Да 25-гадовага юбілею арганізацыі Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звярнулася да некаторых сябраў Рады з чатырма невялікімі пытанні. Прапануем вам адказы Алега Рудакова - руплівага беларуса Прыбайкалля, заснавальніка Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, актыўнага сябра Моладзевага клуба “Крывічы”, што ў Іркуцку, намесніка старшыні Федэральнай нацыянальнай культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі".
1) Які найбольш уражвальны момант вы можаце згадаць з тых часоў, калі паўставала “Бацькаўшчына”?
Калі паўставала “Бацькаўшчына”, я служыў афіцэрам у войску, і чуў пра гэтыя падзеі толькі з публікацыі ў газеце “Літаратура і Мастацтва” якую выпісваў у Іркуцку. Мне, безумоўна, было вельмі прыемна, што беларусы ўсяго свету вырашылі з’яднацца. Але ў той час я не разважаў, што далучуся да гэтага руху. Аднак лёс наканаваў і мне спрычыніцца да гэтай справы. Больш за ўсё тады мяне ўражвалі тыя актуальныя артыкулы, якія друкаваліся ў газеце “Літаратура і Мастацтва”. У некаторых палемічных момантах нават узяў удзел і я. Я дасылаў свой погляд у газету…
2) Знаёмства з якімі людзьмі ў кантэксце тых падзеяў стала для вас знакавым і чаму?
У 1995 годзе на запрашэнне Барыса Пятровіча Сачанкі – адказнага сакратара газеты “ЛіМ” - я прыехаў у Мінск. Спадар Барыс мяне пазнаёміў з прафесарам Вільтоўскім, а той запрасіў на 4-ты З’езд ТБМ і нават прапанаваў выступіць у спрэчках, выказаць свой погляд на тое, як змянілася Беларусь, бо я не быў на Радзіме ўжо больш за два гады… Я падрыхтаваўся. Выступаў пасля палымянай прамовы Зянона Пазьняка. Але выступ той быў для мяне знакавым, бо пасля яго да мяне кулуарна падыходзілі і знаёміліся шматлікія розныя людзі: і прафесары, і літаратары, і палітыкі і інш. Я нават не трапіў на абед, бо ўвесь перапынак вёў з кімсьці размовы. Тады я пазнаёміўся з Міколам Статкевічам, Радзімам Гарэцкім і інш. Пасля гэтага З’езду я прыехаў і пачаў збіраць беларусаў Прыбайкалля...
3) Пералічыце тры найбольш важныя, на ваш погляд, дасягненні "Бацькаўшчыны".
- Сайт і бюлэтэнь “Бацькаўшчыны”.
- Кампанія “Будзьма беларусамі!”.
- Выданне кніг.
4) Якія тры рэчы, на вашую думку, варта зрабіць “Бацькаўшчыне” ў сучаных умовах для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў?
- У век глабалізацыі – нацыянальная ідэнтычнасць можа захавацца толькі пры адной умове, калі беларусы будуць адраджаць, захоўваць і развіваць сваю традыцыйную нацыянальную культуру. Гэта можна зрабіць толькі пры ўмове правядзення нацыянальных абрадавых святаў у выглядзе не дробнай тусоўкі, а агульнага масавага фэсту. Гэта мы робім у Іркуцку. Праз нацыянальныя святы, якія мы ладзім з інтэрактывам (песні, танцы, культ нацыянальных строяў, культ нацыянальных рамёстваў), усё гэта дае магчымасць зацікавіць моладзь, якой якраз у будучыні і трэба будзе працягваць працу па захаванні нацыянальнай адметнасці.
- Акрамя З’езду, Бацькаўшчыне трэба ўзяцца за правядзенне “Беларускага Кірмаша” – няхай адзін раз на тры гады, але гэта не толькі фестываль беларускай песні, але і майстар-класы па рамёствах, майстар-класы па танцах, па інтэрактыўным вывучэнні беларускай мовы і да таго падобнага…
- Лічу, што прыйшоў такі час, калі трэба вылучыць маладзёвае крыло “Бацькаўшчыны” – дзеля гэтага правесці Першы беларускі ўсясветны маладзёвы з’езд (БУМЗ) – які зробіць аналіз пытання далучэння моладзі ў розных краінах і ў метраполіі да беларускага руху. А таксама распрацуе асноўныя кірункі дзеля дасягнення гэтай мэты.
Прапануем сябрам Згуртавання далучацца да бліц-апытання! Свае адказы вы можаце дасылаць на адрас zbsb.minsk@gmail.com.