Сакрэты “эксклюзіўнага” стаўлення Беларусі да сваіх герояў у дзвюх частках

Частка 1: Дыскусія кампаніі “Будзьма!” у Пружанах

 Мы радуемся перамогам “БАТЭ” і Дар’і Домрачавай, а вось першы Нобель па літаратуры чамусьці не ва ўсіх выклікае такое аднадушша. Марк Шагал стаў вядомым ва ўсім свеце, і толькі на радзіме, у Беларусі, ягонае імя доўгі час не вымаўлялася. Чаму беларусы не цэняць сваіх герояў? З гэтым пытаннем кампанія “Будзьма беларусамі!” на чале з экспертам, пісьменнікам Віктарам Марціновічам, прыехала ў Пружаны і Брэст.

 Першае афлайнавае ток-шоў прайшло ў шляхетных інтэр’ерах “Пружанскага палацыка” ў атачэнні карцінаў у цяжкіх рамах, рыпучых лесвіц і паляўнічых трафеяў. Пагаварыць пра беларускіх культурных герояў прыйшлі інтэлігентныя жыхары Пружанаў розных пакаленняў: і сур’ёзныя засяроджаныя навучэнцы каледжа, і мясцовыя краязнаўцы і журналісты, а найстарэйшаму ўдзельніку дыскусіі было 92 гады.

Чаму культурныя героі не яднаюць беларусаў і хто ў гэтым вінаваты: савецкае мінулае, улады, якія адрынаюць “дрэнных сыноў”, або ўсё-такі мы самі? Віктар Марціновіч як чалавек, які абараніў па шагалаўскай тэме доктарскую дысертацыю, а цяпер і аўтар кнігі “Родина: Марк Шагал в Витебске”, што друкуецца ў Вільні, а неўзабаве выйдзе таксама ў расійскім выдавецтве, пачаў размову з біяграфіі Марка Шагала. Але гаворка атрымалася шырэйшай, і ў яе ўпляталіся ўсё новыя прозвішчы – Забэйда-Суміцкі, Міцкевіч, Драздовіч, Жукоўскі, Орда.

http://budzma.by/wp-content/gallery/pruzhany/DSC_3655.jpg

Чаму Шагал называў сябе рускім мастаком?

– Да самай смерці ва ўсіх аўтабіяграфіях Шагал пісаў: “Я рускі”. У Альберціне ягоная творчасць экспануецца ў зале, прысвечанай рускаму мастацтву. І гэта стала аксіёмай, – кажа Віктар Марціновіч. – Шагал нарадзіўся ў Віцебску. Часта кажуць, што ён з Лёзна, і нават сам Шагал з нейкай цьмянай прычыны ў анкеце, якую запаўняў у ЗША, уласнаручна пісаў, што месца ягонага нараджэння – Лёзна. Але захаваўся дом у Віцебску, дзе ён правёў дзяцінства, ёсць метрычныя запісы. Навучаўся ён таксама ў Віцебску ў Егуды Пэна. Пасля пераехаў у Пецярбург, дзе вучыўся 2-3 гады. Пасля гэтага ў 1910 годзе з’ехаў у Парыж дзякуючы падтрымцы знанага ліберальнага юрыста таго часу Максіма Вінавера, які даў яму асабістую стыпендыю. Яна дазволіла Шагалу вучыцца, капіяваць луўрскія шэдэўры і жыць у знакамітым Вуллі на Манпарнасе. У 1914 годзе ён пакінуў Парыж і паехаў у Віцебск, прычым толькі для таго, каб ажаніцца з Бэлай Разенфельд, дачкой знанага віцебскага ювеліра, а потым вярнуцца ў Парыж. Але 1914 год быў непрыдатным для вандровак, бо пачалася вайна. У Шагала канфіскавалі пашпарт, і ён фактычна быў заціснуты Віцебскам да 1920-га. Пасля з’ехаў у Маскву, і адтуль у 1922 годзе адбыў назаўсёды з СССР у Парыж. Потым былі Нью-Ёрк, Ерусалім. Але прынцыпова, што ў Расіі ён правёў усяго пяць гадоў свайго жыцця. То бок выглядае, што Шагал быў беларуска-французскім мастаком, а ніяк не французска-рускім.

