Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Уладзімір Дудзіцкі

(1911 - 1976?)

 

Уладзімір Дудзіцкі (сапраўднае імя Уладзімір Ермалаевіч Гуцька) - паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

 

Нарадзіўся ў 1911 г. у вёсцы Дудзічы на Міншчыне, вучыўся ў Белпедтэхнікуме, Мінскім вышэйшым педінстытуце, пісаў вершы на беларускай мове. У 1933 г. арыштаваны як нацдэм, высланы на 3 гады ў Сібір. Пасля высылкі па прадпісанню НКУС павінен быў жыць у Віцебску. Экстэрнам здаў экзамен за педінстытут, працаваў настаўнікам, аднак над ім увесь час вісела пагроза арышту. Вымушаны быў пакінуць Беларусь. Перад вайной вярнуўся, уладкаваўся выкладчыкам мовы і літаратуры ў вёсцы Курасоўшчына каля Мінска. Падчас акупацыі жыў у Мінску, працаваў у аддзеле культуры Мінскай гарадской управы, актыўна друкаваўся ў беларускамоўных выданнях. З 1944 г. на эміграцыі. Жыў напачатку ў Германіі, з 1947 - у Венесуэле. Падтрымліваў сувязі з беларусамі, пісьменнікамі-эмігрантамі ў ЗША, затым працаваў на радыёстанцыі "Свабода", у 50-я гады працаваў выкладчыкам рускай мовы ў Блумінтонгскім універсітэце (ЗША, штат Індыяна). Не вытрымаўшы цяжкай настальгіі, выехаў у 1972 г. на Радзіму, і тут след яго губляецца.

Вершы, паэмы, проза, пераклады таленавітага паэта друкаваліся ў многіх эміграцыйных выданнях. Вёў актыўную перапіску з Ю.Віцьбічам. I толькі ў 1994 г. была сабрана і выдадзена ў Нью-Ёрку Беларускім інстытутам навукі і мастацтва яго літаратурная спадчына. У кнігу "Напярэймы жаданням" увайшлі шматлікія вершы, паэмы ("Клятва духу", "Звер двухногі", "Маіх уяў ружовых ранак", "Сцені"), пераклады, проза, публіцыстычныя артыкулы, успаміны. Матэрыял размеркаваны па адпаведных цыклах: "Песні няволі", "Жывое праўдзівае слова", "Да родных, блізкіх і далёкіх", "Глухія шчасьця крокі", "Венецуэля", "З незавершанага" і інш. Валодаючы іспанскай, англійскай, нямецкай мовамі, свае творы У.Дудзіцкі пісаў толькі па-беларуску. Раз і назаўсёды прысягнуўшы Бацькаўшчыне, яе нацыянальным сімвалам, ідэям беларускасці, незалежнасці жыў імі і ў далёкім замежжы. Паэзіі У.Дудзіцкага, тонкага і глыбока-эмацыянальнага лірыка, уласціва трагедыйна-настальгічная афарбаванасць. Лёс пакінутай Радзімы, яе гісторыя, прырода, мова ("Як малітву, цябе ў сусвет панясу Беларускае роднае слова..."), бязмежная туга па родных людзях, становяцца ў яго творчасці асноўнымі тэмамі.

Жорсткая рэчаіснасць - перажытыя рэпрэсіі, вайна, адчужэнне Радзімы парадзілі той "неапеты" свет, камяністыя дарогі, па якіх на выгнанні павінна была ісці муза паэта. Стыль твораў У.Дудзіцкага вылучаецца ўнутраным драматызмам, перажытасцю матэрыялу, афарыстычнасцю фразы, асабліва ў вершах, дзе ён перадае свой журботны настрой, боль сэрца, глыбокі смутак, ён звяртаецца да Бога з малітвамі за Бацькаўшчыну. У паэмах таксама арганічна знітаваліся ўсе гэтыя пачуцці, але ў іх найбольш выразна праяўляецца лірыка і публіцыстыка, споведзь і пропаведзь, трывога за Радзіму, нянавісць да яе заваёўнікаў.

Паэмы У.Дудзіцкага - новая, цікавая з'ява ў беларускай літаратуры XX стагоддзя. У іх па-новаму выяўлены суадносіны сацыяльных эмоцый і індывідуальных перажыванняў, зусім па-новаму раскрываецца паняцце нацыянальнага патрыятызму. Неабходна прыкладаць усе намаганні, улавіць спрыяльны момант у супрацьстаянні больш магутных суседніх дзяржаў, каб вывесці краіну з-пад чужога ўплыву. Выкарыстоўваючы фальклорныя матывы ён пераўтварае ўсё гэта ў грамадзянскі роздум. Высокія катэгорыі: Радзіма-Маці, сям'я, маладосць, старасць, памяць продкаў, праўда, сяброўства, сумленне, вехі гісторыі (асабліва XX стагоддзе), распятая на крыжы пакут Беларусь, у розных аспектах асэнсоўваюцца аўтарам. Лірызм паэзіі У.Дудзіцкага вынікаў з адчування свету, блізкага светаўспрыманню М.Багдановіча. Пра што б ён ні пісаў - любоў да Беларусі як фон, як рэфрэн, як падтэкст гучыць амаль у кожным вершы і паэме.

Творчасць У.Дудзіцкага, цалкам пабудаваная на нацыянальнай тэматыцы і выдатнай беларускай мовай увасобленая ў традыцыйных і літаратурных вобразах. Павандраваўшы не па сваёй волі па свеце, ён увёў у айчыннае мастацтва шмат новых цікавых вобразаў, апісаў адчуванні выгнанца ў іх гранічнай праўдзе. Толькі з другой паловы 90-х ён сваёй творчасцю пачаў вяртацца на Бацькаўшчыну, пакінуўшы запавет сваім суайчыннікам: "Ля родных стрэх шукайце волі", спадзеючыся, што можа нашчадкі здолеюць ажыццявіць яго мару аб уваскрасенні Радзімы.

Уладзімір Дудзіцкі знік пасля прыбыцця ў СССР у 1972 г.

 

Лідзія Савік