Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Кастусь Акула

(1925-2008)

 

Кастусь Акула (сапраўднае імя Аляксандр Ігнатавіч Качан) - празаік, паэт, драматург.

Нарадзіўся ў 1925 г. у вёсцы Верацеі Вілейскага павета (цяпер Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.). З прыходам бальшавікоў бацька быў рэпрасаваны і загінуў у ГУЛАГу. А.Качан вучыўся спачатку ў польскай, затым у расійскай школах, падчас нямецкай акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Глыбокім (1942), некаторы час працаваў настаўнікам сямігодкі ў в. Порплішчы. У 1943 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1944 - у афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны (БКА), пераехаў у Мінск, адкуль пачалося выгнанне. Беларускія салдаты БКА апынуліся ў Эльзасе, перайшлі на бок французскага Супраціўлення, затым ваявалі супраць немцаў у Другім польскім корпусе генерала Андэрса 8-й Брытанскай арміі, якая знаходзілася ў Італіі, удзельнічалі ў славутай бітве пры Монтэ-Касына, дзе загінула шмат беларусаў. Аляксандр Качан быў узнагароджаны медалём "За вайну", "Залатой Зоркай Італіі". Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію. Пасля вайсковай службы прыехаў у Англію, а ў чэрвені 1947 г. эміграваў у Канаду. Адбыўшы двухгадовы кантракт на сельскагаспадарчых работах, ён пераехаў у Таронта.

Кастусь Акула пайшоў з жыцця на 83-м годзе пасля цяжкай хваробы 29 студзеня 2008 года.

Кастусь Акула з'яўляецца адным з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў далёкім замежжы. Грамадскай працай пачаў займацца яшчэ ў Нямеччыне, працаваў у беларускай газеце "Бацькаўшчына", якая пачала выходзіць у Мюнхене. Там жа пачаў пісаць і друкавацца ў розных беларускіх эмігранцкіх выданнях. У Канадзе шмат часу аддаваў арганізацыі беларускіх суполак, заснаванню царквы ў Таронта, працы ў нядзельных школках, рэдагаванню часопіса "Зважай", супрацоўніцтву з беларусамі ЗША, рускамоўнымі эмігранцкімі часопісамі. К.Акула быў адным з арганізатараў Згуртавання беларусаў Канады і яго першым старшынёй. Наладжваў выпуск штомесячнай газеты "Беларускі эмігрант", праз якую трымалі сувязь з беларусамі, расселенымі па іншых месцах Канады. Нязменны ўдзельнік, ініцыятар нацыянальных святаў, фэстаў, сходак з нагоды тых ці іншых палітычных падзей на Бацькаўшчыне, арганізатар антыкамуністычных акцый як на беларускім, так і на міжнацыянальным франтах.

Аднак самае галоўнае - Кастусь Акула - найперш пісьменнік, талент якога пачаў праяўляцца ў маладыя гады яшчэ на Бацькаўшчыне. Раннія вершы К.Акулы друкаваліся падчас вайны ў мінскай "Беларускай газэце", у "Голасе вёскі" пад псеўданімам Міхась Козыр. Ужо тады ён, прысягнуўшы на вернасць Бацькаўшчыне, заклікаў беларуса змагацца, \"мець гонар палегчы за вольнасць дзяцей". Вершы праходзілі праз рукі Ф.Аляхновіча, які, пасля неспадзяванага вызвалення з салавецкага ГУЛАГу, жыў у Вільні, падтрымліваў маладога аўтара. Пазней, ужо на эміграцыі, Алесь Качан шмат піша артыкулаў, нарысаў, фельетонаў і змяшчае іх у эмігранцкіх выданнях пад псеўданімам Кастусь Акула, які стаў яго пастаянным прозвішчам. Ён амаль цалкам пераходзіць да жанру прозы, хаця іншы раз з'яўляюцца і вершы, як водгук на востранадзённыя праблемы беларускай рэчаіснасці.