Але праз тое, што БССР у канчатковых сваіх межах паўстала ў 1924 годзе, калі Шагал быў ужо ў Парыжы, ён беларусам сябе лічыць не мог. У 1918-м склалася БНР, але яна не ўключала Віцебскі павет. Для Шагала родным быў Віцебск – горад на ўскрайку паўночна-заходняй губерні савецкай Расіі.

– Не было яшчэ такой беларускай свядомасці, – устаўляе жанчына з другога шэрагу.

– Першая выснова, якую можна зрабіць, – нам бракуе беларускай самасці, з часоў Багушэвіча нам не стае ўсведамлення, што мы ўсё-такі не рускія, – пагаджаецца Марціновіч. – Як вядома, Шагал стварыў у Віцебску Музей сучаснага мастацтва. У гэтым музеі, з’язджаючы, ён пакінуў каля 35 прац розных сучасных яму мастакоў, у тым ліку дзве ці тры сваіх працы. Сёння гэтыя працы каштавалі б 20 мільёнаў даляраў, калі б былі знойдзеныя і прададзеныя. Але ўсё, што было ў гэтым музеі, знікла. У Беларусі нічога не засталося. Больш за тое, мы маем сведчанні, што працы Шагала яшчэ пры яго жыцці ў Віцебску распрадаваліся на палотны для вучнёўскіх прац. Такім чынам, калі мы зараз знойдзем працы гадаванцаў вучэльні, саскробшы вучнёўскі алей, мы пабачым фрагменты страчаных назаўсёды прац Шагала. Ва ўсіх сусветных культурах ад кітайскай да паўночна-амерыканскай ёсць культ настаўніка, таму такая сітуацыя была вельмі дзіўнай для творчага асяродку.

http://budzma.by/wp-content/gallery/pruzhany/DSC_3856.jpg

“Шагал – папросту злодзей”

– Але больш за ўсё ўражвае гісторыя пра тое, што з імем Шагала адбывалася ў 1987 годзе, – працягвае Марціновіч. – У СССР пачалася перабудова, і ў Маскве ў “Аганьку” пачалі пісаць пра сталінскія рэпрэсіі, пра мастакоў эміграцыі, выдавалі дзённікі Буніна, згадвалася прозвішча Набокава, тады ж сталі пісаць і пра Шагала. Ён ужо на той час два гады як памёр. У Маскве была зладжаная ягоная выстава. Паэт Андрэй Вазнясенскі вельмі сімпатызаваў Шагалу і апублікаваў у тым жа “Аганьку” артыкул пра дзіўнага і забытага ў БССР мастака. Тут трэба зазначыць, што на імя Шагала ў БССР была накладзеная сапраўдная забарона, яно не згадвалася нават у профільных энцыклапедыях, прысвечаных Віцебскай вобласці, а калі пісалі пра народную вучэльню, то ініцыятыву яе стварэння прыпісвалі органам мясцовай улады.

Дык вось, калі імя Шагала пачалі рэабілітаваць з Масквы, у беларускіх партыйных эліт гэта выклікала проста алергію. У 1987 годзе выдаваўся часопіс “Политический собеседник”, там выйшаў артыкул, дзе сцвярджалася, што Марк Шагал – ні разу не сын беларускага народу, а папросту злодзей: ён раскраў маёмасць сядзібы Вішняка, у якой якраз тая вучэльня была. Больш за тое, ён браў у сваіх навучэнцаў грошы за “адмазванне” іх ад Чырвонай арміі. Як вы думаеце, у якім годзе выйшаў апошні артыкул у Беларусі, у якім Шагала называлі злачынцам?

