Да 25-гадовага юбілею арганізацыі Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звярнулася да некаторых сябраў Рады з невялікімі пытаннямі. Прапануем вам адказы Ганаровага сябра «Бацькаўшчыны» Лёлі Міхалюк, якая шмат гадоў кіравала Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі і сёння з’яўляецца Ганаровай старшынёй гэтай арганізацыі.
Які найбольш уражвальны момант вы можаце згадаць з тых часоў, калі паўставала “Бацькаўшчына”?
У той час, як “Бацькаўшчына” паўставала, я яшчэ мала ў чым арыентавалася, а калі Згуртаванне склікала беларусаў свету на першы з’езд, у мяне ў сям’і здарылася няшчасце, захварэў муж і мусіў легчы ў шпіталь і, на жаль, мы не змаглі паехаць. Але з часоў таго з’езду ёсць прыемнае ўсведамленне, што беларускі народ жыве, і надзея, што будзе жыць.
2) Знаёмства з якімі людзьмі ў кантэксце тых падзеяў стала для вас знакавым і чаму?
Пазней я ўдзельнічала ў з’ездах беларусаў свету, і ў тыя часы запазнала шмат людзей, усіх не магу і памятаць, каб вылучаць кагосьці асобна. Але шмат сустрэла людзей дастойных, вялікага калібру, і маю вялікі гонар, што мела магчымасць усіх іх запазнаць, і ўсе прыемна да мяне адносіліся.
3) Якія найбольш важныя, на ваш погляд, дасягненні "Бацькаўшчыны" і што яшчэ варта зрабіць “Бацькаўшчыне” ў сучаных умовах для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў?
У цяперашніх варунках нельга вымагаць немагчымага. Найбольш важна, з улікам усіх цяжкасцяў сённяшняга дня, тое, што “Бацькаўшчына” яшчэ існуе. А яшчэ тая вялікая праца, якую “Бацькаўшчына” робіць дзеля прэзентацыі беларушчыны навонкі - хочацца, каб і надалей так было. Надзвычай важна, што “Бацькаўшчына” стараецца захаваць беларускую мову, бо нацыя не можа існаваць без мовы.
Прапануем сябрам Згуртавання далучацца да бліц-апытання! Свае адказы вы можаце дасылаць на адрас zbsb.minsk@gmail.com.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"