Да 25-гадовага юбілею арганізацыі Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” папрасіла некаторых сяброў адказаць на чатыры невялікія пытанні. Прапануем вам адказы Петруся Капчыка, старшыні беларускай суполкі “Зорка Венера” з украінскага Ізяслава.
Які найбольш уражвальны момант вы можаце згадаць з тых часоў, калі паўставала “Бацькаўшчына”?
Першы з’езд беларусаў свету ў ліпені 1993 года!!!
Знаёмства з якімі людзьмі ў кантэксце тых падзеяў стала для вас знакавым і чаму?
З беларусамі ЗША, Канады і Аўстраліі, са Станіславам Шушкевічам, Зянонам Пазьняком, Віктарам Шалкевічам, Р. Гарэцкім, Быкавым - і гэты спіс можна доўжыць: Я. Лецка, Б. Стук, Л. Савік, А. Белы, Л. Пеціна...
Пералічыце тры найбольш важныя, на ваш погляд, дасягненні "Бацькаўшчыны".
- Першы з’езд беларусаў свету;
- аб’яднанне беларускамоўных беларусаў свету вакол ідэі захавання сябе як нацыі;
- працягваць існаваць Згуртаванню ў неспрыяльных умовах - за адсутнасцю матэрыяльнай і маральнай дапамогі з боку дзяржавы.
Якія тры рэчы, на вашую думку, варта зрабіць “Бацькаўшчыне” ў сучаных умовах для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў?
Для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў патрэбна нацыянальная беларуская дзяржава з адной дзяржаўнай мовай, усе іншыя "патугі" так і застануцца, прабачце, патугамі. Даваць парады ў мяне няма жадання, таму што гэта ўсё роўна не будзе выканана: я добра ведаю стан рэчаў у краіне з мовай, культурай, адукацыяй і сродкамі масавай інфармацыі, прабачце!.. Маю душу грэе думка, што недзе ў Мінску на вул. Кузьмы Чорнага знаходзіцца "выспа беларускасці" ў амаль цалкам ужо зрусіфікаванай краіне, дзе я нарадзіўся і рос - ЗБС "Бацькаўшчына" і Саюз беларускіх пісьменнікаў, і дзякуй Пану Богу, што вы ёсць у нас, беларусаў замежжа, вы - наша надзея і спадзеў, што "хоць нас і небагата, але мы ёсць", і русіфікатарам патрэбна пра гэта памятаць!!!
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!!!
Прапануем сябрам Згуртавання далучацца да бліц-апытання! Свае адказы вы можаце дасылаць на адрас zbsb.minsk@gmail.com.