Асноўныя празаічныя творы Кастуся Акулы - раман "Змагарныя дарогі" (1962), трылогія "Гараватка" - носяць выразна аўтабіяграфічны характар, ідэйна аб'яднаны вобразам галоўнага героя, які, хоць і мае розныя прозвішчы - Янук Бахмач ("Гараватка"), Сымон Спарыш ("Змагарныя дарогі") - аднак ягоны лёс (вясковае дзяцінства, ранняе юнацтва, вучоба, смерць маці ад кулі польскага асадніка, цяжкае жыццё бацькі, вайна, выгнанне, чужыя дарогі Еўропы) шмат ў чым нагадвае лёс самога пісьменніка. Калі раман "Змагарныя дарогі" - першы ў беларускай прозе твор на забароненую ў савецкія часы тэму - апавядае пра лёсы беларусаў БКА, якія ваявалі супраць немцаў у шэрагах брытанскіх, польскіх, французскіх, італьянскіх атрадаў, і якія прайшлі ад Мінска і Вільні да Монтэ-Касына і гінулі, несучы ў сэрцах сваю Радзіму-Беларусь, то "Гараватка" звернута да традыцыйнай у нашай літаратуры тэмы жыцця сялянства. Аўтар бачыць і раскрывае жывую душу народа ў тых простых, звычайных беларусаў, побач з якімі жыў, сталеў ён сам. Сярод іх былі змагары за волю і незалежнасць, вясковыя мудрацы, таленавітыя мастакі-самародкі, паэты і казачнікі, стваральнікі народнага мастацтва, самабытныя творцы, народныя асілкі-волаты, якія з'яўляліся той жыццядайнай сілай, тымі ўстойлівымі карэннямі, якія жывілі беларускую нацыю, не давалі ёй знікнуць, растварыцца сярод іншых. У трылогіі выкарыстоўвюцца народныя паданні і легенды пра слаўнае мінулае Беларусі. Як сімвал шматпакутнай Бацькаўшчыны паўстае прыгожая, зялёная выспа Гараватка і магутны дуб на ёй, празваны Архіпам. He раз імкнуліся знішчыць яго чужынцы, але народ заўсёды бараніў Архіпа, не даваў падсекчы яго карэнне, і той ужо многія стагоддзі ахоўваў Гараватку і ўсё жывое наваколле.

Раман "За волю" (Таронта, 1991) прысвечаны жыццю нацыянальна свядомай беларускай эміграцыі ў Канадзе. Паралельна аўтар апісвае тыя варожыя сілы, што садзейнічалі расколу ў асяроддзі беларускіх эмігрантаў, агітавалі за вяртанне ў савецкую Беларусь, не грэбуючы ніякімі метадамі - паклёпы, хлусня, крывадушная прапаганда, шантаж, забойствы, запалохванне родных на Радзіме. Раман "За волю" адзіны пакуль што ў беларускай літаратуры распавядае пра жыццё беларусаў у далёкім замежжы. Раману "За волю" папярэднічала кніга "Усякая ўсячына" (1984), у якой К.Акула таксама шмат расказвае пра жыццё беларусаў-эмігрантаў у Канадзе. Гэта найперш камедыя "Тараканы ў саладусе", з гумарам напісаныя "Запіскі Яўхіма Крайняга", нарысы, апавяданні, фельетоны.

К.Акула (адзіны з беларускіх пісьменнікаў замежжа) напісаў раман на англійскай мове "Заўтра - гэта ўчора" ("Tomorrow is yesterday", 1968) пра лёс беларусаў і Беларусі ваеннай і паваеннай пары, паказаны праз пакутніцкі лёс настаўніцы Марыі Каравай.

Мастацкія творы, публіцыстыка К.Акулы ўносяць шмат новага, адметнага, асабліва ў нацыянальна-тэматычньм плане, у сучасную беларускую літаратуру, узбагачаюць, дапаўняюць яе тэмамі, ідэямі, праблемамі, якія не закраналіся ў савецкія часы.