http://budzma.by/wp-content/gallery/pruzhany/DSC_3739.jpg

2003 год, у дзяржаўнай газеце выйшаў вялікі выкрывальны артыкул, дзе пераказваліся тэзы з “Политического собеседника”. І фактычна да 2012 года, гэта значыць, праз 20 гадоў пасля сваёй смерці, Шагал усё яшчэ быў пад забаронай. Кандыдацкія, доктарскія па ім абараніць у Беларусі было немагчыма. У Віцебску ўзнікла кола энтузіястаў, якія спрабавалі прасунуць гэтае імя, але гэта ні да чаго не прыводзіла. З вялікай цяжкасцю ўдалося музеефікаваць будынкі, якія належалі вучэльні ці дому Шагала. Ні ў Мінску, ні ў іншых гарадах дагэтуль няма вуліцы Шагала.

– Нічога дзіўнага, – зноў выказалася адна з удзельніц, – у нас тая самая савецкая палітыка працягваецца і сёння.

– Якім чынам гэта працавала для камуністычных уладаў, я магу патлумачыць, – адказвае Віктар Марціновіч. – Справа ў тым, што паколькі Ізраіль не далучыўся да палітыкі CCCР на Бліжнім Усходзе, то познія савецкія эліты былі антысеміцкія, таму не маглі ўспрымаць Шагала. А Беларусь была ў гэтым сэнсе “Вандэяй перабудовы”, як яе называў Алесь Адамовіч. Але ўсё, што адбывалася пасля 1991-га з набыццём незалежнасці, – гэта для мяне цуд. Ні ўлады, ні інтэлігенцыя яго па-ранейшаму не прымалі. Бо ён быў габрэем, ён не быў беларускамоўным, не быў сімвалам беларускасці, і таму беларуская інтэлігенцыя таксама яго адрынала.

– Зразумела, чаму. Бо мы яшчэ недаспелі, мы яшчэ сваё беларускае не паспелі адстаяць, выдатных беларусаў прыняць сэрцам. А габрэйскае пытанне – гэта ўжо другая прыступка. Як гаворыцца, тое, што баліць, – тое першаснае, – зноў пракаментавала слухачка.

 http://budzma.by/wp-content/gallery/pruzhany/DSC_3804.jpg

“Беларуская хвароба эксклюзіі”

 – Як вы думаеце, што робіць мастака беларусам? – пытаецца Марціновіч.

– Тэмы, – здагадваюцца ў зале.

– Калі Станіслаў Жукоўскі прыехаў у Польшчу, палякі арганізавалі ягоную вялізную выставу і сказалі: не, усё-такі рускі, бо ён так натхнёна пісаў гэтыя рускія прасторы, пейзажы.То бок тэма не заўжды вызначае, – кажа спадарыня Алена, старшы навуковы супрацоўнік музея, заадно дадаўшы, што ў “Палацыку” летам была выстава арыгіналаў Жукоўскага.

– Для мяне Жукоўскі – арыгінальны прыклад мастака, які паспеў напісаць інтэр’еры беларускіх маёнткаў. Многія ягоныя карціны датаваныя 1916–1917 гадамі. Вы ўявіце сабе: 1916 год, упрыгожаная ёлка, водбліскі нейкага чырвонага агню на шкле, ясна, што гэтай прыгажосці засталося жыць тры-чатыры месяцы. Неўзабаве ў гэтыя маёнткі прыйшлі з віламі, і цяпер мы бачым ад іх выключна сцены. У гэтым сэнсе Станіслаў Жукоўскі для мяне – бясспрэчны цуд беларускага жывапісу.

– Ён як прарок выступаў, у ягоных карцінах ёсць гэтая нуда па тым, што яшчэ не адбылося, але ўжо чытаецца, ён прадказвае канец эпохі. Жукоўскі, Шагал, Забэйда-Суміцкі, можна падстаўляць розныя імёны – гісторыі аднолькавыя, – заўважае спадарыня Алена.

