Сёлета 10 верасня Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” споўнілася 25 гадоў. Чвэрць стагоддзя Згуртаванне працуе дзеля кансалідацыі беларусаў незалежна ад месца пражывання на грунце любові да нашай супольнай гісторыі, культуры, роднай мовы. Дасягненні беларусаў замежжа — неад’емная частка нашай супольнай гісторыі і сучаснасці, нашай культуры. Яны вартыя вывучэння і папулярызацыі. Справы і творы народжаных у Беларусі мастакоў, пісьменнікаў, кампазітараў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў ды звычайных беларусаў ва ўсе часы ўплывалі і працягваюць уплываць на фармаванне ўяўленняў пра беларускую нацыю ў свеце. А што самі жыхары сённяшняй Беларусі ведаюць пра нашых замежных суайчыннікаў?
Каб разумець, якімі праз суродзічаў за мяжой нас бачыць свет, і з нагоды свайго юбілею Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абвяшчае конкурс працаў, прысвечаных гісторыі і сучаснасці беларускага замежжа.
Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія тэксты навуковага, навукова-папулярнага, публіцыстычнага характару. Яны могуць быць прысвечаныя розным аспектам жыцця і дзейнасці беларусаў у замежжы, у тым ліку:
- біяграфіям пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, палітыкаў, грамадскіх і іншых дзеячаў, чыё жыццё і творчасць звязаныя з замежжам;
- асэнсаванню творчай спадчыны дзеячаў беларускага замежжа;
- гісторыі масавых эміграцый, перасяленняў беларусаў па-за межы Беларусі;
- гісторыі або сучаснасці беларускай прысутнасці ў асобнай краіне;
- дзейнасці беларускіх дзяржаўных прадстаўніцтваў на Захадзе: Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускай Цэнтральнай Рады;
- дзейнасці асобных беларускіх арганізацый, суполак, калектываў, сродкаў масавай інфармацыі;
- сацыяльным, эканамічным, культурным аспектам існавання беларускага замежжа.
У склад журы конкурсу ўваходзяць сябры Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”:
- Наталля Гардзіенка, гісторык, намеснік дырэктара БДАМЛМ,
- Лявон Юрэвіч, архівіст Нью-ёрскай публічнай бібліятэкі,
- др. Вітаўт Кіпель, старшыня БІНіМа,
- др. Янка Запруднік, сябра ўправы БІНіМа,
- Валеры Герасімаў, загадчык аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Да ўдзелу запрашаюцца як прафесійныя навукоўцы, так і аматары, як сталыя даследчыкі, так і пачаткоўцы з Беларусі і замежжа.
Тэксты павінны быць раней не публікаваныя і напісаныя на беларускай мове.
Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць каштоўныя ўзнагароды, а найлепшыя працы ўдзельнікаў будуць апублікаваныя.
Памер тэкстаў да 1 аўтарскага аркуша (каля 40 тысяч знакаў).
Дасылаць працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай “На конкурс” на адрас: zbsb.minsk@gmail.com да 1 студзеня 2016 г.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”