўфрасіннеўскім узгорку заўсёды ціха. З двух бакоў яго ўзвысіліся ў сіняе неба вялікія дрэвы; з аднаго боку аднасямейны дом, а праз вуліцу шырокай паласой спускаюцца ўніз гарадскія могілкі, за якімі распасцерлася глыбокая панарама далёкіх селішчаў. Тут зрок сягае далёка, а думка засярэджваецца на памяці пра тых, хто быў перад табою й адыйшоў у вечнасць.

Апошнімі гадамі Колі цяжка давалася бываць тут, бо злачынны інсульт прыпыніў ягоную хаду, а пасля прыкаваў да ложка.

Але духам ён не паў, без ніякіх нараканняў змагаўся з нямогласьцю, трываў і не паддаваўся хваробе. Яму спрыялі ўва ўсім гэтым ягоная лагода характару ды клапатліва цярплівая жонка Рэня.

Ён чытаў перадаваныя яму газеты «Наша Ніва» й «Наша Слова», цікавіўся падзеямі ў Беларусі ды ў мясцовым царкоўным і грамадскім жыцці. Коля азнаямляў дзвюх медсясцёр-амерыканак, якія даглядалі яго ўдома, з Беларуссю. Адна з іх, калі прыязджала раніцай і адчыняла дзверы ягонага пакою, на ўвесь свой бадзёры голас віталася з ім: Good morning, Mister Kostsiuk from BELARUS!

Коля любіў слухаць песні, любіў спяваць. У дачыненні да яго прыгадваюцца словы з цудоўнага нарысу Максіма Багдановіча «Апокрыф», у якім Хрыстос, ходзячы па Беларусі, пытаецца ў мастака: «Калі пяюць песні ў вас?» А той адказвае: «Пяюць на радзінах і хрэсбінах, пяюць дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на йгрышчах і на вяселлях, і на хаўтурах, і ў бяседзе, і пры працы, і на ­­вайну йдучы, і ва ўсякай іншай прыгодзе».

Абставіны склаліся так, што родная песня прагучэла й пры Колевым адыходзе з гэтага свету. Песняй «Люблю наш край» рашылі падтрымаць бацькаў кволы стан дочкі Ірэна й Ліля, стоячы пры ягоным ложку.

Ціха загучэлі словы: «Люблю наш край, старонку гэту, дзе я радзілася, расла, дзе першы раз пазнала шчасце, слязу нядолі праліла…» Бацька, заплюшчыўшы вочы, з усмешкай слухаў гукі песні, якую сам ці раз спяваў. А калі спеў дабег да канца, ён ужо не дыхаў.

Паховіны Мікалая Касцюка, беларуса-патрыёта, які пакінуў след па сабе ў нашчадках ды ў выніках працы на рэлігійна-грамадскай ніве, былі людныя, урачыстыя й памятныя, са шчырымі спачуваннямі жонцы Рэні, дочкам Ірэне й Лілі ды ўсім іхным родным. Янка Запруднік