– Або Орда, – дадае Марціновіч.

– Так, – падхоплівае зала, – тая ж гісторыя з Напалеонам Ордам, і таксама Парыж…

– Ёсць два спосабы працы з гістарычнай спадчынай, – вядзе далей рэй Віктар Марціновіч. – Першы – “інклюзіўны”, калі мы стараемся пераймаць усё, што нам прапануецца. То бок калі мы бачым дзеяча, які можа быць беларускім, мы разглядаем яго як свайго. Другі спосаб – “эксклюзіўны”, калі мы кажам: гэта не беларус. Жукоўскі не беларус, Напалеон Орда не беларус – так, ён пісаў нашыя маёнткі, але размаўляў ён па-польску, які ж ён беларус? І мне здаецца, гэта гістарычна беларуская хвароба – хвароба эксклюзіі, хвароба выключэння. Звычайна яна бывае ў старых багатых культурах – як, скажам, італьянская, калі ёсць перавытворчасць культурных артэфактаў, у гэтым выпадку права называцца італьянскім мастаком трэба заслужыць. Але ў нас так мала імёнаў у ХХ стагоддзі, што выкідаць Шагала – гэта злачынства. Чаму беларусы хворыя на экслюзію?

– Савецкі перыяд усё перакрэсліў, і калі мы набываем беларускасць, то не дзякуючы, а насуперак дзяржаве. Прыходжу ў школу, там дзеткі чытаюць Ясеніна. Ясенін – гэта цудоўна, калі школа ў Разані ці недзе пад Масквой. Але гэта пружанская школа, дзе ж нешта нашае ў праграмах? – абураецца жанчына.

http://budzma.by/wp-content/gallery/pruzhany/DSC_3747.jpg

“Да мастакоў ставімся як да цацак – свае-чужыя”

– У 2012 годзе “Белгазпрамбанк” (а вы разумееце, што такое “Газпрам”) набыў у сваю калекцыю два творы Шагала, у 2013-м яшчэ некалькі. Набываць пастэль за тыя грошы даволі спрэчна, аднак дзякуючы гэтаму ўпершыню ў Беларусі дакументавана з’явіліся каляровыя творы Шагала, – распавядае Віктар Марціновіч. – Тады банк зладзіў выставу “Мастакі парыжскай школы” ў Нацыянальным мастацкім музеі, і праз тое, што пачалася хваля рэкламных публікацыяў, па ўсіх каналах прайшлі рэкламныя сюжэты, “Белгазпрамбанк” паўплываў на тое, што ў нас узнік наш культурны герой. Мне бачыцца ў гэтым вялікі парадокс. Але, магчыма, нашую маленькую нацыю, якая знаходзіцца ў працэсе сталення, толькі так і можна было з’яднаць.

У дыскусіі з’яўляецца супрацьлеглае меркаванне:

– Нічога страшнага, калі беларусы перажывуць гэты перыяд спакойна, і, можа, не трэба называць плошчу імем Марка Шагала. Навошта абавязкова ставіць шыльды? – гучыць ціхая рэпліка спадарыні з залы. – Справа зусім не ў гэтым: калі Марк Шагал – гэта мастак сусветнай велічыні, то мы мусім разумець яго творчасць. А калі дзеці не разумеюць ягонай творчасці, то назаві ты вуліцу імем Марка Шагала ці кагосьці іншага – няма сэнсу. Мастацтва ўздзейнічае на душу, і да гэтага трэба дарасці. Мы не ганарыстыя, нам не трэба збіраць, прысвойваць герояў.А пройдзе час, і нехта, паглядзеўшы на карціны Шагала, падумае: як здорава, а гэта ж мой зямляк! Мы не раскідваемся імёнамі, а проста па-іншаму разумеем жыццё, і гэта таксама частка нашага менталітэту.

http://budzma.by/wp-content/gallery/pruzhany/DSC_3793.jpg

– Мне здаецца, што мы часта скочваемся да спрэчак, як у пясочніцы – нашае-не нашае, маё-чужое. Да мастакоў ставімся, як да цацак – чые яны? Якая розніца, якую мастак мае нацыянальнасць ці грамадзянства? – падтрымлівае жанчыну мясцовы журналіст.

