10 верасня Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” споўнілася 25 гадоў. З гэтай нагоды чарговы сход Малой Рады Згуртавання, які прайшоў 23 кастрычніка, адбываўся ва ўрачыстай атмасферы ў мінскай кавярні “Netto”.
Сход адкрывалі кіраўнік арганізацыі Алена Макоўская і старшыня Рады Ніна Шыдлоўская, якія адзначылі, што за 25 год “Бацькаўшчына” прайшла складаны шлях, тым не менш, арганізацыя захавалася і актыўна дзейначае, і надалей выконваючы сваю мэту – кансалідуе беларусаў і ў краіне і па-за яе межамі на глебе павагі да гісторыі, культуры і мовы, умацоўвае сувязі Беларусі з яе дыяспарай. Сябры Рады з цікавасцю заслухалі справаздачу пра бягучую дзейнасць арганізацыі, яе дасягненні за апошні год і адносна працы з беларускай дыяспарай, і ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Выступоўцы адзначылі, што ўся дзейнасць арганізацыі штодня асвятляецца праз сайты “Бацькаўшчыны” і кампаніі “Будзьма беларусамі!”, знаходзіць сваё адлюстраванне ў штомесячным бюлетэні. Асаблівую ўвагу звярнулі на 29 кніг, якія былі выдадзены ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” цягам апошніх 11 гадоў — унікальныя зборы твораў дыяспары і даследаванні яе жыцця. Кожная з гэтых кніг – своеасаблівая крыніца інфармацыі для даследчыкаў жыцця і дзейнасці беларусаў замежжа. І асаблівая заслуга ў выхадзе гэтай серыі належыць Наталлі Гардзіенка і Лявону Юрэвічу, нястомным даследчыкам і сябрам “Бацькаўшчыны”.
Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская
Юбілей сёлета напаткаў не толькі “Бацькаўшчыну”, але і аднаго з яе пачынальнікаў -- Валеру Герасімава, якому пад апладысменты быў уручаны падарунак ад Рады яе старшынёй – Нінай Шыдлоўскай.
З нагоды юбілею “Бацькаўшчына” вырашыла правесці конкурс, прымеркаваны жыццю і дзейнасці беларускай эміграцыі. Канцэпцыя, агучаная Наталлей Гардзенкай, была аднагалосна ўхвалена, а ўмовы конкурсу неўзабае з’явяцца на сайце.
Наталля Гардзіенка
Афіцыйная частка пасяджэння скончылася хвілінай маўчання, якой прысутныя аддалі даніну памяці тым, з кім развіталіся сёлета
У цёплай і нязмушанай атмасферы сябры Рады дзяліліся сваімі ўспамінамі пра стварэнне “Бацькаўшчыны”, пра светлыя і радасныя падзеі, пра складанасці і чаканні, абменьваліся думкамі пра будучыню.
Акадэмік Радзім Гарэцкі, прэзідэнт Згуртавання з 1993 па 2001 гг., адшукаў у архівах газетныя публікацыі пра ўстаноўчы сход “Бацькаўшчыны”, які прайшоў 25 гадоў таму ў Доме літаратара. Ён працытаваў вытрымкі з гэтых публікацый, адзначыўшы, што ў той час беларускага адраджэння ў грамадстве панавала эйфарыя, тады кіраўнік дзяржавы – С. Шушкевіч - гаварыў па-беларуску. Першы з’езд беларусаў свету стаў апагеем адраджэння, а ўжо пасля стварэння прэзідэнцкай дзяржавы пачалася барацьба з ідэолагамі, і з’езды праводзіліся з вялікімі цяжкасцямі. “Аднак мы выжылі, жывем і будзем жыць!” - завершыў свой выступ Радзім Гаўрылавіч.
Радзім Гарэцкі: “Мы выжылі, жывем і будзем жыць!”
Наступнай слова трымала Юлія Бураўкіна - жонка паэта Генадзя Бураўкіна, які быў сябрам Рады Згуртавання. Як дзяржаўны дзеяч спадар Генадзь шмат працаваў за мяжой, кантактаваў з тамтэйшымі беларусамі - з Янкам Запруднікам, Масеем Сяднёвым, Наталляй Арсенневай, Вітаўтам Кіпелем, Кастусём Акулай. Юлія Якаўлеўна распавяла, як яна была з ім на гэтых сустрэчах, але ёй, у адрозненне ад мужа, давялося больш камунікаваць з простымі людзьмі, са звычайнымі беларускімі жанчынамі, якія прыбіралі, падавалі на стол, якія вельмі хацелі быць пачутымі, хацелі сказаць, што яны не вінаватыя ў тым, што апынуліся далёка ад Радзімы, што яны не страцілі з ёй духоўнай сувязі. Яны хацелі, каб Юлія Якаўлеўна перадала на Радзіму гэты іх смутак і боль.