– Сёлета было рашэнне райвыканкама назваць вуліцу імем Юзафа Крашэўскага, а 70 адсоткаў людзей у Пружанах, не ведалі, хто гэта такі, хаця ягоная сядзіба знаходзілася за 12 кіламетраў. А калі яны будуць жыць на гэтай вуліцы, то, можа, зацікавяцца, хто ж такі Крашэўскі – паляк ён ці беларус? – лічыць дырэктар “Палацыка” Юрый Зялевіч.

– Далёка не ўсе ўспрымаюць мастацтва Шагала, нават ля ягоных карцін у музеі можна пачуць нешта накшталт: “О, а чо гэтыя габрэі такія крывыя і лётаюць? Я б лепш намаляваў!” Але гэта сусветна вядомы мастак! І калі ёсць плошча ці вуліца імя Шагала, то гэта як бы даводзіць: абы кім вуліцы не называюць, звярніце ўвагу, людзі, – гаворыць Марціновіч. – Заўжды, каб зразумець мастацтва, трэба прыкласці трохі высілкаў, а для гэтага трэба мець пэўную оптыку. Дарэчы, у Віцебску помнік ужо ёсць, і дзякуй за гэта сучаснасці. Усталяваннем помнікаў дзяржава падштурхоўвае нас да таго, каб мы ставіліся сур’ёзна. Тое самае магу сказаць пра Алексіевіч. Часта чую меркаванні: а якая яна беларуска? Яна ж па-руску піша. І ўвогуле, яна журналістка, а не пісьменніца. Чалавек адзначаны найвышэйшай узнагародай па літаратуры ў свеце, вышэйшай быць не можа. Калі ты кажаш, што яна не літаратар, ты не разумееш, што такое літаратура.

Гаворка перайшла да тых, каму ў Беларусі ўсё ж дастаецца афіцыйнае прызнанне:

– Ордэнам Францыска Скарыны быў узнагароджаны Віктар Дробыш, гэтая падзея шакавала мінскую інтэлігенцыю, – згадвае Марціновіч. – А каго б з дзеячаў беларускай культуры вы б узнагародзілі гэтым ордэнам?

– Далёка хадзіць не трэба – Алексіевіч!

– Ніл Гілевіч!

– Я б даў Паўлу Латушку, першы дзяржаўны кіраўнік, які пачаў размаўляць на беларускай мове.

– А я б “Песнярам”. Або Кірчуку. Ці Вайцюшкевічу.

http://budzma.by/wp-content/gallery/pruzhany/DSC_3820.jpg

Напрыканцы размовы ў Пружанах праз развагі пра культурніцкіх героях праступіў цікавы парадокс: у нашай краіне, ужо знакамітай сваім “вяршэнствам парадку”, са стаўленнем да выбітных землякоў адбываецца поўны… хаос: мы выкідаем з памяці сусветна прызнаных геніяў, народжаных на нашай зямлі, і ў той жа час хутка і лёгка пачынаем ганарыцца сваімі пасля іх прызнання за мяжой, і лепш, каб гэта было бачна ў тэлевізары. 90% беларусаў размаўляюць па-руску, а беларускамоўныя нобелеўскага лаўрэата не прызнаюць сваім акурат праз рускую мову. Не кажучы ўжо пра тое, што ўзнагароду імя найвялікшага асветніка ў беларускай гісторыі атрымліваюць людзі, якія пастаўляюць з маскоўскіх студый гуказапісу тое, што “піпл хАвае”.

А ў які бок павярнулася дыскусія ў Брэсце, чытайце ў наступным матэрыяле.

Аляксандра Дорская, фота Марыны Серабраковай