“Я ўвесь час адчувала сябе вінаватай, што Радзіма так абышлася з тымі дзяўчаткамі, якія мусілі з’ехаць са сваімі бацькамі”, - згадала Юлія Бураўкіна.
Юлія Бураўкіна: “З’яўленне “Бацькаўшчыны” стала сапраўднай радасцю для тых людзей, якія не страцілі любові да Радзімы”.
Лідзія Савік - адна з пачынальніц Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, даследчыца, якая адкрыла Беларусі імя Барыса Кіта, адзначыла вялікую працу, зробленую Згуртаваннем за 25 гадоў і тое, што і сёння, нягледзячы на цяжкія ўмовы, “Бацькаўшчына” працягвае сваю місію. “Уявіце, што было б, каб не было “Бацькаўшчыны”! - сказала спадарыня Лідзія. - Але “Бацькаўшчына” будзе жыць вечна. І Алена Макоўская з Нінай Шыдлоўскай - тыя жанчыны і таленавітыя кіраўнікі, якія будуць весці яе далей”.
Лідзія Савік: “Давайце змагацца за тое, каб Беларусь стала Бацькаўшчынай!”
Намеснік старшыні Рады Згуртавання Валер Герасімаў асабліва падкрэсліў, што Згуртаванне на паўкрока апярэджвае дзяржаву ў культурнай палітыцы і паказвае ёй узор.
Гаворачы пра няпростыя ўмовы, у якіх “Бацькаўшчына” праводзіць сваю дзейнасць па кансалідацыі беларусаў і захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, спадар Валер прыгадаў, як пры дапамозе “Бацькаўшчыны”, якая падтрымлівае традыцыю правядзення беларускіх гістарычных святаў, ладзілася 500-годдзе бітвы пад Оршай - гэта было ва ўмовах, калі такому святкаванню ладзіліся перашкоды з боку ўладаў.
Валер Герасімаў: “У нас ёсць будучыня, і ў немалой ступені - дзякуючы “Бацькаўшчыне”
Барыс Пятровіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, з якім “Бацькаўшчына” шмат гадоў шчыльна супрацоўнічае, уручыў Згуртаванню падарунак да юбілею. “Прыемна ўсведамляць, што ля вытокаў Згуртавання стаялі і пісьменнікі, а менавіта такія слынныя асобы як Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін”, - сказаў спадар Барыс. І гэта сапраўды вялікі гонар!
Барыс Пятровіч: “Бацькаўшчына ўзяла на сябе функцыю, якую не захацела ўзяць на сябе беларуская дзяржава - усталяванне сувязяў з беларусамі замежжа”.
Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы, з якім Згуртаванне таксама мае багаты і добры досвед супрацы, уручыў Алене Макоўскай падзяку Згуртаванню ад ТБМ за адраджэнне і пашырэнне беларускай мовы. “Мова - гэта тое, што можа нас усіх аб’яднаць”.
Алег Трусаў: “Дзякуючы “Бацькаўшчыне” пра Беларусь даведаліся ў многіх краінах”
Адзін з заснавальнікаў кампаніі “Будзьма беларусамі!” і старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч пажартаваў: “Бацькаўшчына” - гэта ценявое Міністэрства замежных спраў”. Спадар Антон паведаміў, што ў шчыльным супрацоўніцтве са Згуртаваннем Таварыству ўдалося зрабіць вельмі шмат і на дыску перадаў кіраўніцтву арганізацыі творчую справаздачу пра зробленае, а таксама ўручыў ганаровы дыплом ад Таварыства аховы помнікаў “за важкі ўнёсак у захаванне культурнай спадчыны беларускага замежжа”.
Антон Астаповіч: “Вельмі шмат зроблена дзякуючы менавіта “Бацькаўшчыне” і толькі ёй.
Сталы сябра Рады Згуртавання Леанід Лыч заклікаў сур’ёзна заняцца напісаннем гісторыі Згуртавання і адзначыў, што з кожным годам нацыянальная ідэнтычнасць усё больш размываецца. Ён згадаў, што быў час, калі ён саромеўся называць сябе беларусам, і толькі прыйшоўшы да беларускасці, да беларускай мовы, пачаў заяўляць пра сябе як пра беларуса.
Леанід Лыч: “Бацькаўшчыну” стварыла эпоха - і дай Божа, каб гэтая эпоха яшчэ прыйшла да нас, каб яна не пазнілася”.
Натхненнем, узрушаннем, шквалам шчымлівых пазітыўных эмоцый стала музычнае віншаванне напрыканцы імпрэзы ад музыкі Зміцера Вайцюшкевіча, які ўпрыгожыў вечар песнямі на словы беларускіх паэтаў.
Зміцер Вайцюшкевіч
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"